Што звязвае нямецкага барона, які служыў ротмістрам рускага войска і сталага, дзякуючы сваім байкам, літаратурным персанажам, з мястэчкам Глыбокае Рэчы Паспалітай — у часы службы Мюнхгаўзена гэтыя землі яшчэ не перайшлі да Расійскай імперыі? Барон памёр у старэчым узросце ў 1797 годзе ў нямецкім Бодэнвердары, спадчыннікаў не пакінуў, пра Глыбокае ні разу не згадваў. Уся справа ў старадаўніх глыбоцкіх могілках Копцеўка, дакладней, адной магіле, датаванай 1878 годам.

Піша краязнаўца Уладзімір Скрабатун.
Гадоў пад 20 таму ў Глыбокае прыехалі журналістка і аператар расійскага телеканала ТВЦ (магчыма, з мінскага карпункта, бо такія падрабязнасці я не распытваў). Прыехалі здымаць сюжэт пра глыбоцкага барона Мюнхгаўзена. І ўжо ў які раз – нехта, недзе, некалі, ізноў – рэкамендаваў аўтара гэтых радкоў распавесці пра чарговыя глыбоцкія цікавосткі.
Натуральна, напярэдадні аўтару патэлефанавалі з карпункту ТВЦ: “Нам рэкамендавалі вас. Ці можаце вы распавесці нам пра вашага Мюнхгаўзена?” Я пагадзіўся.
Калі мы ішлі да магілы барона Фердынанда Мюнхгаўзена і яго жонкі Вільгельміны, якая знаходзіцца на Копцеўцы, задаў пытанне: “А што Вам той глыбоцкі Мюнгаўзен! Гэта ж не той самы Мюнхгаўзен, які стаў літаратурным героем!”
— Калі ў вашым Глыбокім заначаваў сам Напалеон, то тады дзе павінны быць пахаваны барон Мюнхгаўзен, як не ў Глыбокім!– кажа з гумарам відэаператар. – Вунь, мужык з Пскоўскай вобласці, знайшоў падмуркі старога дома… Паставіў на іх новы дом, павесіў на сцяне шыльду тыпу таго, што “тут жыў А. Пушкін!” А Пушкін тут і блізка не жыў! Але едуць турысты з усіх куткоў Расіі, вераць – “тут жыў А. Пушкін!” А ў вас , наўпрост на крыжы, напісана, што тут пахаваны – сам фон Мюнхгаўзен! І што вам яшчэ больш трэба!?
І я, як кажуць, “заторкнуўся”, бо аргументаў запярэчыць відэааператару ўжо ніякіх не было… Распавёў на камеру ўсё, што на той час было вядома, не забыўшы адзначыць, што пад Рыгай ёсць музей барона Мюнхгаўзена, што супрацоўнікі таго музея адмыслова прыязджалі ў Глыбокае на магілу нашага Мюнхгаўзена.

Латвійскі барон Мюнхгаўзен
На працягу некаторага часу Еранім Мюнхгаўзен служыў і жыў у Рызе. У царкоўнай кнізе царквы Пернігеле ў Ліепупскай воласці захаваўся запіс — 2 студзеня 1744 года кірасірскі лейтэнант Еранім Карл Фрыдрых фон Мюнхгаўзен абвянчаўся з дачкой суддзі барона фон Дунтэна Якабінай. Вялікую частку свайго жыцця Мюнхгаўзен і Якабіна правялі ў Бодэнвердары, але трохі пажылі і ў маёнтку Дунтэ — што і дазволіла адкрыць у 2005 годзе тут музей, цяпер цэлы парк забавак і не толькі па тэме знакамітага фантазёра.

У пакоі Якабіны Мюнхгаўзен можна пазнаёміцца з побытам і ўкладам жыцця дваранкі 18 стагоддзя. У пакоях барона — паляўнічыя трафеі, трубы, нажы, зброя і васковая постаць Мюнхгаўзена. Ёсць нават асобная Зала Славы Мюнхгаўзена.
— У дадатак да памяшканняў музея, прасякнутым адчуваннем цуду і загадкі, вакол сядзібы растуць самыя высокія дубы Еўропы — дубы Мюнхгаўзена, якія барон уласнаручна саджаў для будучых пакаленняў. Кажуць, гэтыя дубы дораць сваю энергію кожнаму, хто да іх датыкаецца. Усё ў музеі Мюнхгаўзена — праўдзіва, проста гэта вельмі незвычайная праўда! — зазывае наведвальнікаў сайт музея Мюнхгаўзена.
Глыбокае – адзіны горад Беларусі, дзе пахаваны свой Мюнхгаўзен!
З 2 па 8 снежня 2018 года аўтару гэтых радкоў пашанцавала патрапіць у групу з 10 чалавек, выдаўцоў недзяржаўных СМІ на паездку для азнаемлення з газетамі Ніжняй Саксоніі. Усё гэта сталася магчымым, дзякуючы старанням Петэра Дэтмара, амбасадара Нямеччыны ў Мінску. А там газеты выдаюцца з году ў год аж па 300 гадоў! Гэта – неверагодна, але пад лагатыпам стаіць год заснавання – 1700-я гг. Сярод іншага наведалі рэдакцыі газет у гарадах Хольцміндэн і Гослар. Апошні – родны горад Петэра Дэтмара. Гослар уключаны ў спіс ЮНЕСКА, у якім захавалася дзесьці 1500 фахверкавых будынкаў. Гослар – горад-казка.

