• Вс. Сен 24th, 2023

Дзмітрый Дзёмін — дудар і майстар з Глыбокага

Автор:vglybokaye

Окт 28, 2021

(14 чэрвеня 1967, Глыбокае — 28 кастрычніка 2020, Петразаводск)

Піша Віталь Воранаў, даследчык беларускай дуды, арганізатар фэсту Дударскі Рэй у сваёй кнізе “Дудары Глыбоцкага краю”.

Пра такога чалавека вельмі цяжка пісаць у мінулым часе. Тым больш, што пазнаёміліся мы здаецца зусім нядаўна. Дудар і майстар Дзяніс Сухі спытаўся ў мяне ці знаёмы я з Дзмітрыем Дзёміным, глыбоцкім „мальцам”, які жыве ў Петразаводску (Карэлія). Неўзабаве мы ўпершыню спісаліся з Дзмітрыем і было адчуванне, што былі знаёмыя ўсё жыццё. Першае ўражанне – прыемны, кантактны, светлы чалавек. Большую частку жыцця пражыў у Петразаводску, у Карэліі – аднак спрабуе адказваць па-беларуску. Ужо пазней са здзіўленнем даведаўся, што Дзмітрый родны унук глыбоцкага паэта Алеся Дубровіча – паэта з трагічным лёсам, бюст якому ўстаноўлены на алеі славутых землякоў.


Дзмітрый грае на дудзе каля бюста свайго дзеда Алеся Дубровіча.

Нарадзіўся ў горадзе Глыбокае Віцебская вобласці (Беларусь). Дзяцінста і маладосць прайшлі на вуліцы Маладзёжнай.  У 1982 годзе скончыў ДМШ № 1, у 1986 годзе — аддзяленне духавых і ўдарных інструментаў Віцебскага музычнага каледжа, у 1991 годзе — кафедру духавых і ўдарных інструментаў Петразаводскай дзяржаўнай кансерваторыі па спецыяльнасці «кларнет». Яшчэ раней, ва ўзросце 22 гады, Дзмітрый пераяжджае ў Карэлію, якая прывяжа яго да сябе і сваёй культуры ўжо да канца жыцця. Там скончыў ПФ ЛОЛГК па спецыянальнасці «кларнет» (клас дацэнта Г. Г. Валена, 1991). З 1989 года працаваў у Петразаводскай кансерваторыі як майстар па настройцы і рамонту музычных інструментаў. З 2003 года выкладаў на кафедры музыкі фіна-вугорскіх народаў.

  Якраз у Карэліі Дзмітрый прасякся любоўю да эстонскай дуды – торупіл, традыцыю якой прадстаўляў на першыс фэсце „Дударскі рэй” у 2017 і 2018 гадах. Па меркаваннях некаторых даследчыкаў торупіл мае агульныя рысы з беларускай дудой.

               

Дзмітрый хутка прыняў рашэнне прыехаць на першы фэст, хоць паміж Петразаводскам і Глыбокім столькі кіламетраў… Ён прыяжджаў на фэст двойчы, разам з жонкай і малым дзіцём. Дарэчы, у Дзмітрыя застаўся яшчэ дарослы сын Уладзіслаў Дзёмін, вельмі падобны да бацькі і таксама як бацька – таленавіты музыкант. Дзмітрый прыяжджаў не толькі для таго, каб паўдзельнічаць у фэсце. Яго ў першую чаргу цягнула дадому – на Бацькаўшчыну, да сваякоў і родных. Яшчэ ў 2009 годзе ён прыяжджаў у Мінск дзе пазнаёміўся з многімі беларускімі дударамі. 17 чэрвеня Дзмітрый выступаў на славутым Карчы – месцы сустрэч дудароў. У Глыбокае ён прыяжджаў як на радзіму, да сваякоў. У Глыбокім жыве брат Дзімы. Дзіма вельмі любіў свой родны горад і моцна падтрымліваў ідэю дударскага фэсту.

Дзмітрый шчыра захапіўся ідэяй зрабіць некалькі тыпаў беларускай дуды. Збіраўся зрабіць для Глыбоцкага музея копію дуды з Верацеяў. Ён з нецярпеннем чакаў фотаздымкаў, якія я прывёз пасьля наведвання Віленскага музея, дзе захоўваецца арыгінал дуды з Верацеяў, 1849 году. Ведаю, што як мінімум паспеў загатаваць скуру барсука і зрабіць тэхнічныя малюнкі. Жартаваў – „абяцянае чакаюць тры гады”.

Пра шматкроць заўчасную смерць Дзмітрыя Дзёміна паведамілі СМІ Карэліі (Расія). У памяці людзей ён застаўся вядомым выкладчыкам, рэканструктарам карэльскіх народных інструментаў, адораным музыкам-іправізатарам, удзельнікам фальклёрных гуртоў, даследчыкам музычнай спадчыны рэгіёну. У якасці выканаўцы Дзмітрый Дзёмін быў удзельнікам шматлікіх творчых калектываў: нацыянальнага ансамбля песні і танца Карэліі «Кантэле», фальклорнага тэатра «Карэльская горніца», фолк-групы «Мюлярыт», фолк-групы Sattuma і інш. Аб’ездзіў з гэтымі калектывамі паў свету, у тым ліку ўдзельнічаў у гастролях у Амерыцы. Найчасцей, канешне, музыканты выступалі для карэльскай публікі. Так падчас аднаго з канцэртаў у Петразаводску, 8 сакавіка 1998 года, з машыны гурта „Мюлярыт” укралі кларнет, дуду і народную флейту. Трохі пазней злодзеяў злавілі, аказалася, што магнітолу яны прадалі, флейту згубілі, а дуда захавалася. Канал „Ніка Плюс” паведамляў, што Дзмітрый так усцешыўся знаходцы, што зайграў на дудзе прама ў студыі тэлебачання. 

