Гісторыя — вартая рамана. Аднак, я — не пісьменнік, а — краязнаўца, то пішу тое, што распавялі мне тубыльцы…
Піша краязнаўца Уладзімір Скрабатун.
У свой час, гадоў 12 таму, наведваючы вёску Дзеркаўшчыну са сваім знаёмым, вырашылі завітаць на старыя вясковыя могілкі. Праўдападобна, тут новых пахаванняў ужо не рабілі, бо могілкі не выглядалі дагледжанымі, часта траплялі бураломы… Сярод гэтага буралому, проста выпадкова, заўважыў, што, як быццам бы зламанае дрэва, зусім не дрэва, а – помнік. Падыйшлі. На ствале зламанага “дрэва” вісіць шыльда з надпісам:
S.P.
JUSTYN STANKIEWICZ
zm. 7 lip. 1912 r.
wieku lat 75
Spokój Twej Duszy
Cześć Twej pamięci
Od Stroskanej Córki
Хто ён, Юстын Станкевіч, якому пастаўлены такі шыкоўны помнік «ад смуткуючай дачкі»? Помнік датаваны 1912 годам. 100 гадоў таму пастаўлены.
Тады, у газеце “Вольнае Глыбокае” я напісаў артыкул “Загадкавы помнік у Дзеркаўшчыне” («ВГ» № 8 (516) за 25 лютага 2010 г).
Здавалася б, ужо на гэтае пытанне і адказаць няма каму…
Раптам, нечаканае тэлефанаванне з Дзеркаўшчыны. Жаночы голас кажа: «Ганна Вільгельмаўна Журунская ведае, хто такі Юстын Станкевіч!»
Ну, і колькі ж гадоў той Ганне Вільгельмаўне?! – падумалася. Прозвішча Станкевіч – досыць распаўсюджанае не толькі на абшарах Глыбоччыны, але і па ўсёй Беларусі.
Я ізноў завітаў у Дзеркаўшчыну… Жыхарка Дзеркаўшчыны Ганна Вільгельмаўна Журунская, пенсіянерка, выглядала молада і бадзёра. А я, чамусьці, палічыў, што сустрэну вельмі старажытную бабульку…

– Жылі мы тут па суседству з Рыжай Ядвіляй… Яна часта да нас прыходзіла, – апавядае Ганна Вільгельмаўна. – Яна мне шмат чаго апавядала. Няма яе ўжо сярод нас, бо было б ёй цяпер гадоў пад сто, ці болей. Ейныя бацькі былі ў Юстына Станкевіча работнікамі. Служылі ў пана. Адкуль гэты пан, я не ведаю. Пра гэта, можа, няхай апавядзе Уладак Рыжы, сын Ядвілі. Не ведаю, колькі ў яго зямлі было, але фальварак пана Станкевіча быў у Блізьнім. Гэта за Дзеркаўшчынай – направа. У яго там было шмат слугаў.
– Дык вось, Ядвіля тады была маленькай, а ейныя бацькі ў пана Станкевіча служылі. Дык яна баіла мне, што пан Станкевіч наймаў людзей на работы. Служылі яму, перадусім, бедныя людзі, у якіх было мала зямлі, з Заазер’я, напрыклад. Ну, яны ў яго: то касілі, то аралі, плацілі ім за гэта, кармілі – усё так, як даўней было заведзена.
– У Заазер’і ж жыла дужа прыгожая дзяўчына… Служанка ягоная. Ну, гэты Станкевіч, я не скажу, што ён яе кахаў… Але ж багаты быў! Пан! Недзе там, у Заазер’і, ён яе і “прыціснуў”… Гэта цяпер – усе разумныя, усё ведаюць, і распавесці могуць! А раней? Хто каму што мог распавесці! Сядзела яна, гэтая дзяўчына, ды маўчала, сцяўшы зубы. Ды й бацькі ў яе памерлі. Каму пажалісся? Нарадзіла яна дзяўчынку… Гадавала. Ну, колькі гадоў? Мо два, ці тры. Узяла ды памерла. Засталася гэтая маленькая дзяўчынка адна. Цяпер у дзіцячы дом аддалі б, а раней жа дзіцячых дамоў не было. Узяўся дзяўчынку гадаваць ейны брат, а ў яго самога было чацвёра дзяцей.
