100 год таму Язэп Драздовіч кіраваў у Германавічах вялікім кааператывам «Беларус» і арганізаваў культурна-асветніцкае таварыства «Заранка»

Язэп Драздовіч

Жыццё і дзейнасць вядомага бела­рускага мастака Язэпа Драздовіча былі цесна звязаны з мястэчкам Германавічы і яго ваколіцамі. У той час, калі Язэп Драздовіч вучыўся ў Віленскай школе малявання (1906-1910), яго сям’я жыла ў Стэфанпольскай воласці, арандавала зямлю ў маёнтку Александрыя. У час канікулаў ён хадзіў па роднай Дзсісеншчыне, не раз бываў у Германавічах, Лужках, Чарневічах, Празароках, Язна і іншых месцах. Язэп Драздовіч збіраў народныя песні, прымаўкі, вывучаў у сваім краі гарадзішчы, замкі, курганы-валатоўкі, рабіў іх апісанне (рукапісны зборнік “Дзісенская гістарычная даўніна”).

Язэп Драздовіч, «Дарога на Германавічы», 1917.


Старэйшыя жыхары Германавіч расказ­валі, што сям’я Язэпа Драздовіча пэўны час арандавала зямлю ў фальварку Лявонаўка (за 3 км ад Германавіч). Гэта былі першыя гады пасля Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Ішла грамадзянская вайна. Усюды панавалі разруха, голад.
У 1917-1919 гадах Язэп Драздовіч кіраваў вялікім кааператывам “Беларус”, які арганізаваў у Германавічах. Адначасова ён вёў культурна-асветніцкую дзейнасць. У 1919 годзе стварыў у Германавічах культурна-асветніцкае таварыства “Заранка”. У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь мне ўдалося знайсці пратакол устаноўчага сходу Германавіцкага культурна-асветніцкага таварыства “Заранка” ад 10 сакавіка 1919 года. На сходзе былі разгледжаны наступныя пытанні: выбары членаў праўлення таварыства і рэвізійнай камісіі, назва культурна-асветніцкага таварыства, выпрацоўка статута таварыства і заснаванне бібліятэкі. Чле­намі праўлення тава­рыства абраны 11 чалавек: Язэп Драздовіч (старшыня), Канстанцін Піскуновіч (скарбнік), Ксаверый Бялініс (загадчык бібліятэкі), Кандрацій Протас (сакратар), Іван Лагун (член праўлення) Канстанцін Стэфановіч, Андрэй Арлюкевіч, Ула­дзіслаў Анецька (кан­дыдаты ў члены праўлення) Алена Лукасюк, Антон Вясна, Пётр Кушнер (члены рэвізійнай камісіі).
Паколькі ў раёне мястэчка Герма­навічы магло быць некалькі асобных культурна-асветніцкіх таварыстваў, устаноўчы сход вырашыў даць свайму таварыству назву. Язэп Драздовіч прапанаваў назваць яго “заранка”. Сход ухваліў гэтую прапанову і прыняў яе аднагалосна. Выпрацоўку тэксту статута таварыства ўзяў на сябе Язэп Драздовіч. Сход вырашыў заснаваць бібліятэку з ахвяраваных выданняў і падтрымліваць яе на сродкі таварыства. “Заранка” налічвала ў час свайго заснавання 110 чалавек. У Нацыянальным архіве захоўваецца спіс гэтых членаў за подпісам старшыні праўлення Язэпа Драздовіча. Найбольш ак­тыўнымі членамі таварыства “Заранка” былі Іван Краснадубскі, Канстанцін Піскуновіч, Пётр і Аляксандр Роўды, Ксаверый Бялініс, Іван Кожан, Іван і Маря’н Янцэвічы, Андрэй Рамейка, Ванда Штэрн, Пётр Чайкоўскі, Андрэй Арлюкевіч, Аляксандр Табола, Восіп Паляк, Сцяпан Казак і іншыя.
На паседжанні тава­рыства “Заранка” 30 сакавіка 1919 года былі абмеркаваны наступныя пытанні: прыняцце Статута Культурна-асветніцкага таварыства “Заранка”, прыняцце грамадскай пячаткі “Заранка”; паза­школьнае выхаванне і адкрыццё вячэрніх курсаў для дарослых; пастаноўка спектакля і арганізацыя хору; ахвяраванне кніг у бібліятэку “Заранка”.
