• Пт. Июн 2nd, 2023

Глыбоцкі пантэон: АЛЕСЬ МАРГОВІЧ, журналіст, пісьменнік, выдавец, аналітык, дзяяч беларускай эміграцыі.

Автор:vglybokaye

Июн 29, 2021

“Падабаецца гэта камусьці ці не, але мы ўсе – дзеці і ўнукі не лепшых, а горшых. Мы нашчадкі тых, хто не загінуў у паўстаннях, каго не згнаілі на царскай катарзе ў Сібіры, не знішчылі фізічна ці духоўна ў ГУЛАГу, каму не стрэлілі ў патыліцу ў Курапатах. Мы дзеці і ўнукі тых, хто прыстасаваўся, схаваўся, не адважыўся. Але гэта не значыць, што мы павінны жыць, сыходзячы з гэтых прынцыпаў”.

Уладзімір Арлоў.

Глыбокае заўсёды было знакавым горадам для Беларусі. Дзясяткі і дзясяткі дзеячоў беларускага адраджэння і вызвольнага руху нарадзілася тут і ў блізкіх ваколіцах. Няшмат з беларускіх гарадоў і мястэчак можна паставіць побач з Глыбокім!

Піша краязнаўца Уладзімір Скрабатун.

Гэта была адметная місія Віленшчыны, і Дзісеншчыны ў прыватнасці, да якой належыла і Глыбокае – быць бастыёнам беларушчыны!
Здрабнела сёння Глыбо­кае! Ой, як здрабнела! Бастыён паў! Дзеці і ўнукі горшых здалі яго без бою!”
Цытата з выказванняў беларускага пісьменніка Уладзіміра Арлова тут, як раз да месца. У 1920-30 гг на Глыбоччыне быў вялікі грамадскі рух за беларускія школы, гімназіі, за вылучэнне сваіх беларускіх дэпутатаў у польскі Сойм, дзейнічалі масавыя беларускія грамадскія і палітычныя арганізацыі…
Так, сталінскія рэпрэсіі, віхуры Другой сусветнай вайны зрабілі свой жахлівы адбітак. Хто не загінуў за свабоду Беларусі, быў вымушаны з’ехаць на эміграцыю.
На вольнай ад патрыётаў тэрыторыі дзеці і ўнукі горшых пачалі “зачыстку” ад усяго, што тут нагадвала б аб Беларусі: бурылі цэрквы і касцёлы, збіралі подпісы на закрыццё беларускіх школаў, пісалі паклёпы ў дзяржбяспеку… І гэта цягнецца да сёння. А мы ўсё задаёмся пытаннем: калі ж мы нарэшце зажывём добра?

Адным з тых, хто вымушаны быў з’ехаць з Бацькаўшчыны – Алесь Марговіч.

Алесь Марговіч (псеў­данім Алесь Галубіцкі) нарадзіўся ў Глыбокім 5 ліпеня 1924 г. Журналіст, пісьменнік, выдавец, аналітык, выбітны дзяяч беларускай эміграцыі.
У часе вайны настаўнічаў і хіба што тады ўступіў у Саюз Беларускай Моладзі.

У 1944 годзе выехаў у Нямеччыну, па сканчэнні Другой сусветнай вайны апынуўся ў беларускім лагеры ў Рэгенсбургу. Вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Я. Купалы. У Міхельсдорфе заснаваў выдавецтва “Крыніца”, дзе выходзіў часопіс беларускіх скаўтаў “Напагатове!”
У 1948 годзе разам з іншымі сябрамі “Дванаццаткі”1 прыбыў у Вялікабрытанію для працы ў вугальных капальнях. Быў сябрам Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі, сакратаром Другога з’езду гэтай арганізацыі.
10 студзеня 1948 г. пабачыў свет першы нумар унікальнага моладзевага часопіса “Наперад!”. Ён выдаваўся групай хлопцаў-беларусаў, якія спачатку паехалі працаваць у Англію ў вугальных капальнях, каб зарабіць на атрыманне вышэйшай адукацыі, а потым паступілі ў Лювенскі Універсітэт у Бельгіі. Цягам гэтага часу (1948-1953) з перапынкам, праўда, яны і выдавалі свой часопіс, напаўняючы яго найперш уласнымі тэкстамі.
Рэдагавала “Наперад” “Дванаццатка”, адказным рэдактарам быў Алесь Марговіч.
У 1950 годзе Алесь Марговіч выехаў на навучанне ў Бельгію. Будучы праваслаўным, скончыў факультэт паліталогіі і сацыялогіі каталіцкага Лю­венскага Уні­вер­сітэта.

На чужыне Алесь Марговіч сумаваў па далёкай радзіме, апісваў у празаічных творах успаміны з далёкага дзяцінства, згадваў Галубіцкую пушчу і псеўданім сабе абраў – Алесь Галубіцкі.


