Мікалай Герасімовіч – народны доктар

Да 110-годдзя з дня нараджэння

Нядаўна споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння выдатнага лекара Мікалая Іванавіча Герасімовіча. Старэйшыя жыхары нашага раёна добра памятаюць выдатнага лекара Мікалая Іосіфавіча Герасімовіча. Ён нарадзіўся 30 жніўня 1909 года на Палессі, у вёсцы Слаўкавічы Глускага раёна ў сям’і праваслаўнага святара Іосіфа Герасімовіча. Яго маці Аляксандра ў дзявоцтве – Кіркевіч.

Сваё дзяцінства Мікалай Герасімовіч правёў у вёсцы Грыцэвічы Нясвіжскага павета Навагрудскага ваяводства. Чатыры гады вучыўся ў пачатковай школе ў Грыцэвічах, пяць гадоў у клецкай, два гады ў Нясвіжскай гімназіях. Восьмы клас закончыў у Брэсцкай гімназіі ў 1927 годзе, атрымыў атэстат сталасці. У гэтым жа годзе паступіў у Віленскі ўніверсітэт імя Стэфана Баторыя на медыцынскі факультэт. Дыплом лекара атрымаў у 1934 годзе. Аднагадовую практыку прайшоў у Ашмянскай бальніцы. Вайсковую службу адбываў у Варшаве (1936 г.), у вучылішчы санітарных юнкераў запасу. Сваю працу па спецыяльнасці пачаў у мястэчку Германавічы Дзісненскага павета Віленскага ваяводства ў 1936 годзе. Тут яго абралі старшынёй пажарнай каманды. Кожны год на працягу шасці тыдняў ён прымаў удзел у ваеннай службе ў якасці лекара палка або батальёна. Напрыклад, у першым палку Крэхавецкіх уланаў у Аўгустове ці ў 84 палку пяхоты ў Пінску. 1 студзеня 1937 года атрымаў званне падпаручыка.
У 1939 годзе Мікалая Герасімовіча мабілізавалі на фронт у Брэсцкую крэпасць. Ён прымаў актыўны ўдзел у барацьбе з немцамі ў верасні і кастрычніку 1939 года ў ваколіцах Брэста, а потым Любліна. У лістападзе 1939 года вярнуўся з фронту ў Германавічы, арганізаваў тут бальніцу на 30 ложкаў і амбулаторыю. Працаваў загадчыкам бальніцы і амбулаторыі да 1943 года, калі яго перавялі ў Шаркоўшчыну. Тут ён узначаліў раённую бальніцу, працаваў у амбулаторыі да 1957 года. У Шаркоўшчыне Мікалай Іосіфавіч завёў сям’ю. Яго жонка Станіслава Іванаўна Жвірбля нарадзіліся 1 кастрычніка 1910 года ў Навічках, недалёка ад Друі. Яна была старэйшай з шасці сясцёр. Бацька іх працаваў у друкарні ў Вільні, а маці займалася хатняй гаспадаркай, каб утрымліваць вялікую сям’ю. Станіслава Іванаўна закончыла Друйскую гімназію пры манастыры айцоў марыянаў. Потым паехала ў Варшаву, дзе працавала дзіцячай выхавацельніцай. Перад самым пачаткам вайны вярнулася ў Беларусь і тут некалькі год працавала ў дзіцячым доме на Дзісненшчыне. Аказвала асірацелым дзецям усякую дапамогу, старалася знайсці ім сапраўдны дом. У гэты час у Шаркоўшчыне яна сустрэла лекара Мікалая Герасімовіча і ў 1943 годзе ў Глыбокім яны пабраліся шлюбам.
