• Пт. Сен 24th, 2021

Дзікія звяры забіраюць сабе абязлюдзеныя тэрыторыі Глыбоччыны

Автор:vglybokaye

Сен 11, 2021

Да статка кароў ля адной з вёсак Глыбоччыны прыбілася зубраня і пасвіцца разам з каровіным статкам. Дае магчымасць зрабіць фота на памяць з маладой і пекнай цялушкай.

Месца здымкі мяне прасілі не называць, каб не наклікаць браканьераў. Адно скажу — зроблены ён у 15 км на поўнач ад Глыбокага. Падзяліўся здымкам мой зяць, які працуе інжынерам на сельгаспрадпрыемстве, якое належыць камбікормаваму заводу. А сам здымак зрабіў яго падначалены механізатар. 

Паведамленні пра чарговага зубраня, якое прыбілася да каровінага статку ў розных частках Беларусі, паступаюць штогод. Ходзяць чуткі, якія спраўдзіціць не ўдалося, што пару гадоў таму зуброў бачылі і ля шаркоўскай запраўкі.

Тое, што зуброў бачаць за 50-100 км ад Белавежскай пушчы — яшчэ вытлумачальна. А ў нас?

Імаверна, ён уцёк ад суродзічаў з Чырвонаборскай папуляцыі ў Расонскім раёне і пайшоў вандраваць самастойна — такія выпадкі раз-пораз здараюцца.

Хто чуў яшчэ 15 гадоў таму пра мядзведзяў у глыбоцкіх лясах? Я не чуў! А цяпер можна патрапіць якому клышаногаму і на сняданак.

Збіраў неяк масляты ў маладым сасонніку ля Падсвілля… Чую сасоннік трашчыць, і трэск усё набліжаецца і набліжаецца. Бачу карычневую постаць між дрэваў — ну, думаю, кабздзец! Не! Яшчэ не кабздзец! Гэта была мажная жанчына ў карычневай куртцы! Ішла, як бульдозер, ламаючы ўсё на сваім шляху!

Апавядала адна знаёмая, як 2 гады таму паехалі сям’ёй у Чорны Ручай на лясное возера шашлыкі пасмажыць… Пасмажылі, накрылі паляну. Але пах шашлыкоў паказытаў нос яшчэ і аднаму клышаногаму. Прыйшоў да накрытай паляны і ён. А сямейства — у машыну хавацца! Назіраюць.  Ну, а мядзведзь скарыстаў момант — што не з’еў, тое надкусіў! Во, як!

Як перасталі баброў адстрэльваць на шапкі — распладзіліся, ператварылі пусткі — былыя калгасныя землі — у балоты і азёры. Нават пасяліліся ў межах горада (азёры Бяглец і Мушкат).

Папулярны сюжэт некаторых відэролікаў — што будзе на Зямлі праз 5, 10, 20, 50 гадоў, калі, раптам, знікне чалавек? Спачатку на асфальце вырасце трава, потым з’явяцца дрэвы на 9-павярховых дамах…

А потым у “горад” прыйдуць дзікія жывёлы…

 

 

 

Уладзімір Скрабатун.

comments powered by HyperComments
Scroll Up