Новаўвядзенні прадугледжаныя пастановай урада.

У працу крамаў сэканд-хэнду ўвялі змены – ім забаранілі гандляваць новым адзеннем. Можна толькі тым, якое было ва ўжыванні. Новаўвядзенні прадугледжаныя пастановай урада ад 30 снежня 2020 г. № 774.

Пастановай урада прадугледжана, што не дапускаецца продаж у адным гандлёвым аб’екце былых ва ўжыванні і новых футравых вырабаў, абутку,

адзення швачнага і трыкатажнага (акрамя новых швачных і трыкатажных бялізнавых вырабаў).

Таксама пад забаронай продаж у адным таварным аддзеле (секцыі) былых ва ўжыванні тавараў (акрамя букіністычных выданняў) і новых тавараў.

У дакуменце прапісана, што былыя ва ўжыванні нехарчовыя тавары – гэта нехарчовыя тавары з бачнымі прыкметамі носкі, мыцця, эксплуатацыі. Таксама пад гэта вызначэнне падпадаюць нехарчовыя тавары належнай якасці з захаваннем таварнага выгляду, спажывецкіх уласцівасцяў без таварных цэтлікаў (этыкетак), калi iх наяўнасць прадугледжаная вытворцам, а таксама нехарчовыя тавары, прынятыя паводле дамоваў камісіі ад грамадзянаў.

Нагадаем, «Беллегпрам» у пачатку сакавіка 2020 зноў выступіў з ініцыятывай, каб улады заняліся рэгуляваннем дзейнасці крамаў сэканд-хэнду. Адно з пытанняў з боку канцэрна да «сэкандаў» – продаж стокавага адзення. У крамах сэканд-хэнду да 70% новых рэчаў, таму пры ўвозе іх трэба размытніваць і плаціць за іх мыту, заяўлялі раней у «Беллегпраме». У крамах сэканд-хэнду такія заявы аспрэчваюць. Спецыялісты канцэрна казалі, што маюць намер прааналізаваць асартымент у крамах адзення з другіх рук і, магчыма, накіраваць ва ўрад прапановы для іх рэгулявання.

Кіраўніца канцэрна «Беллегпрама» Таццяна Лугіна раней заявіла, што падтрымлівае «сумленную канкурэнцыю», і прапанавала калі не зачыніць крамы з б/у адзеннем, дык, прынамсі, вынесці іх «з нейкіх абласных гарадоў, буйных гарадоў, з цэнтральных вуліцаў».

Якія яшчэ змены раней прапаноўвалі датычна сэкандаў

У 2018 годзе ўлады разглядалі магчымасць забараніць для ІП і юрасобаў онлайн-гандаль ужыванымі рэчамі. Такая прапанова змешчаная ў праекце пастановы Саўміна. Аднак ад гэтай ідэі пазней адмовіліся.

comments powered by HyperComments

Автор записи: Наталья Седова