Мікола Конан: “Ніколі не шкадаваў, што адмовіўся супрацоўнічаць з органамі”

У суботу, 26 каст­рычніка, былому вязню ГУЛАГа Міколу Конану, які жыве ў Лужках, споўнілася 90 гадоў.

Мікола Конан нара­дзіўся ў 1929 годзе ў мястэчку Лужкі, там жа атрымаў пачатковую адукацыю ў польскай школе. Пасля пачатку Другой сусветнай вайны давялося працягваць вучобу пры савецкай і нямецкай уладах. Перад самай вайной з немцамі ў школе ў Лужках некаторы час працаваў Язэп Драздовіч, які жыў на адной кватэры з Конанамі.
У 1943 годзе спадар Мікола паступіў у Глы­боцкую гімназію, дзе ўступіў у склад Саюза Беларускай моладзі. Пасля таго, як Глыбокае занялі савецкія войскі, Мікола Конан працягнуў вучобу ў Глыбоцкай педагагічнай вучэльні. Пасля яе за­канчэння працаваў нас­таў­нікам у Залессі, паступіў на завочнае аддзяленне ў Мінскі педагагічны інстытут імя Горкага.

У 1946 – 1947 гадах у Глыбокім і Паставах дзейнічала арганізацыя Саюза Беларускіх Пат­рыётаў, галоўнай мэтай якой было захаванне беларускай мовы і культуры. Юнакі і дзяўчаты хацелі навучацца на роднай мове. Але новая ўлада ўбачыла ў маладых людзях для сябе пагрозу і ў лютым 1947 года пачала іх арыштоўваць. Сябры СПБ атрымалі вялікія тэрміны ў сталінскіх лагерах, ад дзесяці да дваццаці пяці гадоў.


Мікола Конан да гэтай арганізацыі меў толькі ўскоснае дачыненне: па просьбе аднакурсніка Ва­сі­ля Мядзельца ён пад капірку надрукаваў пяць асобнікаў прысягі, якую прымалі сябры арганізацыі. Сам ён гэту прысягу не паспеў нават прыняць. Савецкія спецслужбы пра гэта ведалі, таму і арыштавалі яго пазней, зімой 1948 года. Перад гэтым яны паспрабавалі завербаваць Міколу Конана ў якасці свайго агента. Калі юнак адмовіўся данасіць на сваіх таварышаў, яго арыштавалі і прысудзілі да дзесяці гадоў зняволення. Атрымоўваецца, спадар Мікола атрымаў два гады за адзін лісток прысягі, у якой не было нічога крамольнага.
Вось тэкст гэтай пры­ся­­гі:

