Беларуская мова робіць нашае жыццё каляровым

Ва ўсім свеце 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.

Свабодныя @Купалаўцы павіншавалі беларусаў з Днём роднай мовы. Адмыслова да гэтага дня яны прачыталі верш Рыгора Барадуліна “Беларускае слова” (1995) https://belsat.eu/?p=1714649

Беларускае слова ад спеву,

Бо спявае ў ім даўніна.

Беларускае слова ад гневу,

Ад Ярылы, ад Перуна.

Беларускае слова ад ласкі

Сведчаць вусны ды салаўі,

Не наймаліся ні ў падпаскі,

Ні ў падбрэхічы, ні ў халуі.

Беларускае слова ад злосці

Да няпрошаных прыбышоў,

Асалоду п’е з чараў мілосці,

Медавуху духу — з каўшоў.

Беларускае слова ад славы,

Ад ракі, дзе светлае дно.

Госці ўстануць з застольнай лавы,

Як у хату зойдзе яно.

Беларускае слова ад Бога.

Слову нашаму Бог дапамог.

Хто не любіць яго, ад таго

Назаўсёды адвернецца Бог!

Ва ўсім свеце 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. 21 лютага быў абраны таму, што ў гэты дзень у 1952 годзе загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданне бенгальскай мове статусу дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазней стала незалежнай дзяржавай Бангладэш. 

comments powered by HyperComments

Автор записи: Наталья Седова