Чым жыло Глыбокае восемдзесят год таму

Па старых віленскіх газетах лёгка ўзгадаць, што было ў Глыбокім і на Глыбоччыне ў студзені 1939 года.

Дзяржава займалася пытаннем падняцця ўз­роўню земляробства. За 1938 год у Дзісенскім павеце земляробскае на­вучанне праводзілася на 55 земляробскіх курсах, праз якія прайшлі каля 400 вучняў, і ў супольнасцях гаспадароў, якія ахапілі 1.422 чалавекі. Агранамічны персанал апекаваўся 414 узорнымі гаспадаркамі. На 1939 год у Дзісенскім павеце меркавалася стварыць 150 планаў развіцця гаспадарак, пабудаваць 18 сушыльняў ільну, працягваць будаўніцтва трох малачарняў.

Прыстань Саюза Стральцоў на вуліцы Кракаўскай. Ад яе засталіся каменныя цокальныя паверхі, на якіх у савецкі час былі ўзведзены дамы на вуліцы Савецкай. Збудаваная ў 1934 годзе, калі Дзісенскім паветам кіраваў ініцыятыўны стараста Людвік Музычка. Ды, аказалася, што такі вялікі будынак Глыбокаму непатрэбны і наступныя гады Саюз Стральцоў шукаў спосабы атрымаць з яго прыбытак. Урэшце, перад самай вайной яго перабудавалі пад сядзібы грамадскіх арганізацый.

 

 

За 1938 год было закуплена 3.919 саджанцаў садовых дрэваў для развіцця садаводства. У 1939 годзе планавалася дапамагчы 300 гаспадарам у закладанні садоў і стварыць тры гандлёвыя сады плошчай 37 гектараў.

У Станіславове каля Шаркоўшчыны пачаліся меліярацыйныя працы на гэтак званых “дзісненскіх глеях”, якія мелі на мэце даследванне магчымасцяў урадлівасці гэтых земляў. Працы фінансавала Міністэрства Земляробства і Земляробскіх Рэформаў. Дзяржава падтрымлівала меліярацыю, выдзяляючы субсідыі, якія часткова пакрывалі кошт, і нізкапрацэнтныя крэдыты. У 1939 годзе планавалася загаспадарыць 150 гектараў меліяраванай зямлі.

У Пастаўскім павеце вяліся размовы пра будаўніцтва кааператыўнага бровара ў Мосары.
У Глыбокім Саюз Стральцоў выступіў з ідэяй стварэння рамесніцкай школы і прапанаваў здаць у арэнду будынак прыстані на возеры Вялікае, які быў пабудаваны пры старасце Людвіку Музычку ў 1934 годзе, але не выкарыстоўваўся эфектыўна.
У Галбеі ў 1938 годзе была пашыраная шкляная гута.

Прыстань Саюза Стральцоў на вуліцы Кракаўскай. Ад яе засталіся каменныя цокальныя паверхі, на якіх у савецкі час былі ўзведзены дамы на вуліцы Савецкай. Збудаваная ў 1934 годзе, калі Дзісенскім паветам кіраваў ініцыятыўны стараста Людвік Музычка. Ды, аказалася, што такі вялікі будынак Глыбокаму непатрэбны і наступныя гады Саюз Стральцоў шукаў спосабы атрымаць з яго прыбытак. Урэшце, перад самай вайной яго перабудавалі пад сядзібы грамадскіх арганізацый.

У Германавічах раслі абароты спажывецкага кааператыва “Przyszłość”. За 1938 год кааператыў даставіў у Германавічы 13 вагонаў розных тавараў і вывез больш за дзясятак вагонаў ільну. Да кааператыва належалі каля 300 чалавек. Развіццё гандлю стрымліваў кепскі стан дарогі паміж Шаркоўшчынай і Германавічамі – восенню і вясной нельга было праехаць, а перавозка аднаго вагона з Шаркоўшчыны каштавала 225 злотых, а з Глыбокага – 450 злотых. У Празароках з кожным годам павялічваўся абарот тамтэйшага кааператыва спажыўцоў, які, між іншым, дастаўляў у Празарокі вугаль, цэмент, вапну, штучныя ўгнаенні.
Дарэчы, з пачатку сезона і да сярэдзіны студзеня на станцыі Глыбокае было выгружана 200 вагонаў вугалю. Вуглём цепліўся не толькі горад, але і суседнія вёскі – гэта было танней, чым цепліць дрэвам.

Вось так пачынаўся студзень восемдзесят год таму, у апошні год спакойнага жыцця перад пачаткам ІІ Сусветнай вайны.

Як у цэнтры Глыбокага паставілі бомбы

«Для таго, каб зра­біць відавочнай для на­сельніцтва значэнне супрацьпаветранай і супрацьгазавай абароны», – пісаў Kurjer Wileński ў канцы 1935 года – магістрат Глыбокага пастанавіў паставіць у гарадскіх скверах два макеты авіяцыйных бомбаў.
У 1938 годзе невядомы аўтар вельмі нялітасцівага да Глыбокага артыкула ў віленскім «Słowie» пасмяяўся і з гэтых «бомбаў».

Адзін з макетаў авіяцыйных бомбаў стаяў наўпрост перад касцёлам (злева – у кадры). Адметнасць таго часу – шырокае выкарыстанне гужавога транспарту.

Я ўсё хацеў знайсці дзе-небудзь здымкі тых бомбаў. І вось, пераглядаў фоты канца 1930-х і прыгледзеўся – стаяла вось на плошчы каля касцёла, дзе цяпер аўтобусны прыпынак, утыркнутая носам у зямлю.

Кастусь Шыталь,
краязнаўца.

comments powered by HyperComments

Автор записи: natashasedova23