Дэпутат Маргарэт Баўзэ папярэдзіла аб наступствах «няправільнага сігналу» для дыктатуры.
Урад Нямеччыны павінен запатрабаваць пераносу з Беларусі чэмпіянату свету ў хакеі-2021, заявіла прадстаўніца фракцыі «Звяз-90/Зялёныя», дэпутатка Бундэстагу Маргарэт Баўзэ, паведамляе «Радыё Свабода».
Дэпутатка, якая адказвае за пытанні правоў чалавека і гуманітарнай дапамогі, а таксама намесніца старшыні нямецка-беларускай парламенцкай групы, выказалася аб немагчымасці адэкватнага ўспрымання маўчання нямецкіх уладаў на жахлівыя падзеі ў Беларусі.
«Заахвочванне дзяржаўнага тэрору брутальнага дыктатара Лукашэнкі правам правядзення буйной міжнароднай падзеі было б цалкам няправільным сігналам. Гэта павінен усвядоміць федэральны ўрад і запатрабаваць ад нямецкага хакейнага звязу і Міжнароднай федэрацыі хакея перанесці чэмпіянат свету», – напісала Маргарэт Баўзэ на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Дэпутатка адзначыла, што сваю пазіцыю аб немагчымасці правядзення ў Беларусі хакейнага ЧС яна выразна выказала ў аўтарытэтнай газеце Frankfurter Allgemeine Zeitung.
Міжнародная федэрацыя хакея (ІІХФ) пакуль не прыняла пастанову аб лёсе ЧС-2021, які павінны былі прыняць Беларусь і Латвія. Раней урад Латвіі прасіў у сувязі з разгонам мірных дэманстрацый і катаваннямі пратэстоўцаў у Беларусі перадаць правы асноўнага арганізатара іншай краіне. Прэзідэнт ІІХФ Рэнэ Фазэль і Рада Федэрацыі выказалі меркаванне, што для развязання неабходна больш часу.
Пазбавіць Беларусь права правядзення турніру заклікаў Фонд спартыўнай салідарнасці, які выступіў супраць фальсіфікацыі вынікаў жнівеньскіх прэзідэнцкіх выбараў і рэпрэсій Лукашэнкі да іншадумцаў. Таксама выразна сваю пазіцыю супраць правядзення чэмпіянату свету ў Беларусі выказалі дэпутаты Еўрапарламенту і віцэ-прэзідэнт ІІХФ Калерва Кумала.
Здаецца, улады Беларусі самі ўжо не вераць у рэальнасць пакінуць права на чэмпіянат свету ў сябе, бо хакейны чэмпіянат свету не ўключылі ў пералік спартыўных мерапрыемстваў на 2021 год. Гэта здзівіла нават прыхільнікаў Лукашэнкі, якія выступалі за правядзенне турніру ў Беларусі.
Зборная Даніі 7 студзеня стала першай нацыянальнай камандай, прадстаўнік якой афіцыйна заявіў, што каманда не прыедзе на чэмпіянат свету, калі яго не перанясуць з Беларусі ў іншую краіну.
comments powered by HyperComments