Прайшло колькі гадоў. Пан жаніўся, але дзяцей у яго не было. Аднойчы пан пайшоў работнікаў наймаць – авёс касіць. Прыйшоў і ў гэтую вёску, зайшоў у хату, дзе дзядзька гадаваў пляменніцу… Людзі за сталом. Ядуць. Цяпер жа – у кожнага свая: і талерка, і міска, і лыжка, і відэлец. А тады? Сядзяць і “цягаюць” зацірку лыжкамі з адной агульнай міскі. Мурзатыя, брудныя дзеці! І дзяўчынка гэтая сядзела і ела. Зразумела, пан адчуваў, здагадваўся, што гэта – ягоная дачка. Зашчаміла ў яго сэрца! Шкада стала дачкі! Галодная, мурзатая… Узяў ён яе з сабой у фальварак гадаваць. Няхай жыве сярод работнікаў.Там кухня ёсць, дзе павары ежу гатуюць работнікам. Галодная ж не будзе! Ну й жыла яна там сярод работнікаў, пад’еўшая была. Напэўна ж пан, і адзенне дзяўчынцы нейкае купляў. Было ёй ужо гадоў 14-15… Пан вырашыў прызначыць яе пакаёўкай. Абы ўжо ў пакоях была а не на кухні – бліжэй да сябе. Наняў ёй настаўнікаў, каб вучылі. Ну, вырасла яна ўжо… Пан Станкевіч вырашыў дачку замуж выдаць у Наваполле… У тамтэйшага пана было два мальцы і дзве дзяўчыны. Дарослыя ўжо. Аднак Юстынава дачка пайшла насуперак яго волі, замуж не захацела. Вырашыла выехаць у Пецярбург… Вучыцца.
— Ці яна паспела выехаць? – не ведаю. Можа і выехаўшы была. Пан Станкевіч памёр… Перад смерцю ён апісаў частку маёмасці на жонку, а іншую, напэўна ж, і не меншую – на сваю дачку. Іншых дзяцей у Юстына Станкевіча не было. Дачка заказала помнік у Вільні, бо такіх, як гэты, у выглядзе дрэва (дуба), у нас не рабілі. І вязлі яго ў Дзеркаўшчыну ці то на шасці, ці то на васьмі, конях. Яна ж дачка была! Таму й напісана на помніку –“Od Stroskanej Córki” (“Ад смуткуючай дачкі”).
– Прайшло дужа шмат гадоў… Не памятаю, які гэта быў год, можа 1967, ці 1968? Я тады прадаўцом працавала ў магазіне… Каля касцёла тым часам хата стаяла, якой ужо няма. Жылі там Пухальскія – старыя дзевы, якія так і не выйшлі замуж.
Прыехала да іх у той год адна старушка, на выгляд гадоў – 85-90. Добра апранутая, з сумачкай. Вось гэтая старушка і Пухальчанка пайшлі на могілкі, а па дарозе завіталі да мяне ў магазін… Што куплялі? – ужо не памятаю. Ну й пайшлі яны далей на могілкі. Потым, пры сустрэчы, я запыталася ў Пухальчанкі: “Што гэта за старэнькая жанчына была з табой?”
– Яна мне і сказала: “Дачка Юстына Станкевіча. Прыехала адведаць магілу бацькі…”
– Я й паведаміла Ядвілі Рыжай, якая ўжо на той час пераехала ў Дзеркаўшчыну і жыла каля касцёла.
– Ай-ай-ай! Чаго ж яна да мяне не зайшлася! Мы ж малыя разам былі!
– Уладак Рыжы – старэй за мяне, і больш ведае. Зайдзіце да яго, – раіла на развітанне Ганна Вільгельмаўна.
