На таргах на Амстэрдамскай біржы Epex Spot у сераду кошт кантракту з дастаўкай на наступны дзень апускаўся да -739,96 еўра за МВт*г. Сярэднеўзважаны кошт заставаўся адмоўным на працягу ўсяго гандлёвага дня — кожную гадзіну з 10 да 17 гадзін, паведамляе Bloomberg.
Прычынай з’явы стала занадта высокая генерацыя ў сектары ўзнаўляльнай энергетыкі: аб’ёмы вырабленай на ветраных станцыях электрычнасці перавысілі сукупны попыт, і сеткі даплачвалі кліентам за дадатковае спажыванне.
Летась цэны на электрычнасць, наадварот, зашкальвалі, а Еўропа перажывала сапраўдны энергетычны крызіс. Уладзімір Пуцін папярэджваў, што зялёны пераход, маўляў, выйдзе еўрапейцам бокам.
Цэны на газ у Еўропе зашкальваюць, палохаў Пуцін у снежні. А паколькі Расія некаторым сваім партнёрам прадае газ у 10 з лішнім разоў танней, гэта стабілізуе яе эканоміку.
Так Пуцін казаў на пачатку снежня 2022 года. З таго часу цана газу ў Еўропе зменшылася прыкладна ў 3,5 раза.