Лепшым ратавальнікам падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях стаў Ігар Жалткевіч з Глыбоцкага раёна

 Святочнае мерапрыемства да Дня ратавальніка прайшло сёння ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях, былі ўзнагароджаны лепшыя работнікі ведамства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка адзначыў, што вельмі цяжка стаць лепшым у прафесіі ратавальніка — для гэтага трэба прайсці вялікую школу, штодзённа працаваць над сабой, пастаянна павышаць свае веды, уменні. «Найбольш складана стаць лепшым начальнікам варты, лепшым ратавальнікам, якіх у краіне больш за 5 тыс., стаць лепшым вадзіцелем, — падкрэсліў міністр. — Вядома, гэта людзі, якія з разуменнем ставяцца да справы, тонка адчуваюць і разумеюць, куды яны прыйшлі, усведамляюць сваю значнасць. Толькі працай і стараннасцю можна дасягаць такіх рэзультатаў».

Узнагароду лепшага начальніка дзяжурнай змены падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях атрымаў Аляксандр Клетаніца з Пінска. Лепшым дзяржаўным інспектарам па пажарным наглядзе прызнаны прадстаўнік Магілёўскага райаддзела МНС Ігар Алейнікаў. Сярод прапагандыстаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацых пераможцам конкурсу прафесійнага майстэрства стаў Раман Пяськоўскі з Мінска.

Лепшым ратавальнікам падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях стаў Ігар Жалткевіч з Глыбоцкага раёна, сярод дыспетчараў лепшы — Вячаслаў Півавар з Баранавіцкага гаррайаддзела МНС. Лепшым пілотам і авіяцыйным інжынерам прызнаны адпаведна Андрэй Крыштопа і Віктар Жылевіч з Дзяржаўнай авіяцыйнай аварыйна-выратавальнай установы «Авіяцыя», а работнікам службы хімічнай і радыяцыйнай абароны — Арцём Сідарэйка з Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС.

Яўген Мікульскі з Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння атрымаў узнагароду як лепшы вадалаз, яго калега Анатоль Чыслаў — як ратавальнік-плывец. Лепшым вадзіцелем спецыяльнага легкавога аўто прызналі Андрэя Юхнеўскага з Гомельскага гарадскога аддзела МНС. Пераможцам у конкурсе прафесійнага майстэрства сярод вадзіцеляў пажарных аўтамабіляў стаў Аляксандр Абрамчук з Маларыцкага райаддзела МНС.

Бацькі лепшых ратавальнікаў атрымалі падзячныя лісты.

Работнікі органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях святкуюць сваё прафесійнае свята 19 студзеня. Менавіта ў гэты дзень у 1999 годзе ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь было зацверджана палажэнне аб Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях. На ведамства былі ўскладзены функцыі дзяржаўнага кіравання ў галіне папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, забеспячэння пажарнай бяспекі, былі вызначаны асноўныя задачы. У лютым 2000 года 19 студзеня было абвешчана Днём ратавальніка.

БелТА.

comments powered by HyperComments

Автор записи: Наталья Седова

SEO Service
2020-01-24 01:18:38
Awesome post! Keep up the great work! :)