Да гісторыі аптэкі ў Глыбокім.
На гэта пытанне яшчэ ў 2012 годзе на старонках “Вольнага Глыбокага” адказаў Аляксандр Івашчонак, манах, архівіст, бакалаўр гісторыі.
Падаём гэтую гісторыю з захаваннем правапісу аўтара.
Адказ на гэтае пытаньне вельмі просты. Шакалад у 1646 г. патрапіў з Італіі ў Прусію, дзе быў даступны толькі ў аптэках, якія належалі манахам, a з Прусіі ў Рэч Паспалітую.
Таму адказ трэба шукаць, пытаючыся, хто адчыніў першую аптэку ў Глыбокім.
Аптэка ў Глыбокім з’яўляецца адной з самых старажытных аптэк у нашым рэгіёне. Сваімі каранямі сягае ХVІІІ ст.
Першую аптэку ў Глыбокім заснавалі манахі Кармэліты Босыя. Дакладная дата фундацыі аптэкі на жаль невядомая, аднак бяз сумневу з’явілася яна разам з лазарэтам, шпіталём і парафіяльная школай, якія стварылі Кармэліты ў Глыбокім якраз у першай палове ХVІІІ ст.
Што тычыцца самой Кармэліцкай аптэкі ў Глыбокім, то ўяўляла яна сабой 4 вялікія пакоі са складам дый аптэчным агародам, на якім вырошчвалі неабходныя зёлы для вырабленьня лекаў. Аптэчныя пакоі знаходзіліся ў будынку кляштара адразу пры ўваходзе каля фурты. А перад яе вокнамі быў пабудаваны аптэчны агарод, абнесены штыкетам з 12 мураванымі слупамі, на якіх былі вазоны з кветкамі. У гэтым агародзе была насыпаная сьпецыяльная зямля, а сам агарод быў падзелены на адмысловыя кватэры, дзе вырошчваліся розныя тыпы лекавых зёлаў. Каб патрапіць ў гэты агарод, была зробленая сьпецыяльная фуртка.

Што тычыцца самой аптэкі, то як ўжо было напісана, складалася яна з 4 пакояў:
1-ы пакой – так званы аптэчны магазін, куды прыходзілі людзі і маглі купляць лекі.
2-і пакой – лабараторыя, мейсца, дзе вырабляліся лекі.
3-і пакой – месца, дзе займаліся прыгатаваньнем зёлаў, каранёў, дзе іх рэзалі, абіралі, каб пасьля ўжо прыгатаваны матэрыял аддаць ў лабараторыю.
4-ы пакой – своеасаблівая сушылка, дзе трымалі розныя зёлы, камялі, карані ў суровым стане.
Акрамя гэтага Кармэліцкая аптэка мела вялізарнае навуковае заплечча, перадусім розныя мэдычныя кніжкі ды зборнікі, а менавіта:
- Лацінскі слоўнік ў 4 тамах.
- Медычна-хімічны Thesaurus.
- Pharmacopoeia Augustana.
- Медычная Кніга Ёньніса Янгхора (Liber Medicus Jonnis Janghor).
- Зельнік Сырынэя.
- Dispensatorium Brandeburgium.
- Texa Rossica ў 8 тамах за 1811 i 1826 гг.
- Гербарый зь зёламі.
- Расійскі медычны сьпісак ў 8 тамах.
- Pamiętnik Farmaceutyczny за 1820 г ў 8 экзэмплярах, за 1821, за 1822 гг.
Акрамя навуковых кнігаў аптэка мела шмат медычных прыладаў:
- Аптэчныя бутэлькі розных памераў і кшталтаў з надпісамі – 248 штук.
- Слоікаў аптэчных розных – 150 штук.
- Колбаў розных – 208 штук.
- Жбанкоў гліняных аптэчных – 92 штукі.
- Цыновыя начыньні, медзяныя друшлякі, падносы, трубкі, кацялкі – 35 штук.
- Стаўбункі, шалі, дзяўбункі, формы для пякучых камянёў, зёлаў – 127 штук.
- Формы для шакаладу, леяк – 40 штук.
- Драўляныя скрынкі – 23 штукі.
Акрамя таго былі яшчэ хімічная печ, машына для вырабу таблетак, сьпецыяльныя машыны для пазалочваньня і пасрэбраваньня таблетак, аптэчная шафа з 415 шуфлядамі з надпісамі, а таксама 195 начыньняў для лекаў.


Усё гэта вымагала вялікай адказнасьці і працы. На пачатку аптэкарамі былі толькі манахі, але пасьля з цягам часу аптэкарамі былі таксама і сьвецкія асобы, але заўсёды з адпаведнай адукацыяй. Аптэкар меў таксама памочнікаў, імёны некаторых нам вядомыя:
-
Лукаш Дземідовіч.
-
Міхал Сівіцкі.
-
Міхал Пашковіч.
-
Якуб Кучко.