Ада Райчонак: «Мы вярнулі нашаму народу імя Язэпа Драздовіча

Язэп Драздовіч, вя­домы беларускі мас­так, этнограф, нас­таўнік малявання, края­знаўца, нарадзіўся 13 кастрычніка 1888 года ў засценку Пунькі ў Галубіцкай пушчы, недалёка ад вёсак Малыя Давыдкі і Ліп­ляны, дзе і знайшоў вечны спачын на мясцовых могілках у 1954 годзе. Чвэрць стагоддзя яго імя было выкраслена з памяці народа. Яго імя прыйшлося адкрываць наноў.

Язэп Драздовіч (1888-1954)

Ужо ў незалежнай Беларусі, без малога 20 гадоў запар, штогод, глыбоцка-шаркоўская гра­мада прыязджае на дзень народзінаў дзядзькі Язэпа ў месца яго вечнага спачыну.
Звычайна, традыцыйна, прыязджае чалавек 20-25 з Глыбокага і Шаркоўшчыны, падыходзяць і некалькі мяс­цовых жыхароў, якія памятаюць Язэпа Драз­довіча. Раней прыязджалі з Мінска мастакі Алесь Марачкін і Мікола Купава. Гэтым разам нікога з іх не было. Вядома ж – паважаны ўзрост, праблемы са зда­роўем, ды й, зрэшты, нашыя мастакі не такія ж і багатыя. Галоўнае, не забываюць землякі! Адметна, што сёлета да магілы Язэпа Драздовіча прыехала ці не палова людзей упершыню. І гэта – моладзь, што не можа не радаваць. А ўсё дзякуючы курсам “Мова нанова” у Глыбокім і Шаркоўшчыне.
Звычайна на сустрэчы ля надмагільнага помніка Язэпу Драздовічу работы скульптара Алеся Шатэрніка першае слова бярэ Ада Эльеўна Райчонак, грамадская актывістка з Германавічаў.
Гэта яна, разам з сынам Міхасём, які памёр у маладым веку, распачалі справу ўшанавання памяці забытага ў свой час мастака Язэпа Драздовіча. Справа аказалася вельмі плённай: Ада Райчонак правяла больш за дваццаць «Драздовіцкіх» мастацкіх пленэраў, сабрала цэлую калекцыю твораў Язэпа Драздовіча і зладзіла дзя­сяткі выставаў. Паводле яе слоў, пра незвычайнага ўраджэнца гэтых краёў яна даведалася ад мастака Алеся Марачкіна, які пачуў імя Язэпа Драздовіча ад мінскіх калегаў і таксама стаў вялікім аматарам і папулярызатарам яго творчасці.
З’явілася ідэя паставіць надмагільны помнік. Такі помнік з’явіўся яшчэ ў 1982 годзе. Грошы на яго сабралі мастакі з Мінска, якія потым цэлай дэлегацыяй прыехалі ў Ліпляны. Ада Эльеўна часта падкрэслівае, што – мы вярнулі нашаму народу імя Язэпа Драздовіча, які за савецкім часам быў фактычна забаронены.
– А нядаўна я даве­далася ад мастака Але­ся Марачкіна,– кажа спадарыня Ада,– што гадоў пяць таму выйшла за мяжой кніга “100 мастакоў свету”. – І там згадваецца пра двух беларускіх мастакоў – Марка Шагала і Язэпа Драздовіча.
Не забылася Ада Эль­еўна ў сваім выступе падкрэсліць, што сёння, калі ідзе перапіс насельніцтва, вельмі важна, каб усе беларусы падчас перапісу ўказалі сваёй роднай мовай – беларускую!
Не забывае напісаць новы верш да чарговай сустрэчы і падсвільская паэтка Марыя Баравік. Сама Марыя таксама вельмі шмат зрабіла для ўшанавання памяці Язэпа Драздовіча ў родным Падсвіллі, прыязджае на мерапрыемства штогод. Гэтым разам з ёй прыехала яшчэ адна падсвільская паэтка Людміла Баброўская. Людміла не толькі паэтка, але і траўніца (збірае зёлкі), гатуе розныя лекавыя чаі. Яна прачытала верш са сваёй новай кнігі, рыхтуе да выдання іншую.

Глыбоцкая і шаркоўская грамада чарговы раз сабралася на дзень нараджэння Язэпа Драздовіча ля яго магілы, што на цвінтары ля вёсак Малыя Давыдкі і Ліпляны. Прамаўляе Ада Райчонак, грамадская актывістка з Германавічаў (першая злева ад помніка).