У пасляваенныя гады Станіслава Іванаўна за свае публікацыі аб дзецях у час нямецкай акупацыі, змешчаных у беларускіх газетах, была арыштавана і заключана ў Мінскую турму. Толькі дзякуючы вялікім намаганням мужа, ёй удалося пазбегнуць ГУЛАГаў. І ў 1947 годзе ёй удалося вярнуцца да мужа і маленькай дачкі Анны. У 1950 годзе нарадзіўся сын Павел, у 1953 годзе – дачка Алена.
Вось як успамінаў аб сваёй працы ў Германавічах і Шаркoўшчыне Мікалай Іосіфавіч: «Я быў сем гадоў у Германавічах загадчыкам сельскай бальніцы і ўрачэбнага ўчастка, а потым загадчыкам раённай бальніцы і ардынатарам тэрапеўтычнага аддзялення ў Шаркoўшчыне 15 гадоў. Добра ведаў доктара Уладыслава Шырана і яго жонку Смольскую, разам працаваў у Шаркoўшчыне з прафесарам Кшыжа­ноўскім, доктарам Яцкевічам. У Германавічах добра ведаў беларускага паэта Міхася Машару і часта з ім сустракаўся. Ён чытаў мне свае вершы. Ведаў таксама паэта Максіма Танка і не раз сустракаўся з ім. Працуючы ў Германавічах і Шаркоўшчыне меў цесную сувязь з партызанамі, якіх лячыў амбулаторна і ў бальніцы. Захаваліся ў мяне і партызанскія дакументы”.
З вялікай сiмпатыяй успамінаў Мікалай Іосіфавіч аб Усеваладзе Шыране, якому часта тэлефанаваў па складаных медычных пытаннях. Па-сяброўску абмяркоўвалі намаганні Шырана па распаўсюджванні ідэй Беларускай сялянска-рабочай грамады на Дзісненшчыне. Але нядоўга працягваўся мірны час пасля вызваленчага паходу Чырвонай Арміі 17 верасня 1939 года.
Пачалася Другая Сус­ветная вайна. Насталі чорныя дні нямецкай акупацыі. І ўвесь гэты час Герасімовіч дапамагаў партызанам. Мікалай Іосіфавіч удасканальваў свае медыцынскія веды ў Мінску, укараняў у практыку багаты вопыт савецкай медыцынскай навукі. Многія жыхары Шаркоўшчынскага раёна ўспаміналі пра асаблівае лекарскае майстэрства Мікалая Герасімовіча, якое ішло ад яго шырокай аптымістычнай чалавечай душы.
Сямейныя яго справы склаліся так, што вымушаны быў выехаць у Польшчу. З 1 кастрычніка 1957 года ён быў вызвалены ад працы ў сувязі з атрыманнем дазволу на выезд у Польскую Народную Рэспубліку. Шмат гадоў ён адпрацаваў лекарам у бальніцы і амбулаторыі горада Мільча ў Вроцлаўскім ваяводстве. Больш за 30 гадоў быў кіраўніком мясцовага аддзела аховы здароўя і сацыяльнага забеспячэння. За дабрасумленную і ўзорную працу Мікалай Герасімовіч атрымаў ад польскай улады многа розных узнагарод: Залаты Крыж Заслугі, Кавалерскі Крыж Ордэна Адраджэння Польшчы, Залаты значок Саюза пенсіянераў і інвалідаў, Крышталёвае сэрца вышэйшая адзнака за ўдзел у донарстве. Таксама атрымаў Ордэн за ўдзел у абарончай вайне 1939 года, ордэн Тысячагоддзя Польскай дзяржавы. Мікалай Герасімовіч вёў вялікую грамадскую работу. Тры разы ён абіраўся дэпутатам павятовага і гарадскога народнага Савета ў Мільчы. 30 гадоў быў Старшынёй упраўлення Чырвонага Крыжа ў Мільчы, удзельнічаў у прызыўной камісіі.

