• Сб. Фев 4th, 2023

Хто такі Алоізы Буйніцкі, які на 115 гадоў раней за Ігната Буйніцкага, арганізаваў свой тэатр у Забор’і пад Глыбокім

Автор:vglybokaye

Фев 19, 2022

Чарговым даследаваннем падзяліўся з намі краязнаўца Кастусь Шыталь.

Алоізы Буйніцкі гербу Лебедзь  (нарадзіўся 1764, памёр 14 ліпеня 1831 года ў крэпасці Дынабург) – адзін з камандзіраў паўстанцкай ваеннай сілы ў Дзісненскім павеце падчас Лістападаўскага паўстання, намеснік Валентыя Брахоцкага.

Герб Лебедзь, да якога належаў род Буйніцкіх.

Бацькам Алоізія быў Пётр Буйніцкі – у 1771-1789 гадах Полацкі Земскі суддзя. Яго стрыечным братам быў Казімір Буйніцкі. У 1791-92 гадах Алоізій быў дэпутатам Віцебскага галоўнага суда Вялікага Княства Літоўскага. Прыняў удзел у руска-польскай вайне ў абарону Канстытуцыі 3 траўня. У званні ротмістра камандаваў добраахвотніцкім атрадам шляхты з ваколіцаў Полацка, які пад Вільняй быў уключаны у рэгулярнае войска. У наступныя гады быў маршалкам шляхты Дзісенскага павету.

У 1797-1830 гадах у сваім маёнтку ў Забор’е блізу Глыбокага арганізоўваў штогадовыя грамадскія сходы, кульмінацыяй якіх сталі аматарскія тэатральныя паказы.

Ён быў не толькі арганізатарам тэатра і пастаўленых у ім спектакляў (у якіх ён таксама выступаў), але і дырэктарам тамтэйшага таварыства дабрачыннасці.

Свяцілам Заборскага тэатру быў яго стрыечны брат Ян Хoдзькa (сын Юзафа  i Kанстанцыі з Буйніцкіх).

Ян Ходзька быў вялікім аматарам Тэатру, ладзіў аматарскія спектаклі, пісаў і перакладаў  драматычныя творы. Вельмі папулярным быў яго твор для народа “Пан Ян са Свіслачы, крамар вандроўны” (1821), з рамана ж “пані Кашталянава і яе ваколіцы” (1837).  

У 1812 годзе, падчас вайны Напалеона з Расіяй, маршалак Буйніцкі быў прызначаны падпрэфектам Дзісненскага павету. Кіраваў у  Глыбокім. Узнагароджаны ордэнам Святога Станіслава. Быў дзедзічам маёнткаў Барташава, Галубічы, Алоізберг, Воранава і іншых. Жонкай Алаіза Буйніцкага была Элеанора Яленская (1771). Іх сын Нестар Буйніцкі (1801-1858).

PS.

З краязнаўчых цікавостак: Алоізаму Буйніцкаму належаў фальварак Алоізберг. Выглядае на тое, што ён і быў названы ў яго гонар, на той час гэта была распаўсюджаная практыка, што закладаючы новы фальварак, гаспадар даваў яму сваё імя. Самы вядомы прыклад у нашым рэгіёне — Лявонпаль на Браслаўшчыне, які назваў у свой гонар Лявон Лапацінскі.

Ёсць пытанне адносна лакалізацыі месца, дзе быў двор Буйніцкіх у Забор’і. Ёсць значная верагоднасць, што гэты двор — пазнейшае Акунёва. Ва ўсялякім разе, у 1861 годзе Акунёва згадваецца як маёнтак Нестара Буйніцкага, сына Алоізага. Нестар сабраў за жыццё шмат даўгоў памёр у 1858 годзе і Акунёва было прададзена за даўгі. Купілі яго Мастовічы, бацькі Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча.

 

Падрыхтаваў Уладзімір Скрабатун.

comments powered by HyperComments
Scroll Up