Можна быць і сціплым, але не варта забывацца на дзяцей!

Патэлефанавала жы­харка вёскі Вераб’і Вілена Альфонсаўна Арэ­хава.
– У нашай вёсцы жыве шматдзетная сям’я. Мае суседзі. У маці – трое сыноў. У мінулым годзе згарэў іх дом. Далі побач іншае жыллё. Страха цячэ – кожны вялікі дождж сустракаюць з тазікамі, ставяць іх на падлогу. Жыць там немагчыма. Вільготна! Можа вы прыехалі б і напісалі аб гэтай праблеме?
– А што муж яе робіць?– пытаю.


Муж адбыў у невя­домым кірунку.
– Добра, прыеду.
Праўда, прыехаць уда­лося толькі праз тыдзень, бо аўта, на якім меліся ехаць, сталася няспраўным і патрабавала рамонту. Праз тыдзень тэлефаную Вілене Аль­фонсаўне: “Еду!”
– А я цяпер – у бальніцы! Прабуду дзён дзесяць!
– Ладна, дам рады сам!
Сапраўды, як і казала спадарыня Арэхава, побач з яе домам – купа друзу, якая ўжо парасла пустазеллем. Гэта тое, што засталося ад дома суседкі. Далей – меркаваны дом, дзе пасяліліся пагарэльцы, бо не хапае цэлага шэрагу шыфера, а дранка якая была пад шыферам зеўрае дзіркамі, хоць месцамі і залатаная цэлафанавай плёнкай.
Ля дома – жанчына, якая збіралася ўжо некуды адыходзіць. Пэўна, гаспадыня?
– Вы гаспадыня гэтага дома?– пытаю.
– Так. Ірына Яў­генаўна Толкач.
– Вашая суседка, Вілена Альфонсаўна, прасіла напі­саць пра Вашую бяду!
– Ой, навошта! Каб яна запыталася ў мяне згоды – я б адгаварыла яе! Навошта! Я чалавек сціплы! Вось жа Аль­фонсаўна ўцудзіла мне! Пражылі адну зіму, пра­жылі б і другую…
– Як не трэба пісаць? У Вас жа страха цячэ! Вільгаць! Пэўна і ў хаце халодна?
– Цячэ! Зімой халад­навата! Як дождж – з сынамі стаўлю тазікі на падлогу.
– А дзе муж, чаму не рамантуе?
– Мы разышліся! Так сталася! У Віцебску на заробках. Абяцаў неўзабаве пры­ехаць.
– А хто Вам даў гэтае жыллё?
– Калгас. І дом калгасны. Муж тады працаваў у калгасе. Мы самі папрасілі гэты дом, бо былая жыхарка з’ехала ў Мінск. Хацелася, каб было блізка ад гаспадаркі, бо гадавалі курэй і свіней.
– Калгас абяцаў дапамогу з рамонтам дома?
– Абяцаў. Веранду па­будаваць. Мы старую веранду разабралі, бо так папрасілі. Але так і не прыехалі, і не дапамаглі. Сказалі, што, нібыта, матэрыялаў няма.
– У мяне ёсць у Глыбокім доля ў мамы, але нам выпадае толькі 1-пакаёвая кватэра. І то не ведаем, ці ўдасца нешта пабудаваць.
– Калі Ваш дом згарэў?
– 6 лістапада 2017-га. Пажарнікі казалі з-за электраправодкі. Пажар мог здарыцца і раней з-за пральнай машыны, яна раптам запалымнела, але мы ўсе былі дома. Патушылі самі. Машынку выкінулі, новую купілі. Праводку потым усю памянялі. А тут праз год паехалі да мамы на выхадныя, муж дома застаўся. А суседзі тэлефануюць: “Іра, у цябе дом гарыць!”. Можа таму пажар адбыўся, што новую праводку рабілі не спецыялісты…
– А дзе і кім Вы працуеце?
– У Марцыбыліне, ад камбікормавага завода, ёсць цэх па перапрацоўцы мяса. Там і працую. Каўбасы робім.
Па вялікім рахунку гэты матэрыял можна было б і не пісаць. Ірына Яўгенаўна наадрэз адмовілася фатаграфавацца на фоне дома, паклікала двух сыноў (трэці быў на возеры).
Ну, раз чалавек сціплы, і не надта хоча. Сціпласць – добрая рыса! Але не ў гэтым выпадку, калі маеш трох няпоўнагадовых: 15, 11, 8-гадовых сыноў школьнікаў. Чаму яны мусяць ратаваць дом ад дажджу з тазікамі? А ад вільгаці і цвілі ў хаце розныя хваробы можна падхапіць!


Сама спадарыня Іры­на не мае багата сродкаў на сур’ёзны ка­пі­тальны рамонт (на пабудову веранды і замену даха). На першым этапе – трэба знайсці хоць 11-12 шыферын, закрыць прагал. Мо ёсць спісаны шыфер у калгасе? А ўжо мясцовыя мужчыны і за сціплую “паляну” дапамаглі б! Работы той, хіба, мо на адну гадзіну! Неўзабаве і зіма! Суседзі хвалююцца! Ну, а ўжо потым давесці справу з верандай.
Начальства абяцала да­памагчы! А начальства, ведаеце самі, – пасяўная, уборачная, планёркі, на­рады ў райвыканкаме – ці можна ўсё ўтрымаць у галаве. Трэба часцей турбаваць начальства, хоць раз на месяц!

«ВГ», №№ 33 (958) 16 жніўня 2018 года.

comments powered by HyperComments

Автор записи: natashasedova23