Гэтую каплічку самі жыхары Язна называлі з адным з цудаў Беларусі

Ёсць ТОП сямі цудаў свету. Ці існуе ТОП цудаў Беларусі? – пытанне рытарычнае. Ён можа існаваць, калі паставіць на мэту яго скласці. І, безумоўна, у гэты ТОП павінна ўвайсці Язна на Мёршчыне, колішняй гістарычнай Дзісеншчыне, што на былой Віленшчыне.

Тут, некалі, на цвінтары, побач з пахаваннямі роду Корсакаў, стаяла гатычная чыгунная каплічка са статуяй Маці Божай. Каплічку паставілі Корсакі. Корсакі ж валодалі, бадай усёй, паўночна-заходняй часткай Беларусі – аж да самага рубяжа маскоўскага, то бок да Себежа, ўключна.

Гэтую каплічку самі тамтэйшыя жыхары называлі з адным з цудаў Беларусі.

Медная (альбо бронзавая) фігура Маці Божай паказвала не толькі бакі свету, але ў ціхае бязветранае надвор’е павярталася тварам да вандроўніка, які праходзіў праз цвінтар. Паводле навочных сведкаў яшчэ 1948 годзе механізмы, якія павярталі статую, былі спраўныя.

 

Аднак, устройства таго механізма – таямнічае і загадкавае. Аляксей Гладканогіх, жыхар Пінска, маці якога Вера Мядзелец (у дзявоцтве) паходзіла з прылеглых да Язна Курылавічаў, выказаў сваё меркаванне: “Як інжынер магу сказаць, што вось фігуры альбо была вывешаная на магнітных палях ад ферамагнітнага сплава, альбо мела на канцах алмазныя падшыпнікі сліжэння накшталт гадзіннікавых механізмаў”.

Разгром цвінтара “камсамольцамі” пачаўся ў 1978 годзе. Былі раскапаныя пахаванні Корсакаў і побач з раскопамі валяліся чалавечыя парэшткі. Шукалі імаверныя скарбы Корсакаў. Але шляхта ніколі з сабой у магілу апроч тленнага цела нічога не брала.

 

Пабураныя самі помнікі над пахаваннямі  Корсакаў і сама капліца з Маці Божай. Ушчэнт, аж да жвіра (щебня), кувалдамі, былі разбітыя ўсе 42 помнікі на вайсковых пахаваннях польскіх жаўнераў 1920 года.

 

Тады ў 1960-я-пач. 1970-х па краю пракацілася цэлая хваля разбурэнняў: пацярпелі шматлікія шляхецкія могілкі, як, напрыклад, у Празароках з прыгожымі гатычнымі помнікамі, якія пакрышылі так, як і ў Язне. Закрываліся і бурыліся цэрквы і касцёлы. Пад пытаннем, нават, было існаванне царквы і касцёла, помнікаў “віленскага барока”  у Глыбокім, дзякуючы якім сёння Глыбокае ўваходзіць у ТОП-35 гістарычных гарадоў Беларусі.

 

Упершыню аўтар адмыслова наведаў Язна ў 2008 годзе, хоць дзясятак разоў мінаў яго “транзітам”. Тады мясцовая каталіцкая грамада, персанальна Саламея Сіняўская, запрасіла аўтара на асвячэнне крыжа на месцы колішняга­­ драўлянага касцёла, абы гэтая падзея была апісаная ў мясцовай прэсе. Тады і даведаўся аўтар пра колішні цуд у Язне, наведаў стары цвінтар, ды ўбачыў, апісаную вышэй, жахлівую карціну разбурэнняў.

 

І вось ізноў, 8 ліпеня 2020 года, мае калегі глыбоцкія журналісты, які аcвятляюць падзеі ў нашым краі для “Радыё Рацыя” і “БелСАТ”, прапанавалі здзейсніць вандроўку па маршруце Лужкі-Германавічы-Язна, дзе да 100-годдзя Варшаўскай бітвы, у прысутнасці польскай дэлегацыі, будуць асвечаныя крыжы-помнікі на магілах польскіх жаўнераў, палеглых роўна 100 год таму – у 1920-м.

 

Калі ўжо пакінулі Лужкі і Германавічы і накіраваліся ў Язна, то аўтара не пакідала думка: як жа змаглі на новых крыжах-помніках аднавіць прозвішчы тых маладых хлопцаў, што палеглі пад Язна. Усё ж – было зруйнавана ўшчэнт, у жвір. Які ж нам, беларусам, сорам!

 

Прыехалі. Усе прозвішчы на новых надмагільных крыжах – прысутнічаюць! А думалася ж, як варыянт, напішуць – “nieznany”.

— Як гэта ўдалося ўсталяваць, праз архівы?– пытаю ўсё тую грамадскую актывістку Саламею Сіняўскую.

