Барыс Уласаў: “Баклан – біч Беларусі!”

Баклан абедае.

Я даю гарантыю, што 99 адсоткаў жыхароў Глыбоччыны не маюць не тое што поўнага ўяўлення аб краі, дзе яны жывуць, але й самага пачатковага. Глыбоччына не такая ўжо і малая тэрыторыя! Сюды ўлезе шмат якіх карлікавых дзяржаваў, як Сан-Марына, Ліхтэнштэйн,
Манака, Андора… То колькі ўсяго цікавага знойдзецца на Глыбоччыне, а якія тут людзі жывуць!

Барыс Паўлавіч Уласаў, загадчык лабараторыі
азёразнаўства геаграфічнага факульта БДУ, доктар
геаграфічных навук, адзін з жыхароў хутара Скрабату-
ны
. Фота Ул. Скрабатуна.

У свой час мы наведалі хутар  Скрабатуны,  які знаходзіцца  на  беразе возера  Вялікі  Супонец. Тут пражывае спадарства Серафімовічаў:  бацька  і сын з сям’ёй, якія кінулі тлумны Мінск і прыехалі на сталае жыхарства не ў “аграгарадок”, а ў самую што ні ёсць глыбоцкую глухмень. Аляксей Аляксандравіч Серафімовіч, азёразнаўца, суаўтар шматлікіх даследаванняў і кнігаў па азёрах Беларусі. Сын Якаў – фермер, займаецца конегадоўляй і агратурызмам. Адбою няма ад турыстаў! Самы папулярны маршрут – конная вандроўка ў Бычкі, на радзіму слыннага беларускага пісьменніка Васіля Быкава. Ды мы ўжо пра гэта пісалі і не аднойчы!

Не пісалі толькі пра Барыса Паўлавіча Уласава, іх суседа на хутары Скрабатуны. Не пісалі, бо ніяк не маглі яго заспець дома. Ён яшчэ не на пенсіі, працуе ў Мінску. А тут нам, нарэшце, невыказна пашанцавала!

Заспелі!

Спадар Уласаў – загадчык  лабараторыі  азёразнаўства  Беларускага дзяржаўнага  універсітэту, доктар геаграфічных навук. Упадабалі ж азёразнаўцы бераг возера Вялікі Супонец!

Завіталі…

Аляксей Серафімовіч, азёразнаўца, апявадае пра даследаванне беларускіх азёраў. Фота Ул. Скрабатуна.

У.С.: Серафімовічы казалі, што ў Вас – цікавы прыватны музей побыту. Раілі наведаць.

Б.У.:  Як  географ  я шмат вандрую не толькі па Беларусі, але й Расіі: па Сібіры, Далёкаму Усходу, па

маладосці падарожнічаў на байдарках па рэках. То экспанаты для музея збіраліся паўсюль і самым незвычайным чынам.

Ёсць у мяне нават стол аднаго вядомага беларускага пісьменніка (шкада,  падзабыў яго прозвішча), які быў рэпрэсаваны ў 1936 годзе. Бурылі дом у Мінску, а наш супрацоўнік залез на гарышча, убачыў гэты стол, тэлефануе: “Трэба? Прыязджай, забірай!”

У.С.: Бачым: у Вас тут вялікая калекцыя прасаў, самавараў, усялякага посуду, куфраў… Цудоўная калекцыя!

Б.У.: А гэта – адгадайце, што такое!

У.С.: З першага погляду дыяпраектар.

Б.У.: Так! ХІХ стагоддзе!

У.С.: Ашалець!

Б.У.: Ёсць тут і ўсё да яго. Вось – набор каляровых  слайдаў,  якія намаляваныя  на  шкле. Гэта – карбідны ліхтар, запальваеш,  ставіш  ў скрынку, а ў адтуліну – слайд, наводзіш рэзкасць аб’ектыва і – глядзіш выяву на сцяне. Праўда,  мой  музей яшчэ трэба ўпарадкоўваць і  ўпарадкоўваць,  але, пэўна ўжо на пенсіі, калі будзе больш часу. Шкада, вельмі шкада, што наша Беларусь, ледзве не штодня губляе сваю  гісторыю,  сваю даўніну. Быў цікавы млын на рацэ Страча (недзе на Пастаўшчыне  ці  Мяд зельшчыне), якая перасякае шашу Полацк-Вільня, вадаспад на ёй. Перажыў гэты млын, і палякаў, і немцаў, і партызанаў, і савецкую ўладу, дастаяў, дажыў да часоў незанез алежнай Беларусі. Прыязджаем … Няма! Камусьці муліў гэты млын. Узарвалі нядаўна! Там было такое агромністае млыннае кола. Зрэзалі варвары аўтагенам, на металалом, напэўна, здалі. А ў гэтай жа рацэ стронга  водзіцца!

