Кансэкрацыю храма праводзіў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Святыня стане парафіяльным касцёлам адной з віцебскіх каталіцкіх парафій — парафіі святога Уладзіслава.
Касцёл святога Ігнацыя Лаёлы стаў чацвёртым каталіцкім храмам, пабудаваным у Віцебску ў часы незалежнай Беларусі: першым, у 2009 годзе, асвяцілі касцёл Езуса Міласэрнага, куды перанеслі віцебскую катэдру; у 2013 кансэкравалі касцёл Святога Духа (перароблены з недабудаванага басейна); а ў 2017 годзе — касцёл святога Антонія (перароблены з былога дома культуры).
Будынак новага віцебскага касцёла мала нагадвае класічную беларускую сакральную архітэктуру — ён цалкам складаецца з паралелепіпедаў. Фрэскі на алтарнай сцяне спалучаюць класічны сюжэт з Тайнай вячэрай з выявамі нашых сучаснікаў — ад Марадоны да журналістаў. Праўда, падобнага стылю фрэскі, выкананыя тым жа мастаком, знаходзяцца і ў касцёле святога Антонія.








