• Сб. Июн 3rd, 2023

12 фактаў пра беларускую мову :

Автор:vglybokaye

Фев 28, 2021
Калаж з карыкатуры мастака Дэ Лёс.

1. Адную з першых еўрапейскіх канстытуцыяў, Статут Вялікага Княства Літоўскага, напісалі старабеларускую моваю.

2. Гістарычна ў беларусаў былі тры алфавіты – сённяшняя кірыліца, лацінка, якой пісалі на пачатку ХХ ст., і… арабская вязь! Беларускія мусульмане пісалі свае кнігі, кітабы, па-беларуску арабскім алфавітам.

3. У беларускай мове ёсць унікальная літара, якой няма ні ў адной іншай! Вядома, гэта літара “У кароткае”, або “У нескладовае”. У Полацку ёй нават паставілі помнік!

4. Сёння ў беларускай мове ёсць два правапісы: адзін называюць наркамаўкаю, другі – тарашкевіцаю. Наркамаўка – гэта той, які мы вучылі ў школе, а тарашкевіца – той, якім пісалі Янка Купала і Якуб Колас з самага пачатку, той, што з мяккімі знакамі.

5. Па-беларуску ў адно слова можна сказаць тое, для чаго ў расейскай мове спатрэбіцца некалькі словаў. Напрыклад: шыба – “оконное стекло”, шуфлядка – “выдвижной ящик”.

6. Сумесь беларускай і расейскай мовы называецца трасянка. Не бойцеся размаўляць на трасянцы! Трасянка – гэта шлях да правільнай беларускай мовы.

7. У беларускай мове шырока распаўсюджаныя фемінітывы. Напрыклад, мы скажам: лекарка, дырэктарка, рэдактарка, паэтка, фатографка. І нават для найвышэйшай дзяржаўнай пасады мы маем такое слова – прэзідэнтка.

8. У беларускай мове шмат якія словы гучаць гэтак сама, як у расейскай, але маюць іншы род. Усе вы ведаеце, што сабака ў беларускай мове мужчынскага роду. Дык вось, запомніце, што гусь заўсёды – жаночага.

9. Назвы ягадаў у беларускай мове ўжываюцца ў множным ліку: суніцы, маліны, чарніцы.

10. Балоты займаюць такое важнае месца ў жыцці беларусаў, што для іх прыдумалі больш за дзесяць розных назваў: балота, твань, дрыгва, багна, алёс, амшара, імшара, амшарышча, амшарына, імшарына, тарфянік і тарфянішча.

11. Гістарычна ў беларускай мове не былі распаўсюджаныя імёны па бацьку. Можна было проста сказаць Ян – чый? – Захараў або Барысаў. А звычайныя імёны заўсёды мелі вельмі шмат формаў. Аднаго маглі называць Юрась, другога – Юрок, трэцяга – Юра. А Дар’ю маглі называць яшчэ і, напрыклад, Адаркаю.

12. Хоць у беларускай мове амаль няма ўласна лаянкі як такой, але заўсёды ў нас знойдзецца вельмі шмат праклёнаў: Каб табе моль пяткі пабіла! Каб цябе ў чыстым полі дзвярыма прышчаміла! Каб ты тое з’ела, што мне думаеш! І нарэшце апошняе: Каб табе кукнула! А яшчэ беларуская мова вельмі мілагучная. І гэта не проста субʼектыўная ацэнка, бо мілагучнасць тлумачыцца канкрэтнымі законамі мовы: https://youtu.be/kNPdgelQRUQ?t=262

 

БЕЛСАТ LIFE

comments powered by HyperComments
Scroll Up