Прафесар з Гродна Майсяёнак Андрэй Георгіевіч быў у гасцях у Мікалая Герасімовіча ў Мільчы. Ён шмат успамінаў аб сваёй працы ў Германавічах і Шаркоўшчыне, пра краявіды Шаркоўшчынскага краю, пра драматычныя падзеі часоў Вялікай Айчыннай вайны. Уражвалі і запаміналіся шчырыя словы гэтага чалавека—добразычлівага няўрымслівага ў працы, сапраўднага беларуса, які на ўсё жыццё захаваў любоў да Беларусі і пранёс яе ў сваім сэрцы з маленства.
Мікалай Іосіфавіч выйшаў на пенсію ў 1991 годзе, маючы за плячыма 57 гадоў лекарскай працы. Пяць гадоў яшчэ працаваў на палову лекарскай стаўкі ў Доме франтавіка ў Мільчы. З 1994 года жыў у Вроцлаве разам з дочкамі.
Памёр Мікалай Гера­сімовіч 2 верасня 2001 года ва ўзросце 92 гадоў. Пахаваны ён у Вроцлаве на Бардскіх могілках. У апошні шлях вядомага і любімага лекара праводзілі землякі—дзісняне, якіх нямала жыве ў Вроцлаве. 17 ліпеня 2004 года пасля цяжкой і доўгай хваробы памерла жонка Мікалая Герасімовіча Станіслава Іванаўна. Яна была не толькі вернай і адданай жонкай, але і любячай маці, чалавекам добрым, чулым. Дачка Анна напісала аб сваіх бацьках: «Усё жыццё наш бацька быў чалавекам працалюбівым, з маладых гадоў ён не толькі добрасумленна выконваў свае службовыя абавязкі, але і ў шырокім маштабе займаўся грамадскай працай. За гэта быў адзначаны многімі ўзнагародамі, быў выдатным лекарам, таленавітым тэрапеўтам, які ўсё жыццё прысвяціў хворым. Многія і цяпер яшчэ ўспамінаюць яго гуманныя, поўныя павагі адносіны да хворага чалавека. Успамінаем яго як цудоўнага бацьку, для якога сям’я была самай вялікай каштоўнасцю. Як і наша мама, быў сумленным, адкрытым, глыбока веруючым чалавекам, якому мы, дзеці, абавязаны ўсім, што ёсць самае каштоўнае ў жыцці. Бацькі пражылі разам 58 гадоў, і за ўсе гэтыя гады мы, дзеці, незвычайна ганарыліся імі, выказвалі ім вялікую падзяку і любоў.”
Мікалай Герасімовіч працаваў у Германавіцкай участковай бальніцы 1936-1943 гадах, пры польскай і нямецкай уладах і ў гэты нялёгкі складаны час рупіўся, каб участковая бальніца ў Германавічах працавала і развівалася.
У наш час рэформа аховы здароўя прывяла да закрыцця невялікіх сельскіх бальніц. Некалькі гадоў назад была закрыта і Германавіцкая бальніца, новая, нядаўна пабудаваная. Гэта нявыгадна вяскоўцам, большасць якіх пенсіянеры, якія добра памятаюць бальніцу, адкрытую за польскім часам. Зараз замест бальніцы працуе ўрачэбны ўчастак. З ліквідацыяй Ручайскага сельскага савета тэрыторыя Германавіцкага сельскага савета значна павялічылася. Насельніцтва вялікага Германавіцкага сельсавета вымушана лячыцца ў Шаркаўшчыне. А там не заўсёды ёсць месца для хворых з сельскай мясцовасці. Закрылася Германавіцкая ўчастковая бальніца, напэўна, па рашэнні вышэйшых улад, а мясцовыя ўлады толькі выканалі гэта рашэнне. Многія жыхары лічаць закрыццё сельскай бальніцы ў старажытным мястэчку Германавічы вялікай памылкай.
Мікалай Герасімовіч выступаў за захаванне ўчастковых бальніц у сельскай мясцовасці ў Беларусі і Польшчы.

Кліменцій Кожан,
краязнаўца,
педагог,
м. Германавічы.

comments powered by HyperComments

Автор записи: Наталья Седова