У.С.: Ой, не думаў, што так недалёка ад Глыбокага стронга водзіцца!

Б.У.: Ёсць на Беларусі стронга! У нас там добрыя стронгавыя рэкі! Я на сваім вяку добрую паўсотню заказнікаў зрабіў на Беларусі. І, зразумела, у тых месцах, дзе ў нашых рэках стронга водзіцца.

У.С.: Як я разумею, і Вашая заслуга ёсць ў тым, што возера Белае  на Глыбоччыне  з’яўляецца заказнікам?

Б.У.: Так!

У.С.: Распавядзіце.

Б.У.: Маляўнічае, прыгожае возера! Гадоў трыццаць таму ў ім была такая ўнікальная чыстая вада!

Абсалютна  ніякага ніякага ўплыву  чалавека.  Там знаходзіліся пэўныя віды флоры і фаўны, якія занесеныя ў Чырвоную кнігу. І, як здаецца, ці ў 1973 або 1974-ы годзе мы і абвесцілі азёры  Доўгае  і  Белае заказнікамі.

Ды што тут казаць, нават на гэтым хутары ёсць пяць відаў флоры і фаўны, занесеных у Чырвоную кнігу: шэры журавель, які тут, за агародамі, на балоце, бывае часта заўважны, скапа , шпажнік чарапітчаты, касацік сібірскі і прымула – такая жоўтая кветка.

У.С.: Ваш сусед па хутары – спадар Серафімовіч-старэйшы – казаў нам, што тут на возеры Супонец бачылі бакланаў  …

Б.У.: Бачыў я іх тут у мінулым  годзе, а ў гэтым, праўда, не. Гэта насланнё! Біч для Беларусі ў цэлым! Я думаю, што асноўная прычына – пацяпленне клімату. Мы заўважаем, што і белая чапля сюды з поўдня ўжо перасоўваецца, ну й бакланы, зразумела. У нас ужо можна назіраць цэлыя калоніі бакланаў, крайнія пункты на Беларусі – возера Асвейскае і возера Рычы (на мяжы з Латвіяй).

Нядаўна мы былі на Дрысвятах – там бакланы адчуваюць сябе цудоўна. Вельмі даступная ежа, асабліва ў сажалках рыбалавецкіх гаспадарак, што спрыяе іх хуткаму росту.

Вялікая праблема! Баклан – інвазіўны  від, абсалютна не ўласцівы для Беларусі. Такая “паўзучая інтэрвенцыя” на Беларусь ад берагоў Чорнага мора, з Крыма. З бакланам трэба змагацца!

Да нас ужо шмат чаго перакачавала,  напрыклад, дрэйсена (Dreissena polymorpha),  маленькая дробная  ракушка,  якая водзіцца ў нашых азёрах – понта-каспійскі від, які сюды занесены птушкамі. Яго гістарычны папярэднік жыў тут у нас гадоў так 5000. Ну, а зараз, з Заходняй Еўропы, адбываецца нашэсце сігнальных ракаў.

Гэты рак яшчэ драбнейшы, чым наш. Вось часта пачуеш: “Ракі цяпер сталі драбн е й ш ы я , не тое, што раней!” Не спяшайцеся рабіць  высновы! А можа гэта ўжо зусім іншы від ракаў, які перакачаваў  да нас з Еўропы. У нас на Беларусі – два віды ракаў: вузкапалы і шыракапалы. Калі ў адным возеры водзяцца два віды ракаў, то вузкапалы рак з цягам часу выцясняе  шыракапалага рака, і шыракапалы рак знікае ў возеры. Застаецца ў возеры толькі вузкапалы. Сігнальны ж рак, як больш агрэсіўны – выцісне і вузкапалага і шыракапалага! І самае галоўнае, сігнальны рак –устойлівы да рачынай чумы і іншых інфекцыйных захворванняў. У яго каласальная жыццяздольнасць! Шмат чаго цікавага цяпер адбываецца ў нас.