 

—У 1970-я гг, убачыўшы разгром “камсамольцамі” цвінтара, адна мясцовая настаўніца прыйшла на руіны і перапісала ўсе прозвішчы, здзіраючы, часам і мох з бетону, каб прачытаць дакладна імя і прозвішча жаўнера. Так былі ўсталяваныя ўсе прозвішчы і імёны 42 жаўнераў.

 Праз паўстагоддзя ўсё гэта прыдалося. Цуд? Так!

Пакуль чакалі прыезду польскай дэлегацыі, мы агледзілі стары цвінтар. Ён ужо быў ачышчаны ад хмызнякоў.

Высілкі нашай нешматлікай каталіцкай грамады Язна былі замалыя. Усё ж, Язна, збольшага праваслаўная вёска, ёсць і мураваная царква (мураўёўка). Аднак знайшліся добрыя людзі сярод праваслаўных і дапамаглі нам супольна правесці добраўпарадкаванне, і сёння яны прысутнічаюць тут на ўрачыстасці, кажа Саламея Сіняўская.

Падышлі мы і да пахаванняў Корсакаў, да гатычнай капліцкі, у якой некалі стаяла фігура Маці Божай, што павярталася тварам да падарожніка, які праходзіў побач.

Гатычная чыгунная літая канструкцыя каплічкі цяпер – паднятая з долу, усталяваная на пастамент. Праўда, элементы надмагілляў Корсакаў усё яшчэ ляжаць долу.

Зрэшты, аднаўленнем помнікаў ці павінны займацца сталага веку жанчыны? Гэтым мусяць займацца спецыялісты. Ды ўся праблема ў тым, што жывём мы ў нішчымнай краіне, з куртатымі заробкамі і пенсіямі. Былі б пенсіі і заробкі не менш 1000 еўра, як у Еўропе, жыхары Язна даўно б стварылі фонд у складчыну, незалежна ад веравызнання і месца пражывання язненцаў, запрасілі б рэстаўратараў. Ды і саму каплічку можна аднавіць – страчаныя гатычныя элементы можна адліць калі не з чыгуна, то з медзі. Але наўрад ці ўдасца аднавіць таямнічы механізм, які прыводзіў у рух статую Маці Божай.

Польскую дэлегацыю язненцы, у адрозненне ад бедных шаркоўскіх Лужак і Германавічаў, сустракалі ганарова – людна, з хлебам-соллю  і сцягамі – мёрскім з лебедзем, абласным з Пагоняй, ды дзяржаўным з арнаментам, а таксама з прадстаўніком ад мясцовай улады – Валерыям Драба, намеснікам­­ кіраўніка Мёрскага раёна.

Напрыканцы Цэзары Карпіньскі, дырэктар польскага інстытуту ў Мінску, як усюды: у Лужках, Германавічах і Язне – шчыра дзякаваў беларусам, мясцовым уладам за захаванне могілак і памяці аб той вайне і палеглых жаўнерах, маладых хлопцах, якія пайшлі бараніць сваю краіну і аддалі свае жыцці.

1) Так у 2008-м выглядала гатычная каплічка, у якой стаяла статуя Маці Божай.
2) Каплічку з Маці Божай аднавілі наколькі змаглі, 2020 год, ліпень.
3) Знішчаныя польcкія вайсковыя пахаванні. 2008 год.
4) Тыя ж вайсковыя пахаванні, адноўленыя ў 2020 годзе.

5) Разбуранае пахаванне Артура Корсака. Памёр на 49-м годзе жыцця, пахаваны ў 1893 годзе.
6) Частка надмагільнага помніка Артуру Корсаку, які разбурылі вандалы ў 1978-м.
7) Саламея Сіняўская са спісам усіх 42-х жаўнераў, якія абачліва былі запісаныя адной настаўніцай у 1970-я, пры разбурэнні могілак.
8) Хлеб-соль ад Язненскага сельсавета прымае Цэзары Карпіньскі, дырэктар польскага інстытуту ў Мінску, яго дорыць Вольга Барышнікава, жыхарка Язна, мясцовая грамадская актывістка. Крайняя справа – Саламея Сіняўская, мясцовая грамадская актывістка.
9) Адданне пашаны загінулым жаўнерам польскай дэлегацыяй. Крайні злева ­– Валеры Драба, намеснік кіраўніка Мёрскага раёна.
10) Цэзары Карпіньскі, дырэктар польскага інстытуту ў Мінску (у цэнтры, сашчапіўшы рукі) дзячыць жыхарам Язна, мясцовым уладам, за захаванне памяці аб палеглых жаўнерах 1920 года.
11) Дарэчы, у Язне – 2 пахаванні з прозвішчам Сабчак – Пятра й Юзафа. Мо якія сваякі Ксеніі Сабчак?

Уладзімір Скрабатун.

comments powered by HyperComments

Автор записи: Наталья Седова