“Я (імя, проз­вішча), уступаючы ў Саюз Беларускіх Патры­ётаў, прысягаю перад Бацькаўшчынай і бела­рускім народам, што заўсёды буду верны ідэалам свабоды і незалежнасці Беларусі. Калі ж па слабасці сваёй, або па злому намеру я парушу гэтую прысягу і выдам тайну сяброў, хай пакарае мяне Бог ганебнай смерцю здрадніка Радзімы”.
Мікола Конан знахо­дзіўся ў Аршанскай, Куйбышаўскай і Красна­ярскай перасыльных тур­мах, пасля патрапіў на медзеплавільны камбінат у Нарыльску. Улетку 1953 года прыняў удзел у Нарыльскім паўстанні, якое было адным з найбольшых у савецкім ГУЛАГу.
На свабоду выйшаў у верасні 1954 года і вярнуўся на радзіму. Але нягледзячы на вызваленне, мясцовая адміністрацыя ставілася да былых вязняў адмоўна, на працу іх браць не хацелі. Таму разам з Іванам Бабічам, таксама сябрам СБП, паехаў працаваць у Комі на шахту.
У Беларусь вярнуўся пасля выхаду на пен­сію, жыве ў Лужках. Рэабілітаваны ў 1993 годзе.
***
Нягледзячы на пава­жаны ўзрост, цяжкі лёс і перажыты інсульт, Мікола Конан трымаецца бадзёра, мае добрую па­мяць. Гледзячы на яго, ніяк не скажаш, што чалавек пачаў ужо дзясяты дзясятак жыцця.
У суботу ў Лужкоўскім Доме культуры сабраліся родныя, сябры і знаёмыя, каб павіншаваць юбіляра. Сустрэча прайшла ў цёплай сяброўскай атмасферы. Ад дачкі і ўнучкі з Санкт-Пецярбурга спадар Мікола атрымаў зборнік сваіх вершаў, які яны самі падрыхтавалі і надрукавалі. А юбіляр нават танцаваў разам з усімі.
***
Мы выбралі крыху часу, каб задаць спадару Міколу пару пытанняў, на што юбіляр пагадзіўся.
– Вам органы прапа­навалі супрацоўніцтва ўзамен на свабоду. Як гэта адбывалася?
– Спачатку следства вёў начальнік КДБ у Глыбокім (Тады МДБ – Міністэрства дзяржаўнай бяспекі – З.Л.), прозвішча яго не памятаю. Ён усё стукаў па стале, пагражаў, што бацькоў маіх пасадзіць. Адным словам, запужваў мяне. І я там ноч пераначаваў на стале.
Потым да мяне падаслалі Калодзіча, быў такі лейтэнант. Ён так лагодна да мяне падышоў. Якраз як у Салжаніцына напісана. Кажа мне, ты ж савецкі чалавек. Ну не скажаш жа, што ты не савецкі. Вядома, савецкі! То трэба ж дапамагаць нам, кажа.
І далей гаворыць: будзеш нам дапамагаць. Я падумаў, а тады ж з такім не сутыкаўся – адзін лаецца, а гэты так лагодна падыходзіць – і я пагадзіўся. І гэты Калодзіч кажа: “Ты ў нас будзеш пад клічкай Дуброўскі”. Ну, думаю, чорт з ім. І адпусцілі мяне.
І дае мне гэты Калодзіч першае заданне: “Ты з’ез­дзі да Юркі Лук’янёнка, пагавары з ім”. А мы з ім разам за адной партай сядзелі. Жыў ён у пяці кіламетрах ад Залесся, дзе я ў той час працаваў. Ну я і пайшоў. А іду, як на іголках. Гэта цяпер, можа, лічыцца нармальным маніць, а тады я не ўмеў гэтага рабіць.
А мне сказалі паслухаць, можа ён якія рэчы анты­савецкія будзе казаць. Я пагаварыў з ім, прыйшоў дадому і думаю: “Гэта не справа”.
Прыкладна праз тыдзень ці два трэба ж ісці да іх. Я прыйшоў, і ў мяне пытаюцца, ці даведаўся што. Я кажу, што нічога. “Як жа так?” – пытаюцца ў мяне. І тады я кажу, што не буду супрацоўнічаць. “Ну, ладна,” – сказалі мне так лагодна і адпусцілі.
І вось недзе праз ты­дзень выклікаюць мяне ў ваенкамат. Ваенкомам тады Бабкоў быў. Яго дачка Валя яшчэ разам з намі вучылася. І я гляджу, гэты Бабкоў нешта круціцца, кажа, каб я пачакаў.
А пасля пачаў у мяне пытацца, ці хачу я ў ваеннае вучылішча паступаць. Я адказваю, што ў мяне няма такой мэты. А ён усё цягне час, і я бачу, што гэта не проста так.
Вось настае ўжо вечар, а мне ж трэба з Глыбокага да Залесся ісці, я ж пяшком прыйшоў. І вось прыходзіць супрацоўнік дзяржбяспекі і кажа, што мне трэба сустрэцца з Калодзічам. Сустрэліся, Калодзіч пытаецца ў мя­не: «Што новага ў вас?» Я адказваю, што нічога новага няма.
І ён тады мне кажа, што для канчатковага высвятлення абставін нам трэба з’ездзіць у Полацк (тады цэнтр вобласці – З.Л.). Мы селі на цягнік і паехалі.
Прыехалі раніцай, яш­чэ дзяржбяспека не пра­цавала. Мы яшчэ пастаялі каля Дзвіны, а пасля ён прыводзіць мяне на прапускны пункт. Відаць, здаў мяне. Мяне заводзяць у такую каморку і кажуць, каб здымаў шнуркі. І я Калодзіча больш ужо не бачыў, мяне прывялі ў камеру. Я яшчэ думаю, можа, што пытацца будуць? Але нічога не пыталіся.
Заходжу ў камеру, у мяне пытаюцца, што і як. Кажу, не ведаю, сказалі пачакаць. Усе засмяяліся, яны ўжо ведалі, што да чаго. Вось так вярбоўка закончылася, мяне сталі выклікаць на следства, і пайшло…
– А ці шкадавалі вы пазней, што так паступілі?
– Ты што! Я ўжо з самага пачатку зразумеў, што буду век сядзець на прывязі.
Калі я яшчэ працаваў настаўнікам у Залессі, там у мяне была суседка, дзяўчынка крыху старэйшая за мяне. І вось неяк мы з ёй гаварылі, а потым яна заплакала. Я пытаюся ў яе, чаго ты плачаш? А яна кажа: “Ведаеш што, мне сказалі, каб я за табой сачыла”.
Я тады і падумаў, што гэта такая справа, што на ўсё жыццё. Будзеш прадаваць, прадаваць, і гэта бясконца будзе. А я б так не змог. Таму і не шкадую, што адмовіўся ад супрацоўніцтва, нават і пытання такога пазней у мяне не ўзнікала.

Зміцер Лупач.

Фота Леаніда Юрыка.

comments powered by HyperComments

Автор записи: Наталья Седова