• Чт. Ноя 30th, 2023

Дзе пад Глыбокім можна зрабіць калі не гарналыжны курорт, то хоць гарналыжную трасу?

Автор:vglybokaye

Фев 2, 2022

Піша Уладзімір Скрабатун.

Гэтае пытанне ў аўтара гэтых радкоў узнікла даўно, гадоў 10-15 таму. Але я не спяшаўся ацэньваць месцы Глыбоччыны на прадмет узвядзення там нейкай гарналыжнай трасы. Ды, па простай прычыне – не было сапраўдных зімаў. Памятаецца, гадоў 10 таму, 2 зімы запар былі зусім бясснежныя! Потым, гадоў 5 таму, мяне МНСнікі прагналі з лёду возера Мушкат, дзе я вудзіў рыбу. Маўляў, загад “губернатара”, ты што не чытаў! Выхад на лёд забаронены!

Сёлета – зіма нармалёвая, і снегу шмат. Самы час пра гэта паразмаўляць!

Такіх месцаў на Глыбоччыне не адзін дзясятак! Згадаем хоць вёску з характэрнай назвай – Горкі. Там – лагойскія краявіды! Ёсць такія месцы і каля Чарневічаў…

Але ўсё гэта – далекавата ад Глыбокага. Хацелась бы прапанаваць месца зусім блізкае ад горада, каб зручна было нашым людзям. Разумею, што сапраўдныя аматары гарналыжнага адпачынку паедуць і ва ўкраінскі Букавель, а не тое што ў Сілічы пад Мінскам. Але я маю на ўвазе простых людзей, якія не маюць высокіх заробкаў, каб выкраіць са свайго сціплага сямейнага бюджэту значныя сумы хоць бы на тыднёвае падарожжа ў Карпаты. А там і не танныя гатэлі, харчаванне, пракат гарналыжнага рыштунку.

Ну, дык якое месца пад Глыбокім прапануе аўтар? Давайце спачатку глянем мапу Беларусі. Глыбокае стаіць пры канцы Свянцянскіх градаў, гэтая града пераходзіць у Полацкую нізіну. Як раз такое месца пераходу грады ў нізіну – ля вёскі Мярэцкія. Ля развілкі дарог на Мосар і Шаркоўшчыну. Града паступова, цягам 1,5 кіламетрa, спускаецца да вёскі Сапеліна, а дакладней да возера Нарушова. Перапад вышыняў – 43 метры!

Можна для разгону насыпаць яшчэ і горку – метраў 15, а то й вышэй.

Ясна, калі рабіць трасу, то гэтыя 1,5 км прыйдзецца нівеліраваць, дзесьці засыпаць упадзіны, павысякаць кустоўе…

Спуск ў Полацкую нізіну ля Сапеліна.

(Фота ад вёскі Патупы)

Аб’ектыў фотаапарата з 20 кратным набліжэннем робіць памылковае ўражанне, што гара рэзка ўздымаецца ўверх, насамрэч пад’ём расцягнуты на 1,5 кіламетра.

Прыкладная схема гарналыжнай трасы даўжынёй у 1,5 кіламетра

Перапад вышыняў у 43 метры.

Сама мапа не мае значэння, яна можа быць любой, хоць і савецкай, галоўнае, каб быў бачны перапад вышыняў. Мапа, якая патрапіла пад руку — польская вайсковая мапа да 1939 года. Бачна адзнака паверхні вады возера Нарушова ў 139 м над узроўнем мора, лявей надпісу Litewszczyzna (Літоўшчына, цяпер у складзе вёскі Мярэцкія) стаіць адзнака паверхні — 182,4 м. То бок перапад на 1,5 км — 43 метры.

Каму адрасавана мая прапанова? Зразумела, не ўладам! Яны, натуральна, напішуць адказ і нават на беларускай мове, што рабіць гарналыжную трасу ў Глыбокім не мэтазгодна, прапауем вам ездзіць у Сілічы. Я выкладваю прапанову маладым прадпрымальным людзям, патрыётам Глыбокага, і я мяркую яна можа іх зацікавіць. Не буду распісваць пра тое, што гэта можа быць і добрым бізнес праектам. Пракат лыжаў, сноўбордаў, пабудова кавярняў… Ды й, зрэшты, прыйдуць сюды пакатацца не толькі глыбачане, але і прыедуць ахвотныя з Браслава, Полацка, Мёраў, Докшыцаў, Шаркоўшчыны… А могуць і мінчукі, балазе побач — бойкая траса Мінск-Рыга, а пятніца-субота-нядзеля – вялікі трансвер у Браслаў і назад. Прыпыніцца можа ледзьве не кожнае аўта.

comments powered by HyperComments
Scroll Up