Пра добрага пана Дамэйку і працяг гісторыі пра Юстына Станкевіча

– Юстын Станкевіч арандаваў у Дамэйкі фальварак Лупачэва, – кажа Уладыслаў Віктаравіч Рыжы. –– Мой дзед Антон Драбёнак – мамін бацька – працаваў у Станкевіча. Разам ездзілі. Дзедава сям’я жыла ў Лупачэве, мая мама там і нарадзілася.
Пан Дамэйка ўзяў ды прадаў Лупачэва пану Палачанскаму. Арандатар Станкевіч пра тое загадзя не ведаў. Мог і адкупіць фальварак у Дамэйкі. Ды сталася позна – паперы ўжо былі аформленыя на пана Палачанскага. Станкевіч быў дужа засмучаны, вельмі перажываў. Вымушаны ён быў арандаваць у Дамэйкі іншы фальварак – Блізьняе. Хоць у Літоўцах, каля Крулеўшчыны, у яго яшчэ было 3 гектары зямлі. Але, што тыя 3 гектары для яго!
Між тым, зямля ў Блізьнім была горшая. І ўсё ж, Станкевіч вырашыў арэндаваць Блізьняе. Ну й дзед мой туды паехаў і мая мама. Па аповядах мамы – дзяцей Станкевіч ад жонкі не меў. Ён зрабіў дзіця сваёй служанцы. Ну і як ён паміраў ад сухотаў у 1912 годзе, апісаў маёмасць на жонку і дачку, падзяліў грошы і ўсё іншае. Як ён памёр, дачка заказала ў Вільні помнік. Прывезлі цягніком (у Глыбокае?). А сюды, у Дзеркаўшчыну, чацверыком запрэжаных коняў. Так казала мая маці. Дзе, у якім горадзе, як далёка адсюль, жыла дачка Юстына Станкевіча, мая маці не ведала. Аднак, ужо пасля вайны, прыязджала ягоная дачка ў Дзеркаўшчыну з Украіны. Але да нас яна не заходзіла, бо мы жылі тады на хутары. Зайшла яна да Пухальскіх, што жылі насупраць касцёла. Мая мама потым ёй, Пухальскай, казала: “Чаго ж ты яе да мяне не завяла? Мы ж – амаль аднагодкі. Разам гадаваліся!”
Тут, калі скончылася вайна, дзесьці, пасля 1920-га года, гэтае Блізьняе, пан Дамейка аддаў польскім асаднікам, – працягвае аповяд Уладзіслаў Рыжы. Усім надаў па 10 гектараў зямлі – бясплатна. Тут былі асаднікі: Лешчыкі, Пілярскія, Мазылеўскія, Жукоўскія, Магеркі…
Адзін з Магеркаў, які вось тут, побач жыў, зямлі не браў, але ўзяў патэнт ды адкрыў магазін, дзе гандляваў гарэлкай і ўсім, чым хочаш. Разбагацеў. Дом пабудаваў у Дзеркаўшчыне. Потым адкрыў яшчэ адзін магазін за ракой, каля Параф’янава. Калі ў 1939-ым прыйшлі бальшавікі, дык усіх асаднікаў – у Сібір вывезлі. Аднак гэты Магерак, які трымаў крамы, паспеў збегчы ў Польшчу. Яго там, нашыя, потым сустракалі. Жаніўся зноў. А тут, у Дзеркаўшчыне, засталася былая жонка і дачка. Дачка выйшла замуж і дом пабудавала ў Глыбокім па вуліцы Леніна, на развілцы з вуліцай Чапаева. Яе ўжо няма, але жыве там ейны сын, прыязджаў неяк, казаў: “Ты, Уладак, на маёй дзелі дзедавай зямлі пабудаваўся!” Гэта ж Малей Магерку гектар зямлі быў прадаў. Малея ж таго, бальшавікі потым у Сібір вывезлі. Дамэйкі тут у нас усімі фальваркамі валодалі: Анюціным, Сітцамі, Лупачэвам, Воўкаўшчынай 2-ой, Дзеркаўшчынай 2-ой, Блізьнім, Галубовым, але галоўная рэзідэнцыя дзеркаўшчынскага Дамэйкі была ў Дрысвятах на Браслаўшчыне, хоць у Сітцы ён прыязджаў вельмі часта. Маёнткаў і фальваркаў у яго было шмат! Аж пад Вільняй. Дзеркаўшчыну 2-ую ён парэзаў па 10 гектараў і прадаў. Людзі з Польшчы прыязджалі і набывалі зямлю: Мадзяры з Пазнані, Кухарэўскія, Мільчаракі, Папіны… Усе яны па частках выкупілі Дзеркаўшчыну 2-ую.