Заслухаўшы выпра­цаваны і прачытаны Язэпам Драздовічам Статут і “Поле дзейнасці культурна-асветніцкага таварыства “Заранка”, сход прыняў іх аднагалосна. Была прынята грамадская пячатка з надпісам “Германавіцкая культапрасвета “Заранка”, з адлюстраваннем пяці­канцовай зоркі, ад якой разыходзіліся пром­ні. Пасля дакладаў настаўнікаў Канстанціна Піскуновіча і Кандрація Протаса, а таксама Язэпа Драздовіча і Аляксандра Роўды аб пазашкольным выхаванні сход пастанавіў заснаваць пры першай і другой германавіцкіх школах вячэрнія курсы для дарослых, “без розніцы полу і нацыянальнасці”. Былі дакладна вызначаны дні заняткаў на курсах: у аўторак, чацвер і нядзелю з 17:00 да 19:00 (па старым часе). Навучанне харавым спевам праводзілася па серадах і суботах у тыя ж гадзіны. Першы спектакль вырашылі паставіць на другі дзень Пасхі. Усе члены таварыства павінны былі заклікаць грамадзян ахвяраваць для бібліятэкі кнігі і часопісы. Язэп Драздовіч падарыў бібліятэцы “Заранкі” 10 кніг.
У Германавічах у гэты час дзейнічала таксама культурна-ас­ветніцкае таварыства, заснаванае яшчэ ў студзені 1918 года. Яно па колькасці членаў было ў два разы меншым, чым “Заранка”. Гэтае таварыства таксама адчыніла бібліятэку і чытальню. Члены таварыства чыталі лекцыі, ставілі аматарскія спектаклі, праводзілі літаратурна-музычныя і вакальныя вечары. Была адкрыта вышэйшая пачатковая школа, у якую прымаліся асобы абодвух палоў без розніцы ва ўзросце.
У гэты час стан культурна-асветніцкай работы ў іншых валасцях Дзісенскага павета быў на больш нізкім узроўні. З паведамлення аддзела народнай асветы Шаркоўшчынскай воласці ад 5 студзеня 1919 года даведваемся, што ў воласці не мелася яшчэ культурна-асветніцкіх арганізацый, бібліятэк, чытальняў, школ для непісьменных, народных дамоў. Толькі два разы ставілі спектаклі аматары ў Шаркоўшчыне. Такія ж звесткі ў Дзісенскі павятовы аддзел народнай асветы давалі і іншыя воласці. У тым, што ў Германавічах і ваколіцах культурнае жыццё віравала, набірала моц, безумоўна, заслуга Язэпа Драздовіча і таварыства “Заранка”, якім ён кіраваў.
Мінула 100 гадоў з таго часу, як было заснавана ў Германавічах культурна-асветніцкае таварыства “Заранка”. Вялікія перамены адбыліся за гэты час у Германавічах. Не пазнаць цяпер бы­лое глухое мястэчка. Германавічы сталі агра­гарадком. Пабудаваны Дом культуры, будынак сельсавета і пошты, трохпавярховая сярэдняя школа, якая мае багата абсталяваныя навучальныя кабінеты, бібліятэку. Вялікі выбар кніг і часопісаў ёсць у сельскай бібліятэцы. Працуюць аптэка, некалькі магазінаў, лясніцтва. У Германавічах маюцца тры музеі: дзяржаўны мастацка-этнаграфічны імя Язэпа Драздовіча, школьны гісторыка-краяз­наўчы і прыватны літаратурна-мастацкі. Усе музеі створаны былой настаўніцай рускай мовы і літаратуры Адай Эльеўнай Райчонак. Працуюць таксама ган­чарная майстэрня і культурна-асветніцкі цэнтр імя Язэпа Драздовіча, які штогод праводзіць мастацкі пленэр “Шляхамі Язэпа Драздовіча” пад кіраўніцтвам Ады Эльеўны Райчонак. Прай­шло ўжо 27 пленэраў. Пасля іх правядзення арганізоўваліся выставы карцін мастакоў у гарадах Віцебскай вобласці. Такім чынам, справы Германавіцкай “Заранкі” жывуць і памнажаюцца. І як бы парадаваўся ўсяму гэтаму дзядзька Язэп, калі б змог прайсці знаёмымі дарогамі роднай і блізкай яму Дзісеншчыны.

Язэп Драздовіч, «Старадворскі вадаспуск. Вёска Германавічы на Дзі­сеншчыне», 1923.


