25 траўня над журналістам фрылансерам Змітром Лупачом адбыліся два суды з разбегам у пару гадзінаў — у Глыбокім і ў Браславе.
30 б/в штрафу — у Глыбокім, 30 б/в штрафу — у Браславе.

На ранішнім глыбоцкім судзе разглядалі адміністратыўную справу ў дачыненні Змітра за фільм – “Адукаванасць” беларускай міліцыі”, які размешчаны на YouTube-канале Белсата. У відэароліку апавядаецца, што на Дзень Волі (25 сакавіка) глыбоцкая міліцыя адправіла грамадскім актывістам “повеСкі”, каб папярэдзіць святкаванне ўгодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Дзе на аркушы заміж слова “повесТка” напісана было – “повеСка”. Актывісты, якія атрымалі такі “дакумент”, убачылі тонкі намёк, бо побач з пастарункам міліцыі стаіць руіна былога кляштара кармелітаў, дзе генерал Мураўёў, званы ў народзе “вешальнікам”, выносіў смяротныя выракі паўстанцам 1831 года.
Глыбоцкі суд за гэты сюжэт пакараў Змітра Лупача – 30 б/в штрафу.
У другой палове дня адбыўся суд у Браславе. Суддзя В.Б. Пракопчык зачытала пратаколы, якія былі складзеныя браслаўскай міліцыяй адносна Змітра Лупача, а таксама сведчанні апытаных двух сведак з вёскі Слабодка, якія адмыслова па павестцы прыехалі з гэтай вёскі.
– У выніку маніторынгу СМІ капітанам браслаўскай міліцыі (назвала прозвішча) быў выяўлены на YouTube-канале відэаролік – “Лукашэнка купіў рэзідэнцыі каля псіхіятрычнай лякарні?” – зачытала суддзя В.Б. Пракопчык. Змітру Лупачу і сведкам было паказана і само “вещественное доказательство”, якое было запісанае на CD-дыск.
Суддзя вынесла аналагічны вырак – 30 б/в штрафу.

У кожным судзе – Глыбокім, Паставах, Докшыцах, Шаркоўшчыне, Браславе – як пад капірку, зачытваюць віну Змітра Лупача – “праца на замежны СМІ без акрэдытацыі ў Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь”.
Падаецца так, што ўлады злоўжываюць словам “акрэдытацыя”.
Акрэдытацыю СМІ, звычайна, просяць на закрытыя мерапрыемствы ці ва ўстановы, куды доступ абмежаваны, напрыклад, парламент, пракуратура…
Якая ж “акрэдытацыя” патрэбная для паездкі ў Слабодку? Любы чалавек, і замежнік у тым ліку, туды, і не толькі туды, а куды заўгодна, можа паехаць і зняць відэаролік ды выставіць на YouTube.
І, нарэшце, згодна Дэкларацыі правоў чалавека, якую ратыфікавала і Беларусь:
«Кожны чалавек мае права на волю перакананняў і на вольны выраз іх. Гэта права ўключае волю прытрымлівацца сваіх перакананняў без умяшання і волю шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі любымі сродкамі і незалежна ад дзяржаўных межаў».
Уладзімір Скрабатун.
comments powered by HyperComments