Лукашэнка адзначае ўклад Германіі і яе пасла ў нармалізацыю адносін Беларусі з ЕС

Прэзідэнт 13.05.2019 | 11:55fvkoktgm

У час сустрэчы

У час сустрэчы

13 мая, Мінск /Уладзімір Мацвееў — БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае ўклад Германіі і яе пасла Петэра Дэтмара ў нармалізацыю адносін Беларусі з Еўрасаюзам. Аб гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў сёння на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Германіі ў Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«За перыяд вашай місіі ў Беларусі адбыліся значныя змяненні ва ўзаемаадносінах не толькі Беларусі з Германіяй, што выяўляецца ў тавараабароце — ён вырас амаль на трэць. Вельмі добры рост. Але акрамя тавараабароту і нашых адносін з Германіяй у нас пацяплелі адносіны ў цэлым з Еўрапейскім саюзам. У Еўрапейскім саюзе Германія — вядучая краіна. А вы прадстаўлялі Германію ў Беларусі. Таму мы вельмі станоўча ацэньваем не толькі ўклад Германіі, але і ваш асабісты ўклад у нармалізацыю адносін Беларусі з Еўрапейскім саюзам», — заявіў беларускі лідар.

«Тым не менш заўсёды ёсць пытанні. Як бы станоўча ні развіваліся адносіны. Нават вазьміце нашы вельмі развітыя, дружалюбныя, брацкія адносіны з Расіяй — тым не менш шмат пытанняў, якія трэба вырашаць. Таму і з Германіяй у нас, і тым больш з Еўрапейскім саюзам ёсць нямала пытанняў, якія трэба вырашаць. І я хацеў бы, каб вы шчыра выказаліся па гэтых праблемах», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Петэр Дэтмар

Петэр Дэтмар’

Прэзідэнт таксама адзначыў, што вельмі ўважліва назіраў за місіяй пасла Германіі ў Беларусі, і не толькі таму, што гэта краіна з’яўляецца адной з буйнейшых эканомік свету. «Яшчэ і таму, што фігура пасла вельмі цікавая і стаўленне ваша да Беларусі вельмі пазітыўнае. Нягледзячы на тое, што вы пасол, і ў вас ёсць пэўныя рамкі, якія цывілізаваны, дасведчаны чалавек ніколі не пераступіць. Вы прадстаўлялі тут сваю краіну, прадстаўлялі палітыку гэтай краіны. Я цудоўна разумею, што такое пасада пасла, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Зыходзячы з тых крытэрыяў, па якіх ацэньваецца дзейнасць пасла, вы вельмі прыстойны чалавек».

У сваю чаргу Петэр Дэтмар падзякаваў за магчымасць нанесці развітальны візіт. «І перш за ўсё ўдзячны вам за давер, які вы аказвалі мне на працягу ўсяго майго тэрміну дзейнасці — амаль чатыры гады ў Беларусі. І я згодны, што за апошнія чатыры гады адносіны паміж нашымі краінамі развіваюцца вельмі дынамічна», — сказаў ён.

Германія — адзін з ключавых знешнегандлёвых партнёраў Беларусі (у 2018 годзе пятае месца па аб’ёме тавараабароту). Па выніках 2018 года тавараабарот дасягнуў $3,3 млрд (116 працэнтаў да ўзроўню 2017 года), экспарт — $1,5 млрд (130,2 працэнта), імпарт — $1,8 млрд (106,9 працэнта).

У час сустрэчы

У час сустрэчы’

Экспарт паслуг у ФРГ (пераважаюць транспартныя і камп’ютарныя паслугі) у мінулым годзе склаў $417,1 млн. За гэты ж перыяд аб’ём інвестыцый з Германіі склаў $363,7 млн (рост у 2,5 раза ў параўнанні з 2017 годам), у тым ліку прамых — $113,7 млн.

У Беларусі працуюць больш за 300 прадпрыемстваў з удзелам германскага капіталу. Зарэгістравана 90 прадстаўніцтваў канцэрнаў ФРГ. Кампаніі з гэтай краіны таксама ствараюць у індустрыяльным парку «Вялікі камень» вытворчасць кампазітных матэрыялаў, плануецца арганізаваць выпуск медыцынскіх вырабаў. У 2018 годзе ў лік акцыянераў СЗАТ «Кампанія па развіцці індустрыяльнага парка» ўвайшоў лагістычны аператар буйнейшага рачнога порта Еўропы «Дуйспорт».

comments powered by HyperComments

Автор записи: natashasedova23