Натуральна, у кожнай рэдакцыі трэба было прадстаўляцца. Я ўбачыў, што кожны з нас прадстаўляецца ў гумарыстычнай форме. То я прыдумаў такую легенду: “Глыбокае – адзіны горад Беларусі, дзе пахаваны свой Мюнхгаўзен! І тут робяць тыя самыя журавіны ў цукры!”
У рэдакцыі Täglicher Anzeiger Holzminden (г. Хольцміндэн) сказалі накшталт таго: “Дык, недалёка, кіламетраў 50 адсюль, у Бодэнвердары – пахаваны наш нямецкі Мюнхгаўзен!”
А прычым тут журавіны ў цукры? Ну, мы ж закупіліся падарункамі яшчэ ў Беларусі: бабруйскі зефір, віцебскі бальзам “Чорны рыцар”, глыбоцкія журавіны ў цукры і яшчэ тое сёе. І дарылі ў кожным офісе, дзе мелі сустрэчы. Дык немцы пыталіся – а што гэта за ягада такая? Нашая выканаўчая дырэктарка Аня тлумачыла ім, што журавіны толькі ў беларускай і англійскай мовах – жураўліная ягада – cranberry (cranberry and Crane).
Першы музей барона Мюнхгаўзена ў родным горадзе Бодэнвердары
У 30-х гадах мінулага стагоддзя адкрыўся першы музей барона Мюнхгаўзена — у яго родным Бодэнвердары, больш таго, у доме, дзе нарадзіўся Еранім. У гэтым жа доме, дарэчы, размяшчаецца і мэрыя. Гэтае нямецкае мястэчка, у сутнасці, жыве за кошт Мюнхгаўзена — тут ледзь больш пяці тысяч жыхароў, але праходзіць мноства фэстаў, мюзіклаў, увесь час з’яўляюцца новыя маршруты, прысвечаныя знакамітаму земляку, у экспазіцыі музея можна агледзець дакументы, ілюстрацыі, артэфакты, якія сведчаць пра жыццё і дзейнасці барона.

У калекцыі аповядаў Мюнхгаўзена налічваецца 700 кніг на 30 мовах свету. Малюнкі барона, вядома, у горадзе ўсюды. У другую суботу жніўня ў Бодэнвердары праходзіць найбуйнейшы ў Нямеччыне фэст феерверкаў.
Фердынанд і Вільгельміна фон Мюнхгаўзены былі глыбачанамі і наведвалі глыбоцкі касцёл!

Цікавыя звесткі знайшоў мой калега, краязнаўца Кастусь Шыталь. Ён піша:
“На старых каталіцкіх могілках у Глыбокім знаходзіцца цікавы металічны крыж з надпісам, які сведчыць, што тут пахаваныя Фердынанд і Вільгельміна фон Мюнхгаўзэны.
На адваротным баку крыжа ёсць запіс, што памерлі яны 31 сакавіка 1878 году (“gestorben” гэта ў множным ці адзіночным ліку?).
З гэтага факту паспрабавалі зрабіць турыстычную цікавостку. 2014 г. у Глыбокім быў пастаўлены помнік знакамітаму Гераніму Карлу Фрыдрыху барону фон Мюнхгаўзэну (які, праўда, памёр аж у 1797 годзе). Але такі анахранізм цалкам адпавядае стылю жыцця знакамітага барона.
Знайшоўся запіс аб смерці гэтага цікавага глыбачаніна: “№ 36. 31 марта 1878 года в местечке Глубоком умер Фердинанд Мюнхгаузен. Дворянин, имевший от роду 86 лет, из Глубокскаго прихода. Оставил жену Вильгельмину-Юлию-Эмилию, урожденную Франц, и двух дочерей: Вильгельмину и Генриету.
Тело похоронено ксендзом Куликовским на приходском кладбище в местечке Глубоком” .
З запіса вынікае, што нарадзіўся ён у 1792 г.
Жонка ўсё ж яго перажыла (за 1878 няма запісу аб яе смерці). Яна ж відаць і паставіла гэты крыж. Магчыма, яшчэ пры жыцці, бо яе імя ўжо адліта на помніку.
Цікава, кім працаваў ці дзе служыў гэты глыбачанін з незвычайным прозвішчам?”