Возера Вялікі Супонец. Фота Ул. Скрабатуна.

У.С.: Акрамя стварэння прыватнага музея, якія яшчэ захапленні ў доктара геаграфічных навук?

Б.У.: Захапляюся падводным паляваннем!

У.С.: А ці чулі Вы пра такога Аляксея Віктаравіча Протаса, начальніка Глыбоцкай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету? Не наязджаў на Вас за падводнае паляванне? Не штрафануў?

Б.У.: Ведаю такога… Возера  Супонец  адведзена  для  інтэнсіўнага рыбалоўства. Лаві хоць на 20 кручкоў! Але з гэтым падводным паляваннем у нас на Беларусі – адна марока. І на сайтах пішуць:  “Хочаш  добра папаляваць? Едзь у Польшчу, Літву, альбо Расію!”.

У нас тут, як заўсёды, вельмі перагінаюць палку! Ацэньваючы шкоду ад браканьераў, ніхто ніколі, аднак, не задумаўся, не заняўся аналізам, статыстыкай…  Ніякіх  дадзеных няма, усё робіцца па прынцыпу:  спадабалася, не спадабалася, а ў галаву можа прыйсці любая дурнота. А ў гэтым годзе зусім у некага дах знясло! У міністэрстве, дзе чалавек не павінен дапускаць ніякіх ляпсусаў, хтосьці заявіў: “Нельга ўвесну пад час нерасту заходзіць у ваду, бо нагамі можна патаптаць ікру!” Трызненне! Дурасць! Такое трызненне не павінен дапускаць міністэрскі работнік! Вось менавіта такім чынам, як раз, адсеклі цэлы пласт турыстаў-байдарачнікаў, для якіх 1-га траўня – першы паход, адкрыццё сезона. А ім кажуць – забаронена плаваць на лодках!!! Дурасць несусветная! Нельга нанесці рыбе шкоду драўлянай лодкай, драўляным вяслом! Ніякай шкоды ікры!

Скапа водзіцца ў ваколіцах возера Вялікі Супонец.

Такія  людзі,  якія ўсталёўваюць падобныя забарончыя меры, вельмі далёкія ад прыроды. Ну ёсць жа ў нас спецыялісты і сярод маіх калегаў, але ніхто не пажадаў з намі раіцца. Нават падвязваюць у хаўруснікі рэлігію, маўляў і “званы на храмах маўчалі” пад час нерасту. А чаму маўчалі! Прычына простая: у гэты час, насамрэч, не было ніякіх рэлігійных святаў! Ну, дурасць! Царкоўнымі званамі можна рыбу распалохаць!

У.С.: Што Вы, як географ, думаеце пра Цэнтр Еўропы, які тут ад Вас быў у 3-5 кіламетрах, а цяпер выкрадзены Полацкам у нас?

Б.У.: Кожная краіна, якая сябе паважае, лічыць за гонар мець у сябе Цэнтр Еўропы! Усё залежыць ад таго, якія астравы ўлічваць да Еўропы, а якія не.

У.С.:  Вы  цяпер  на пенсіі? Працуеце?

Б.У.: Працую. На 600 тысяч пенсіі пасля гарадской зарплаты асабліва не пражывеш! Але ж некалі прыйдзецца… Дачка сёлета паступіла ва ўніверсітэт, трэба дапамагаць. Прыйдзецца яшчэ цягнуць гадоў пяць. Часта-нечаста, але буду прызджаць сюды ў Скрабатуны. Запрашаю!

У.С.:  Вялікі  дзякуй! Цудоўна было б правесці ноч каля вогнішча на беразе Супонца, налавіць рыбы для юшкі. Пасядзець, паразмаўляць… Рамантыка!

Дзякуй Вам і за цікавы аповяд!

Ля возера Вялікі Супонец. Фота Ул. Скрабатуна.

Уладзімір Скрабатун

comments powered by HyperComments

Автор записи: Наталья Седова