Цікава часам пагартаць старонкі беларускіх дарэвалюцыйных выданняў. Вось натрапіў неяк, і ўжо даўно – у 2003 годзе – на публікацыю ў газеце “BIEŁARUS”, якая прысвечаная жыццю Мосара у 1910-я гг.
Піша краязнаўца Уладзімір Скрабатун.


Газета “BIEŁARUS “ выходзіла ў Вільні для беларусаў-каталікоў – на беларускай мове, друкавалася лацінкай. Гэта не адзіная карэспандэнцыя з Мосара. І, дарэчы, вось што цікава – жыхары Мосара лічылі сябе беларусамі-каталікамі. Гэта ўжо потым – прыйшлі палякі і “растлумачылі” – каталік, значыць – паляк.
Працытуем артыкул у газеце “BIEŁARUS”, але ў напісанні кірыліцай. Аўтар яе схаваўся пад крыптонімам “J”. Захоўваем стылістыку і правапіс.
МАСАРЫ, Вілен(скай) г(уберні), Дзісен(скага) пав(ету).
Ёсць тут стары і дужа харошы касьцёл. Народ тутака пабожны. У сьвяточные і ў нядзельные дні народу поўны касьцёл. Шмат яго зьезджаіцца на фэст сьв. Яна і на сьв. Петра, каб памаліцца да сьв Юстына, каторага рэліквіі пераховываюцца ў Масарскім касьцеле. На тыя сьвяткі прыежджаюць людзі адусюль: з Глыбокага, з Лучаю, з Задзеўя, ды нават з далейшых ваколіцаў – аж з Мінскай губерні. Прыежджаюць не толькі каталікі, але і праваслаўные, даўнейшыя ўніяты. Хораша глядзець, як усе гэтыя людзі шчыра моляцца Богу. Не адзін нідаверак могбы навярнуцца, глянуўшы на іх жывую, гарачую веру і на іх вялікую любоў да Бога.
Дрэнна тут толькі тоя, што якраз нідалёка касьцёлу стаіць карчма. Ля яе п’яные дзяцюкі сварацца, ды і б’юцца, нават у тыя вялікія сьвяткі. Б’юцца найчасцей парабкі масарскага пана П(ілсудскага). Ягож і тая карчма. Як то добра было-б, замест аддаваць хату пад карчму, – каб пан П(ілсудскі) аддаў яе пад народны дом, на чытальню і бібліятэку, ці што іншае добрае для суседніх сяляноў, за іх цяжкую працу ў яго дварэ, чымсі прыспорываць атруту для беднага і цёмнага мужыка. Гэтым дапікаў пана П(ілсудскага) ксёндз Дудз…, але відаць нічога тоя ні памагло.
Тутэйшы народ трымаіцца старыны: усе пяюць харошыя беларускія песьні, гуляюць даўныя гульні, прымерам “Цярэшку”, “Перапёлку” і іншыя. Шмат у якіх песьнях ёсьць звароткі да Бога, да Хрыстуса, да Яго Маткі Найсьвяцейшай. Гэта сьведчыць аб тым, як ужо здаўна ў нашым народзе ўмацавалася хрысьціянская вера. У аднэй песьні так пяецца:
“Хіба мяне маці ў касьцёл ні насіла,
Чаму мне маці долі ні ўпрасіла”.
Аднаго разу, калі я зьбіраў і запісываў песьні, дык кабета пеяла мне іх і плакала. – Чаго, пытаюся, плачыш? ”Як, кажэ, ні плакаць, што песьні тутэйшыя народ выпяяў с сваей душы, с свайго гора, жуды і радасьці – с свайго мінулага жыцьця, дык шанаваць і захаваць гэтые скарбы свае хіба народ патрапіць.
J…
