БТПР нагадвае аб неабходнасці выконваць правілы бяспекі ў час палявання

Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў звяртае ўвагу на абавязковасць выканання правіл бяспекі на паляванні, асабліва на калектыўным, дзе колькасць небяспечных фактараў узрастае, паведамілі БЕЛТА ў БТПР. У час загоннага палявання яе кіраўнік павінен пазначыць стрэлкамі месцы, дзе знаходзяцца іншыя паляўнічыя, кірунак загону, дазволены сектар стральбы. Кожны павінен дакладна ведаць размяшчэнне ўсёй стралковай лініі.

 

Стральба на загонным паляванні праводзіцца згодна з устаноўленымі карыстальнікам паляўнічых угоддзяў патрабаваннямі, як правіла, пасля выхаду паляўнічай жывёлы за стралковую лінію. У асобных выпадках з дазволу кіраўніка палявання дапускаецца стральба ўнутры аблогі пры ўмове забеспячэння бяспекі, пры гэтым за наступствы нясе адказнасць стралок. Загоннае паляванне забараняецца праводзіць прыцемкам, у тумане, у моцны снегапад і ў іншых умовах дрэннай бачнасці. Нельга страляць на шум, шорах, па невыразна бачнай цэлі, супраць сонца, а таксама ўздоўж стралковай лініі, за межамі свайго сектара, пасля сігналу аб завяршэнні загону. Паляўнічым забаронена выходзіць на сярэдзіну прасекі, дарогі або на процілеглы бок аблогі, мяняцца нумарамі, самастойна выбіраць месца і сыходзіць з нумара да завяршэння загону (акрамя выпадкаў, калі трэба аказаць неадкладную дапамогу таму, хто трапіў у бяду). Паляўнічая зброя не павінна мець тэхнічных няспраўнасцей. Забаронена прымяняць самазарадную зброю з ёмістасцю магазіна больш як на 10 патронаў, а таксама патроны да наразной зброі з абалонкавай куляй і да гладкаствольнай зброі з круглай куляй. Пры пасадцы ў транспартны сродак і высадцы з яго зброя павінна быць не зараджана. Нельга даставаць сабраную зброю з аўтамабіля за ствол. Забаронена таксама страляць і знаходзіцца з зараджанай паляўнічай зброяй на адлегласці менш як 200 м ад крайняга збудавання населенага пункта. Нельга накіроўваць паляўнічую зброю, у тым ліку незараджаную, на чалавека, свойскіх жывёл або месцы іх размяшчэння. Устаноўлена забарона і на стральбу ў напрамку людзей, населеных пунктаў, сельскагаспадарчых жывёл, транспартных сродкаў з агнястрэльнай гладкаствольнай паляўнічай зброі на адлегласці менш як 500 м да іх, з агнястрэльнай паляўнічай зброі з наразным ствалом — менш як 2 км. «Абазначыўшы свой паляўнічы камуфляж элементамі адзення яркага колеру, вы зробіце сябе больш прыкметным для людзей. Пры гэтым для паляўнічых жывёл вы застаняцеся такім жа непрыкметным: даказана, што ў млекакормячых адсутнічае каляровы зрок», — дадалі ў БТПР.
 БелТА.

comments powered by HyperComments

Автор записи: Наталья Седова