– Ведаю я аднаго Папіну, шаркоўшчынскага камерсанта, краму ў цэнтры Глыбокага трымае. А яго брат і цяпер жыве ў Дзеркаўшчыне 2-ой, – каментую я.
– Дык, гэта іхні дзед, а не бацька, з Польшчы прыехаў, і зямлю ў Дамэйкі купіў. Сям’я ў Папінаў была вялікая. Тут зямлю куплялі і нашыя людзі. З Пастаўшчыны, напрыклад, ці з Глыбоччыны: Снарскія, Кабылінскія (з Квачоў), Лілі, Дзянькоўскія… Галубова, дарэчы, Дамейка падараваў свайму кучару. З усім, што там было: пакоем, гаспадарчымі пабудовамі, скацінай, зямлёй… Шырэй – прозвішча кучара. Яго таксама, у 1940-ым, бальшавікі ў Сібір вывезлі.
— Лявон Дамэйка, той, які касцёл наш пабудаваў – родны брат Ігната Дамэйкі, які пасля паўстання з’ехаў у Чылі.
– Мне падаецца, што вы не маеце рацыі! Штосьці я не чуў, што яны – родныя браты былі. Я гэта, усё ж, высветлю,– перапыняе аўтар Уладыслава Віктаравіча.
– Браты!
– Усё ж, я высветлю! Але радня – адназначна*. Аднак, у якім калене?
– У Дзеркаўшчыне 2-ой пры Дамэйку была вытворчасць, – працягвае далей Уладзіслаў Віктаравіч. Цагельна існавала. Выраблялі цэглу, але не такую, як цяпер, а вялікую, і дахоўку таксама. Я тое месца ведаю.
– Дык на дахоўцы ж стаяў штамп – «V. Domejko», «Sittce», – удакладняе аўтар.
– Хоць і стаяў штамп «V. Domejko», «Sittce», але дахоўку выраблялі ў Дзеркаўшчыне 2-ой. Млын там яшчэ быў, але не водны і не паравы, а – таптак. Яго ў рух прыводзілі чатыры валы, – казаў мой бацька. Валы хадзілі па кругу, як вавёркі ў коле. Казалі людзі, што Дамэйка быў дужа добрым панам. Вось хата, напрыклад, у кагосьці згарэла, конь здох… Абы да яго дабрацца! Дасць лесу, каня… Падвядзе цябе да статка ці табуна – ідзі, выбірай: каня, карову. Але да яго надта не падпускалі! Усё раздасць! Такі добры быў пан Дамэйка.
Вось такая гісторыя – пра Юстына Станкевіча, і пра добрага пана Дамэйку, у якога Юстын Станкевіч быў арэндатарам, і пра помнік на яго магіле “ад смуткуючай дачкі”. Загадкавы помнік ў Дзеркаўшчыне – ужо больш не загадкавы.
-
Як паведаміў аўтару краязнаўца Кастусь Шыталь, знаўца гэтай тэмы: Лявон Дамэйка (1768? –1845), уладальнік Дзеркаўшчыны 2-ой і шматлікіх фальваркаў, фундатар касцёла – родны дзядзька Ігнату Дамэйку (1802 — 1889), навукоўцу, нацыянальнаму герою Чылі.