Красавік у 2019 годзе быў самым сухім за апошнія 75 гадоў — Белгідрамет

4 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Красавік у гэтым годзе ў Беларусі быў самы сухі за апошнія 75 гадоў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

«За красавік 2019 года ў сярэднім па Беларусі выпала 7 мм ападкаў, што складае 18,2 працэнта кліматычнай нормы. Такога сухога красавіка на тэрыторыі краіны не адзначалася ні разу за пасляваенны перыяд. Папярэдні рэкорд належыць красавіку 1974 года, калі ў сярэднім па краіне выпала 9 мм ападкаў, або 23 працэнты нормы за месяц», — сказалі ў Белгідрамеце.

Найбольш увільготненай у красавіку была тэрыторыя Гомельскай вобласці, дзе ў сярэднім па рэгіёне выпала 12,2 мм ападкаў (31 працэнт кліматычнай нормы). Найменшая колькасць ападкаў была адзначана ў Віцебскай вобласці — у сярэднім 3,7 мм (10 працэнтаў кліматычнай нормы).

У красавіку сярэдняя тэмпература паветра па Беларусі склала плюс 8,8 градуса, што на 1,5 градуса вышэй за кліматычную норму. «Такая высокая сярэдняя тэмпература паветра ў красавіку адзначаецца па краіне прыкладна адзін раз у 10 гадоў», — адзначылі ў Белгідрамеце.

У пачатку мая ў Беларусі прагназуюць няўстойлівае надвор’е з тэмпературным фонам крыху ніжэйшым за кліматычную норму. Пройдуць дажджы, найбольш істотныя ападкі чакаюцца ў першы дзень вялікіх выхадных.

comments powered by HyperComments

Автор записи: natashasedova23