• Вт. Апр 13th, 2021

Капліца святога Язафата.

Автор:vglybokaye

Мар 2, 2021

Святыня, якую варта аднавіць у Глыбокім.

Піша Уладзімір Скрабатун.

Капліца Святога Язафата. Рэканструкцыя на сярэдзіну ХІХ ст Ул. Скрабатуна.

Сярод святыняў Глыбокага ХІХ стагоддзя адзначана капліца святога Язафата ў стылі ампір. Знаходзілася яна на паўдарозе з Глыбокага ў Беразвечча — у вёсцы Мураўёўка. Натуральна, вёскі такой сёння няма. Яна стала часткай вуліцы Савецкай. Дарэчы, па дарозе з Глыбокага ў Беразвечча, у 1930-я гг, існавала тры населеных пункты: згаданая вышэй Мураўёўка, затым Калонія Сеймікава і Міхайлаўка.

Жыхары Мураўёўкі былі прыпісаныя да царквы ў Забеллі і нябожчкаў хавалі таксама ў Забеллі. У Калоніі Сеймікавай жылі чыноўнікі павятовай адміністрацыі, бо Глыбокае было сталіцай Дзісненскага павету. Назва паходзіць ад слова “сейм”. У Варшаве — сейм, а ўжо ў правінцыі — сеймік. Міхайлаўка ж таксама, нядаўна, стала часткай Глыбокага (вуліца Міхайлаўская).

Памятаецца, неяк, завітаў да мяне сусед Дзяніс Філіпчык — тады яшчэ вучань Глыбоцкай СШ№3. Паразмаўлялі пра гісторыю Глыбокага…

— Можна штосьці напісаць для газеты? –– пытае Дзяніс. 

Кажу яму: “Напішы пра капліцу святога Язафата. У мяне проста не даходзяць рукі! Часу не стае! А ты ж — каталік, а ў касцёл ходзіць і Яніна Хромава. Яна можа шмат чаго распавесці. Распытай яе”.

Дзяніс выканаў “заданне рэдакцыі”!

Бойка манахаў

Паводле запавету Я.  Корсак патрабаваў, каб яго цела было пахавана ў парафіяльным касцёле, фундатарам якого ён з’яўляўся. Насуперак запавету Корсак быў пахаваны ў кляштары айцоў кармелітаў босых. Але, як сцвярджае легенда, існаваў іншы запавет. У ім Корсак надзяляў 1000 валокамі зямлі той закон, у касцёле якога будзе пахавана яго цела.

Базыльяне, з Беразвецкага манастыра, паквапіўшыся на валокі, вырашылі скрасці парэшткі Корсака. Акалічнасці крадзяжу нам не вядомыя, але базыльянам удалося выкрасці цела. Авалодаўшы ім, манахі як мага хутчэй рушылі да Беразвечча. Кармеліты заўважылі крадзёж і арганізавалі пагоню. На паўдарозе да Беразвечча кармеліты дагналі базыльянаў, там жа ўсчалася бойка. Кармеліты вярнулі сабе цела фундатара, але ў бойцы загінуў адзін з іх братоў, імя якога было Язафат. На памяць аб яго смерці на месцы бойкі і была пабудавана капліца ў гонар Святога Язафата.

 

Незайздросныя часы

 

Пасля таго, як кармеліцкі кляштар быў перададзены праваслаўным, да іх адыйшла і капліца. Яна на доўгі час сталася нікому не патрэбнай. Толькі на пачатку ХХ ст. праваслаўныя манахі з Беразвечча правялі ў капліцы рамонт. Пры гэтым быў значна зменены ўнутраны і знешні выгляд. Духоўнае жыццё вакол капліцы адрадзілася зноў ужо ў часы ІІ Рэчы Паспалітай (1918-1939 г.г.).

Аповяд

Яніны Хромавай

Яніна Хромава глыбачанка, якая жыла ў часы панавання на Заходняй Беларусі польскай улады. Вось што яна распавяла:

– Капліца, як я памятаю, была невялікая і простая ў сваім убранні. Унутры знаходзіўся крыж і дзве лавачкі, дзверы былі кованыя з жалеза. На самым версе размяшчаўся крыж, які было відаць здалёк. Фактычна гэта быў прыдарожны крыж, зроблены як капліца.

Калі з Глыбокага ішла пілігрымка ў Удзела на фэст Св. Антонія (13 чэрвеня) або ў Беразвечча на свята Пятра і Паўлы (29 чэрвеня), то ля капліцы мы спыняліся. Адбывалася кароткая малітва, усе адпачывалі і ішлі далей. Да гэтай капліцы з намі ішоў глыбоцкі ксёндз, а вось адтуль ён вяртаўся ў горад. Пробашчам у Глыбокім у той час быў кс. Антоній Зінкевіч. Ён часта прыходзіў да гэтага месца, маліўся і вяртаўся дамоў.

Таксама капліца была своеасаблівым падзелам: ад яе да Беразвечча ішла вёска Мураўёўка, жыхары якой былі прыпісаныя да забельскага праваслаўнага прыходу, а памерлых хавалі на цвінтары ў Забеллі, а не на Копцеўцы ці Дуброве.

Яніна Хромава.

Мясцовы Герастрат

Па вуліцы Савецкай, недалёка ад капліцы, стаяў вельмі стары драўляны дом. Адзін чалавек камуністычных поглядаў атрымаў яго ва ўласнасць. Для добраўпарадкавання патрэбна была цэгла. Нічога лепшага, як разабраць на цэглу капліцу ён не прыдумаў. Людзі папярэджвалі яго словамі:

“Не ты яе будаваў, не табе і руйнаваць”.

Ды чалавек толькі адмахваўся рукой…

Хтосьці можа і не верыць у Боскую кару, але як бы там не было, а хутка памерла жонка і дзеці таго, хто руйнаваў святыню. Сам жа гэты чалавек напрыканцы сваіх дзён стаўся нямоглым, і яго даглядалі чужыя людзі. Ім ён і сказаў:

“Навошта я чапаў капліцу? За гэта мяне пакараў Пан Бог. Перадайце ўсім, каб такога больш не рабілі”.

Апублікавана: “Вольнае Глыбокае”, № 30 (434), 24 ліпеня 2008 года.

 

Ці варта аднаўляць капліцу святога Язафата

Варта! Калі ў Глыбокага вялікая і багатая гісторыя, то варта гэта паказаць. Калі мы скінем гэтую ненавісную калгасную ўладу то ў Глыбокага могуць адкрыцца новыя прывабныя перспектывы. Напрыклад, у развіцці турызму.

І скажам наўпрост — аднавіць капліцу святога Язафата, гэта не тое, што аднавіць шэдэўр еўрапейскай архітэктуры —  беразвецкую царкву Пятра й Паўла! Капліца святога Язафата мела сціплыя памеры  — 4,2 х 4,14 м, вышыня — 4,2 м. Крыжа — 1,5 м.

Сродкі, патрэбныя на аднаўлення — не такія ўжо і вялікія! Іх можна сабраць шляхам ахвяраванняў сярод жыхароў Глыбокага, як каталікоў, так і праваслаўных.

comments powered by HyperComments
Scroll Up