На двух абутковых прадпрыемствах у Віцебску ўвялі каранцін

Дырэктар аднаго з іх знаходзіцца на бальнічным.

Сёння стала вядома, што на прахадных гэтых двух абутковых прадпрыемстваў, «Белвест» і «Чырвоны Кастрычнік», якія размяшчаюцца побач на праспекце Люднікава, з’явіліся аб’явы аб увядзенні каранціну, піша news.vitebsk.cc.

Аб’ява на ўваходзе ў вытворчую зону СТАА «Белвест» гаворыць пра ўвядзенне каранціну з 12 сакавіка і абмежаванні ўваходу на тэрыторыю прадпрыемства старонніх.

На прахадной ААТ «Чырвоны кастрычнік» аб’ява больш катэгарычная, яна паведамляе пра тое, што прадпрыемства закрытае на каранцін з 14 сакавіка да 3 красавіка. Па інфармацыю прапануюць звяртацца на транспартную прахадную.

На транспартнай прахадной журналісту прапанавалі звязацца з галоўным інжынерам фабрыкі, які выконвае абавязкі дырэктара, бо Павел Мартынаў знаходзіцца на бальнічным. Аднак в.а. дырэктара абмежаваўся заявай аб тым, што ўся інфармацыя выкладзеная ў аб’яве.

У прыёмнай генеральнага дырэктара холдынгу «Марка» паведамілі, што каранцін уведзены толькі на «Чырвоным кастрычніку», а галаўное прадпрыемства прадаўжае працаваць у звычайным рэжыме.

Пакуль удалося атрымаць каментар толькі ў кіраўніка «Белвесту» Юрыя Суманеева. Ён расказаў нашаму выданню, што на гэтым прадпрыемстве захады засцярогі пачалі ўводзіць яшчэ са студзеня і тройчы іх узмацнялі. Цяпер прадпрыемства прадаўжае працаваць, але староннім уваход на яго забаронены. Таксама на самой фабрыцы максімальна абмежаванае перамяшчэнне работнікаў, а падчас перамяшчэння яны абавязаныя насіць маскі. Уборка ў памяшканнях праводзіцца тры разы на дзень.

— Мы стараемся зрабіць усё, каб пазбегнуць інфікавання работнікаў і ў той жа час не спыняць вытворчасць. Больш за ўсё нас турбуе сітуацыя ў суседзяў («Чырвоны кастрычнік» — рэд.), з якімі мы знаходзімся на адной тэрыторыі. Таксама мы спадзяемся, што кіраўніцтва краіны распачне дадатковыя захады для абмежавання распаўсюджвання віруса, — заявіў спадар Суманееў.

 
comments powered by HyperComments

Автор записи: Наталья Седова