“Галубіцкая пушча” (урывак):


… Аж прыйшоў нарэшце даўгачаканы дзень – мяне бацька ўзяў із сабою ў пушчу. Гэта было вялізарнае падарожжа ў нязнанае. Праўда, тады, яшчэ дзіцячай душою, я ня мог адчуць і зразумець тае прыгажосьці ляснога каралеўства, але замест гэтага яна зрабіла на мяне незацёртае ўражаньне сваёй веліччу. Калі ж мне прыходзілася чуць у казках бабулі аб такіх адлегласьцях, як „за сямю марамі, за сямю гарамі”, дык мне, пабачыўшы пушчу, лёгка было прадстаўляць іх: яны былі мне такімі вялікімі, як адлегласьць ад нашае хаты да самае сярэдзіны пушчы. Зразумела, што ўсе тыя цуды, каралі, князі, рыцары, палацы, замкі, чараўніцы, разбойнікі мусілі быць таксама недзе ў самай сярэдзіне пушчы, куды дарогі ня знаў ніхто, хіба толькі мой бацька ды маці.
Дваццаць пяць кілёмэтраў на ўсход ад Глыбокага пачынаюцца вялізарныя лясы. Яны суцэльна пакрылі агромністую плошчу зямлі. На поўнач – цягнуцца амаль да самае Дзьвіны, на ўсходзе Лепель дасягаюць, ды на поўдні губяцца ў прыбярэзінскіх тапелях і балотах. З гэтае лясное краіны бярэ свой пачатак Вула, што цячэ ў Дзьвіну, тут у дрыгвянай твані й асоках нарадзілася й Бярэзіна, ды не пасябраваўшы з Вулай, пацягнулася на поўдзень, а толькі дагадлівыя людзі прымірылі іх, злучыўшы Бярэзінскім каналам.
Ня маюць свайго назову гэтыя лясныя абшары, іх завуць проста пушчай. У нас называлі Галубіцкай пушчай, ад мястэчка Галубічы, мінуўшы якое ўжо здалёк можна бачыць сінюю стужку лясоў. Гэты назоў быў хутчэй мясцовым і адносіўся толькі да тае часткі пушчы, што ляжала з боку Галубічаў. (…)”

У 1950 г., у Мюнхене быў заснаваны Інстытут вывучэння СССР, які ад 1951 г. стаў атрымліваць сталыя датацыі Амерыканскага камітэта. Галоўнай мэтай стварэння Інстытута было навуковае даследаванне жыцця ў СССР (з гістарычнага, геаграфічнага, рэлігійнага, культурнага, статыстычнага гледзішча), што цалкам адпавядала новай канцэпцыі супрацьстаяння. Былі сярод супрацоўнікаў Інстытута і беларусы: Алесь Марговіч, Антон Адамовіч, Сымон Кандыбовіч, Станіслаў Станкевіч, Павел Урбан, Надзея Тэадаровіч (Абрамава), ды інш.,
Працуючы ў Інстытуце вывучэння СССР у Мюнхене Алесь Марговіч рэ­дагаваў “Беларускі зборнік” і Belorussian Review, вы­даваныя Інсты­тутам. Су­п­рацоўнічаў з газетай “Бацькаўшчына” і беларус­кай рэдакцыяй радыё “Вызва­леньне” (цяпер “Ра­­дыё Свабода”), чытаў тэксты.

Газета “Советская Белоруссия” 18 снежня 1997 года апублікавала артыкул Міхася Токарава да 80-га юбілею КГБ. Аўтар распавядаў пра шпіёнскую арганізацыю беларускіх нацыяналістаў “Комитет двенадцати”, якую чэкісты быццам раскрылі ў замежжы ў 1950-я гады. Але гэта, кажучы сучаснай мовай, быў звычайны фэйк чэкістаў, каб паказаць сваю “плённую” працу. Ніякім шпіёнам Алесь Марговіч, насамрэч, не быў!”

Згадвае Янка Запруднік, дзяяч беларускай эміграцыі ў ЗША, колішні ўдзельнік “Дванаццаткі”:
“Дванаццатка” – гэта група беларускіх хлопцаў, якія пазнаёміліся ў большасьці між сабою ў лягерах дэпартаваных асобаў у Нямеччыне – Рэгенсбургу і Міхельсдорфе. Яны належалі да нацыянальна сьведамай моладзі, якая мела свае ідэалы, і гэта трымала іх на чужыне.
У жыцьці патрэбная нейкая высокая, вялікая мэта. І калі ты ідзеш да гэтай мэты, ідзеш да тае зоркі пуцяводнай, тады жыцьцё набывае сэнс і набывае пэўную структурнасьць, ты ведаеш, чым заняцца.
Мы былі абсалютна перакананыя, захопленыя ідэяй служэньня Беларусі ў справе Адраджэньня. Пасьля ўжо, як мы пасталелі крыху і заангажаваліся ў палітычную работу, мы заўсёды ішлі ў гэтым самым накірунку, з гэтай думкаю пра Беларусь. І тады не было ніякай праблемы – што выбіраць, чым заняцца”.


***


11 кастрычніка 1967 года ў Мюнхене памёр малады i здольны беларускі навуковец Алесь Марговіч. На хаўтуры 16 кастрычніка прыехалі беларускі праваслаўны святар з Бельгіі айцец Яўген Смаршчок, з Рыму – зямляк, родам з Браслаўшчыны – біскуп Чэслаў Сіповіч, нa пахаванні яму дапамагаў дыякан з украінскай царквы.
На магіле каханага Алеся яго жонка немка паставіла цудоўны і прыгожы помнік.

Тлумачэнні:

1. «Дванаццатка» – група маладых людзей: Уладзімір Цвірка, Павел Дзмітрук, Леанід Карась, Алесь Марговіч, Васіль Шчэцька, Павел Урбан, Міхась Вострыкаў, Янка Запруднік, Янка Жучка, Алесь Бута, Алесь Швайчук, Піліп Дзяхцяр, якая, ратуючыся ад рэпатрыяцыі ў СССР, выехала ў 1947 на вугальныя капальні ў Англію. У 1950-м 9 чалавек (апрача А.Буты, А.Швайчука, П.Дзехцяра) пераехалі ў Бельгію, дзе вучыліся ў Лювенскім Універсітэце. Удзельнікі «Дванаццаткі» адыгралі значную ролю ў беларускім эміграцыйным жыцці.

comments powered by HyperComments
Scroll Up