У Карэліі Дзмітрый займаўся адраджэннем і захаваннем фіна-вугорскай музычнай традыцыі. Сам рабіў і рамантаваў традыцыйныя інтсрументы. Дзмітрый не толькі вырабляў, настройваў, граў і выкладаў ігру на дудзе, кантэле, флейце, самаробных скрыпках. Прымаў удзел у падрыхтоўцы выданняў, прысвечаных трыдыцыйным інструментам народаў Карэліі. Рабіў дуды, у тым ліку эстонскую дуду – торупіл і марыйскую дуду — шувыр.


Дзмітрый грае на марыйскай дудзе зробленай сваімі рукамі. Гэта адзін з апошніх інструментаў зробленых майстрам.

Шувыр лічыцца сапраўдным магічным інструментам марыйцаў. Гэтую унікальную дуду робяць з каровінага мачавога пухіра. Спачатку два тыдні яго падрыхтоўваюць з дапамогай кашы і солі і толькі потым, калі пухір змякчэе, да яго прымацоўваюць трубку і рог. Марыйцы лічаць, што кожны элемент інструмента надзелены асаблівай сілай. Музыкант, які выкарыстоўвае яго, можа разумець, аб чым спяваюць птушкі і гавораць звяры. Слухаючы гульню на гэтым народным інструменце, людзі ўпадаюць у транс. Часам з дапамогай шувыра людзі вылечваюцца. Марыйцы вераць, што музыка гэтай дуды з’яўляецца ключом да брамы свету духаў.

Шматлікія іншыя інструменты зробленыя Дзмітрыем Дзёміным захоўваюцца ў музейных калекцыях у Карэліі. За трыццаць гадоў працы ў Петразаводскай дзяржаўнай кансерваторыі ім. А.К. Глазунова зрабіў каля 1000 народных музычных інструментаў. Трэба прыкласці ўсе намаганні, каб хоць адзін інсрумент зроблены Дзімам трапіў на захаванне ў Глыбоцкі музей.

Пазнаёміцца з навукова-культурнай дзейнасцю нашага земляка можна ў Цэнтральнай бібліятэцы. Аўдыё і відэа запісы, якія музыка пакінуў бібліятэцы ў падарунак з’яўляюцца часткай сталай экспазіцыі „Дуда мая ты спеўная”. 

 

Многія ўдзельнікі фэсту згадваюць яго як светлага, усмешлівага чалавека з якім прыемна праводзіць час у адной кумпаніі. Я так уяўляю яго і цяпер. Белая кашуля, шчырая усмешка, Дзмітрый грае на дудзе каля бюста свайго дзеда, на Алеі славутых землякоў у Глыбокім. І гэты ўспамін безумоўна сонечны. Пазней у інтэрнэт-часопісе Рэспубліка Карэлія я прачытаю ў адным з інтэрв’ю адказ Дзмітрыя на пытанне карэспандэнткі: “Што вас грэе?”

 

– Мяне – сонца і сённяшні добры дзень. Я раней кожны дзень прачынаўся і лётаў. Проста ад таго, што жыву. У мяне так часта бывае. Многае ў жыцці звязана з сонцам, з настроем. Гэта для мяне важна. Я «кантэле» памятаю па рэпетыцыях у аркестравым класе, дзе сонца біла ва ўсе гэтыя велізарныя вокны і стварала заўсёды такі неймаверны настрой. Я палюбіў аўтамабіль пасля першай паездкі на ім. Быў марозны і вельмі сонечны дзень – такі ўздым і натхненне! Усё гэта застаецца і нікуды не сыходзіць.

І гэта не проста шаблонны адказ на журналісцкае пытанне. Дзітрый такім і быў, сонечным і спагадлівым. Помню як мне не вельмі спадабаўся ўласны запіс прома-роліка да фэсту „Дударскі Рэй”, які быў зроблены ў фармаце бачання на 360 градусаў. Мяне не задавальняла як гучыць дуда і ўласна тое як я граю. Дзмітрый паглядзеў відэаролік і сказаў – усё класна, усё як мае быць. Казаў гэта прафесіянальны музыкант, які безумоўна чуў, што выкананне і гук недасканалыя, але якраз такім быў стыль і спосаб быцця Дзмітрыя. 

Апошні выступ дудара ў Глыбоцкім краі адбыўся ў 2018 годзе. Дзмітры Дзёмін зайграў у касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Удзеле. Па традыцыі дудары заходзяць у касцёл граючы на дудзе. У канцы службы дудар становіцца перад алтаром, тварам да параф’янаў. Дзмітрый пачакаў пакуль сваю мелодыю дайграе Юрыс Ліпсніс з Латвіі. Надзьмуў мех, зайграў невялікі найгрыш і рушыў да выйсця – да сонца.

Хай эпілогам да гэтага партрэту дудара будзе верш іншага нашага земляка, паэта Міхася Машары пад назвай Петразаводск.

comments powered by HyperComments
Scroll Up