Прамаўляў Ігар Дземі­довіч з Шаркоўшчыны, па­эт і арганізатар курсаў “Мова нанова”. Прачытаў свой верш, прысвечаны беларускай мове. А яшчэ ён адзначыў, што некалі былі тры неразлучныя сябры: пісьменнік Міхась Машара, паэт Янка Пачопка, мастак Язэп Драздовіч. Часта і чарку выпівалі разам. Пасля вайны, за савецкім часам, Міхась Машара стаў вядомым пісьменнікам, ша­наваным уладамі, працаваў у розных часопісах і га­зетах – і нідзе, і ніколі, ніводным словам не згадаў пра Язэпа Драздовіча. А мог жа! І не згадаў! Мог бы чымсьці дапамагчы ў гаротным лёсе мастака, які часта галадаў і не меў добрай вопраткі. Паспрыяць знайсці яму прыстойную працу, нап­рыклад, у выдавецтве ў якасці мастака. Забаяўся? Не схацеў запэцкацца?
Мар’ян Місевіч з Падсвілля, былы нас­таўнік, прадпрымальнік, распавёў, як быў 5-7 га­довым хлопцам і першы раз убачыў Язэпа Драздовіча.
– У нас жа баць­кі палохалі малых дзяцей тым, што калі не будзеце паслухмянымі, свавольнымі, то прыйдзе нейкі дзядзька з барадой, з палатняй торбай, з кійком, забярэ вас у торбу ды знясе ў пушчу. А тут, аднаго разу стукае ў акно падобны дзядзька – з тор­бай, барадой, кійком… Мы так перапалохаліся! Імгненна шуганулі пад ложак. Ён пачакаў, ніхто не адчыняе, пайшоў далей. Праўдападобна шукаў сабе падпрацоўку. Ён жа маляваў карціны, дываны ў адной хаце, сканчаў працу – ішоў да іншай. Там працаваў і начаваў, яго кармілі. Перад гэтым ён быў у нашага суседа Шыпко. Людзям гэта імпанавала – трэба неяк хату ўпрыгожыць, а мастак рабіў танна. Гэта былі яго самыя не найлепшыя, апошнія гады жыцця.
У самога Мар’яна ёсць адна праца мастака – “Лісіца і сава” на бацькоўскай сядзібе ў Перадолах. – Муд­расць і хітрасць сустрэліся – пажартаваў Мар’ян. Для мяне гэтая карціна – неацэнны скарб!

Мясцовыя жыхары: Галіна Міхайлаўна Шантар (злева), памятае Язэпа Драздовіча яшчэ з часоў, калі была падлеткам, і Таццяна Уладзіміраўна Грыбкоўская, якая даглядае за магілай Язэпа Драздовіча.

Першы раз прыехаў на мерапрыемства малады паэт з Глыбокага Максім Нікіфаровіч. Пра­чытаў свой верш. Максім рыхтуе сваю першую кнігу вершаў, а малюнкі да яе выканаў Руслан Рагоўскі, які таксама першы раз прыехаў на падобнае мера­прыемства.
Успамінала Язэпа Драз­довіча прысутная мясцовая жыхарка Галіна Шантар, 1942 г.нр.
– Збіраліся на пася­дзелкі жыхары. Прыходзіў і Драздовіч. А кім ён быў для вяскоўцаў? Нікім! Бедны! Наогул, яго ні ў чым мелі! Зберацца моладзь і піхаюць яго на дзяўчат. А дзяўчаты з візгатам разлятаюцца! А ён тады гаворыць нешта на нас.
– Бывае, кажа Язэп Драздовіч дзецям: “Збі­райцеся! Зараз пакажу, як стол будзе ўзнімацца. Толькі кладзіце рукі на стол і сядайце.» Ну, мы й кладзём рукі на стол ды сядаем. І тады ён кажа: «Чым-чырым!» А што яно азначала – не ведаю.
– Столік, падыміся!
Столік і падымаўся. Як ён падымаўся – не ведаю. Мо, як нагамі падымаў?
– Столік, апусціся!
Столік апускаўся.
– Што тут сказаць. Бедны быў чалавечак. Гэта цяпер яго ўсе ведаюць!
– Захварэў ён… Павез­лі ў Падсвілле (у бальніцу). Там памёр. А тады бедната была навокал. Але ж маглі нейкі касцюм просценькі, картовы ку­піць, тады ж былі такія… Загарнулі ў прастыню – і пахавалі. Праўда, дамаўё зрабілі. Памятаецца, мо, і я была на пахаванні…
– Маляваў жа ён ды­ва­­ны, размалёўваў ша­фы, макаткі розныя. У нас жа былі недзе “Тры красналюдкі”: адзін, помню, у бубен біў, другі – у трубку трубіў, а вось трэцяга не ўспомню, што рабіў. А ў Мальвіны Сташулёнак і цяпер шафа стаіць ім размаляваная. Карэспандэнты нядаўна прыязджалі да яе. (На­амрэч, краязнаўца Кастусь Шыталь і прафесар Алесь Краўцэвіч. Здымалі для БелСАТа фільм “Язэп Драздовіч, чалавек-кос­мас”, які можна паглядзець на YouTube).
Па заканчэнні мера­прыемства госці на­кіра­валіся ў Перадолы, на бацькоўскую сядзібу Мар’яна Місевіча. Там адбыўся абед. Зважаючы на тое, што было шмат новых людзей, якія першы раз наведалі магілу Язэпа Драздовіча, то кожны цікава распавёў сам пра сябе – чым займаецца, чым захапляецца, пра свае дасягненні і планы.

На сядзібе Мар’яна Місевіча.

Уладзімір Скрабатун

comments powered by HyperComments

Автор записи: Наталья Седова