Спіс членаў Германа­віцкага культурна-асвет­ніцкага таварыства “За­ранка” (м. Германавічы, сакавік 1919 г.):

  1. Піскуновіч Канстанцін.
  2. Кушнер Пётр.
  3. Лагун Іван.
  4. Белініс Ксаверый.
  5. Драздовіч Іосіф.
  6. Арлюкевіч Андрэй.
  7. Мацвееў Ігнацій.
  8. Фёдараў Анікій.
  9. Табола Аляксандр.
  10. Рымдзёнак Уладзімір.
  11. Фёдараў Мікіта.
  12. Ражноўскі Браніслаў.
  13. Гулько Уладзімір.
  14. Рымдзёнак Аляксандр.
  15. Паляк Восіп.
  16. Курыловіч Аляксандр.
  17. Ярахновіч Уладзімір.
  18. Катовіч Адольф.
  19. Стэфановіч Канстанцін.
  20. Краснадубскі Іван.
  21. Протас Кандрацій.
  22. Стахоўскі Фёдар.
  23. Варахоб Аляксандр.
  24. Лукасюк Алена.
  25. Плехтан Мікалай.
  26. Павульскі Стэфан.
  27. Катовіч Адам.
  28. Катовіч Восіп.
  29. Мядзеліца Ігнацій.
  30. Вясна Антон.
  31. Лагун Генрых.
  32. Лагун Зенус
  33. Сапонька Стэфаніда.
  34. Аблам Марыя.
  35. Роўда Аляксандр.
  36. Вераб’ёў Павел.
  37. Мацвееў Мікіта.
  38. Рубніковіч Аляксандр.
  39. Цярэшка Павел.
  40. Рубніковіч Уладзімір.
  41. Анецька Аўгусцін.
  42. Казак Сцяпан.
  43. Катовіч Анна.
  44. Бяляева Вера.
  45. Баркоўскі Пётр.
  46. Шукст Іван.
  47. Лагун Ігнацій.
  48. Хрол Віктар.
  49. Катовіч Баніфацый.
  50. Анецька Аляксандр.
  51. Янцэвіч Іван.
  52. Рамэйка Андрэй.
  53. Абуховіч Уладзіслаў.
  54. Касевіч Канстанцін.
  55. Баговіч Сцяпан.
  56. Баговіч Фёдар.
  57. Пузырэўскі Ксаверый.
  58. Пузырэўскі Вячаслаў.
  59. Ластаўка Станіслаў.
  60. Шылко Станіслаў.
  61. Лагун Вікенцій.
  62. Хрол Юстын.
  63. Пярковіч Адольф.
  64. Рагоўскі Франц.
  65. Мядзеліца Восіп.
  66. Івашкевіч Вацлаў.
  67. Марозава Ганна.
  68. Хрол Ігнацій.
  69. Курыловіч Пелагея.
  70. Вераб’ёва Антаніна.
  71. Талапіла Восіп.
  72. Катовіч Восіп.
  73. Хрол Іван.
  74. Малахоўская Фёкла.
  75. Івашкевіч Станіслаў.
  76. Рымдзёнак Аляксей.
  77. Шэнда Браніслава.
  78. Рэдзюшка Станіслава.
  79. Хаданёнак Аўгусцін.
  80. Лужкова Роза.
  81. Дзешук Леакадзія.
  82. Арлюкевіч Стэфан.
  83. Жук Антон.
  84. Быкава Соня.
  85. Быкаў Хаім.
  86. Быкава Геня.
  87. Сегаль Соня.
  88. Міндлін Лейба.
  89. Левін Геня.
  90. Малчанаў Іларыён.
  91. Буда Канстанцін.
  92. Атрахімовіч Аляксандр.
  93. Машара Восіп.
  94. Лагун Юльян.
  95. Калмановіч Соф’я.
  96. Шышко Вячаслаў.
  97. Рымчонак Іван.
  98. Кожан Іван.
  99. Янцэвіч Мар’ян.
  100. Піскуновіч Агаф’я.
  101. Роўда Пётр.
  102. Чайкоўскі Пётр.
  103. Мядзеліца Аўгусцін.
  104. Крыўка Ганна.
  105. Роўда Ефрасіння.
  106. Штэрн Ванда.
  107. Врублеўскі Вікенцій.
  108. Буткевіч Юстын.
  109. Катовіч Пётр.
  110. Касевіч Канстанцін.
    Старшыня праўлення (подпіс) І. Драздовіч.
    Таварыш старшыні (подпіс) І. Лагун.
    Скарбнік (подпіс) К. Піскуновіч.
    Сакратар (подпіс) К. Протас.
    Крыніца: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, ф.766, воп.1, адз. Зах. 8, арк 123.

Кліменцій Кожан, м. Германавічы

comments powered by HyperComments

Автор записи: natashasedova23