
Глыбоцкая міжраённая інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету інфармуе.
Адным з самых варварскіх спосабаў браканьерства з’яўляецца багрэнне. Рыбаловаў, якія спецыялізуюцца на такім спосабе здабычы рыбы, інакш як жывадзёрамі і не назавеш.
У апошнія гады да шматлікай браканьерскай браціі “сеткавікоў” і “электроншчыкаў” дадаліся прафесійныя жывадзёры. Бачачы, што з сеткай ці электраўстаноўкай сягоння не пагарэзіш — занадта вялікая рызыка трапіцца ў рукі інспектарам, аматары лёгкай і хуткай нажывы прыняліся цягаць рыбу за пуза, хвасты і іншыя часткі. Рыбе калі і атрымаецца пазбегнуць браканьерскага трайніка, то дарагім коштам. Вядомыя выпадкі, калі рыбаловы-аматары вылоўлівалі з вады распаласаваных крукамі ўздоўж і папярок водных насельнікаў.
Традыцыйна воплеск дадзенага віду браканьерства назіраецца ў канцы восені – пачатку зімы, калі рыба збіваецца ў зграі і скочваецца ў ямы на зімоўку.
Па дзейсным заканадаўстве ў перыяд з 1 кастрычніка па 15 красавіка на зімавальных ямах лоўля рыбы забаронена. Закінуў у такім месцы аматарскія снасці — адказвай.
Вельмі складана адрозніць законапаслухмянага рыбалова ад браканьера, які спецыялізуецца на багренні. Акрамя таго, круг зімавальных ям шырокі, і штодня трымаць пад кантролем кожную нерэальна. І ўсё ж наша інспекцыя актыўна працуе ў дадзеным кірунку. Узаемадзейнічаем і з неабыякавымі рыбаловамі, якія паведамляюць пра падобныя факты.
Паводле ч. 1 ст. 16.25 КоАП Рэспублікі Беларусь здабыча рыбы ці іншых водных жывёл забароненымі прыладамі і спосабамі, а роўна і спроба на такую здабычу цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь, г.зн. ад 320 да 960 рублёў. Таксама парушальніку прыйдзецца заплаціць за кожную незаконна здабытую рыбку незалежна ад вагі і памеру.
Нагадваем тэлефон даверу: 8 (02156) 5-59-70 (працуе кругласутачна).