• Сб. Дек 3rd, 2022

Глыбоцкі зубр стаў героем навінаў беларускіх СМІ. Відэа.

Автор:vglybokaye

Окт 28, 2021

Незвычайны сусед з’явіўся ў статка цялятаў у Глыбоцкім раёне, ужо трэці тыдзень разам з імі пасвіцца зубр. У статку больш за 230 цялушак, пасвяцца яны на полі за вёскай Лучайка. У вяскоўцаў гэта галоўная навіна апошніх дзён, зубр — зорка сацсетак.

Незвычайны сусед з’явіўся ў статка цялятаў у Глыбоцкім раёне, ужо трэці тыдзень разам з імі пасвіцца зубр, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У статку больш за 230 цялятаў, пасвяцца яны на полі за вёскай Лучайка. У вяскоўцаў гэта галоўная навіна апошніх дзён, зубр — зорка сацсетак. Першым яго ўбачыў працаўнік СУП “Мярэцкія” Ўладзімір Дылевiч. Увечары да электраагароджы са статкам падышоў зубр. Адразу хадзіў побач, але потым яму адкрылі агароджу, ён зайшоў унутр і зараз пасвіцца разам з цялятамі.

Даглядчык жывёлы — жывёлавод сельгаспрадпрыемства Юры Кучынскі такіх сустрэч не ўзгадае. “Падчас працы сустракаў казуль, ліс, ласёў, але ніяк не зубра. Харчуецца ён тым жа, што і цяляты, сам ходзіць на вадапой. Пайшоў ужо трэці тыдзень яго ў нас. Калі змяняем пашу, то ён услед пераходзіць на новую тэрыторыю, дрот пакуль не пашкоджваў”, — распавёў Юры Кучынскі. Мужчына прызнаўся, што такое суседства асабліва не палохае — галоўнае не падыходзіць блізка і не правакаваць жывёлу. Вяскоўцам жывёла праблем не стварае. Да найблізкай вёскі ад пашы дзесьці 3 км.

Спачатку рагатая скаціна паставілася да зубра насцярожана і не падыходзіла да госця, але потым усё абвыклі. Ды і зубр паводзіў сябе спакойна. Падчас нашай здымкі лясны госць галоўным чынам быў абыякавы да людзей, еў траву і шпацыраваў. Толькі адзін раз яму не спадабалася наша ўвага і ён зрабіў некалькі рэзкіх крокаў, але спыніўся. Так жывёла вырашыла паказаць, хто тут гаспадар.

Галоўны адмысловец Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Генадзь Гарланаў выказаў здагадку, што зубр прыйшоў з Верхнядзвінскага раёна. У ім ёсць гаспадарка “Чырвоны бор”, дзе займаюцца гадоўляй зубраў. На пачатак цяперашняга года там налічвалася 230 асобінаў, за 2020 год нарадзілася 41 цяля. “Зубр, які прыйшоў у Глыбоцкі раён, асвойвае новыя тэрыторыі і шукае статак. Думаю, у гэтым выпадку наяўнасць кармавой базы для яго не грае ролі”, — адзначыў Генадзь Гарланаў.

Хуткім часам цялятаў перавядуць на зімова-стойлавы перыяд. Зубра трэба будзе паспрабаваць падзяліць са статкам, каб ён вярнуўся да сваіх суродзічаў. Адмысловец абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя нагадаў, што летась адзін зубр прайшоў  ледзь ці не ўсю Віцебскую вобласць, але ў выніку вярнуўся ў свой статак. Любая дзікая жывёла непрадказальная, таму пры сустрэчы карміць і блізка да яго падыходзіць не варта.

БелТА.

comments powered by HyperComments
Scroll Up