Экскурсія для людзей з абмежаванымі магчымасцямі прайшла ў Глыбокім

Яе правяла экскур­савод Вольга Пашковіч. Мерапрыемства адбы­лося ў рамках фэсту экскурсаводаў, які прай­шоў у нашай краіне 13 кра­савіка.
Экскурсія распачалася ка­ля помніка Глыбоцкай вішні. Вольга не толькі распавядала пра глыбоцкія цікавосткі, але і пыталася пра гэта ў сваіх слухачоў. За правільныя і цікавыя адказы яны атрымлівалі адпаведную колькасць балаў.


Затым экскурсія перамяс­цілася на Цэнтральную плошчу горада да кампазіцыі, прысвечанай дружбе народаў. Якраз там размешчаны глы­боцкі “нулявы” кіламетр, ад якога вымяраюцца адлегласці да беларускіх гарадоў і сталіц суседніх краін. По­тым экскурсанты наведалі скульптурную кампазіцыю “Сям’я”, якая таксама зна­ходзіцца на гэтай плошчы.
Далей яны зрабілі пешую прагулку па ўзбярэжжы возе­ра Кагальнага да таго месца, дзе месціцца рэзідэнцыя Вішнёвай каралевы і ўста­ляваны бюст аграному Ба­ляславу Лапыру. Гэта адна з самых нядаўніх скульптур у Глыбокім, усталяваная яна ў памяць чалавека, дзякуючы якому ў Глыбокім і стала магчымым правядзенне Віш­нёвых фэстаў.
Пасля Вольга правяла іх да самалёта, які ўсталя­ваны насупраць першай шко­лы. Гэта самалёт канст­руктарскага бюро імя Паўла Сухога, чыё імя носіць і школа, размешчаная на­супраць. На процілеглым беразе, у парку Перамогі стаіць яшчэ адзін самалёт Сухога, куды экскурсанты таксама прайшлі пешкі па беразе возера Кагальнага. Там Вольга распавяла ім пра ўсе помнікі і кампазіцыі, што ўсталяваныя на тэрыторыі парка.
Вольга Пашковіч распавя­ла і пра тую старонку ў гісторыі горада, калі рака Бярозаўка дзяліла яго не толькі паміж двума ўладальнікамі, але і была мяжой двух ваяводстваў – Віленскага і Полацкага.
А закончылася экскурсія на Алеі знакамітых землякоў, што размешчаная на прыкас­цельнай плошчы. Прычым Вольга не толькі сама распавядала пра знакамітых людзей Глыбоччыны, але і прапаноўвала людзям з абмежаванымі магчымасцямі самім распавесці пра іх. Было вельмі прыемна чуць, што пра гэтых людзей экскурсанты ведалі і шмат што маглі расказаць.


А напрыканцы экскурсіі быў падведзены вынік па колькасці балаў і вызначаныя пераможцы, якія атрымалі салодкія прызы. Трэба сказаць, што без падарункаў не засталіся і астатнія ўдзельнікі экскурсіі. А самае галоўнае, што на працягу гэтага мерапрыемства Вольга падаравала людзям цудоўны настрой і новыя веды па гісторыі Глыбокага.
Ідэя Фэсту экскурсаводаў нарадзілася ў Беларусі дзесяць гадоў таму, у 2009 годзе. Прымеркаваны ён да даты 18 красавіка, калі ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень помнікаў і мясцінаў. Мэта такіх фэстаў – распавесці пра родныя мясціны самім жыхарам гэтых месцаў, каб выклікаць у іх любоў да роднай зямлі і яе гісторыі.

Зміцер Лупач,
тэкст і фота

comments powered by HyperComments

Автор записи: natashasedova23