• Пт. Июн 2nd, 2023

На возеры ШО – жывецца хараШО!

Автор:vglybokaye

Дек 29, 2021
Піша краязнаўца Уладзімір Скрабатун.

“Вялікія людзі прыплылі здалёку, тут жылі, тут і пахаваныя!”

Гэтыя словы належаць Ціхану Лагошу, стражылу вёскі Шо. Мы, неяк, гадоў пад 20 таму, сустракаліся з ім.  Памятаецца, яму было – ці не 96!.

Не хачу, як шкаляр, падганяць  даўняе паданне пад патрэбны мне вынік. Маўляў, прыплылі на вялікіх суднах – па рацэ Шошы ­– волаты: вікінгі, скандынавы наогул, і далі назоў возеру Шо… Паданне, ёсць паданне. Але, аб этым – далей…

— Ляжу я ў ложку малы з бабуляй, – казаў дзед Ціхан. – А бабуля апавядае мне пра часы прыгону. Вёска Шо належала двум панам. Палова – пану Храпавіцкаму, палова – пану Жабу. І кароў так пасвілі. Тыя людзі, якія належалі Храпавіцкім – пасвілі на пожнях Храпавіцкіх, а тыя хто Жабам – на пожнях Жабаў.

Але ў нейкага пана на адну сям’ю прыгонных было меней. Паехаў ён на Пастаўшчыну у госці да іншага пана. Узяў з забой свайго лепшага сабаку —  сучку. І вымяняў  сабаку ў таго пастаўскага пана – на адну сям’ю прыгонных. Цяпер прыгонных у абодвух паноў стала пароўну.

Прозвішча тых людзей было – …шкевіч. З тых часоў і павялося — калі распачнецца нейкая сварка між суседзямі, адзін з бакоў дапякае:

“Маўчыце вы – за сучку купленыя!” Так цягнецца ўжо паўтара стагоддзя! Як былі “за сучку купленыя” – так і засталіся, хоць жывуць іх ужо цяпер пра-пра-праўнукі…

Зразумела, аўтар гэтага матэрыялу не толькі гэта ўзяў на павер сказанае дзедам Ціханам, але і спраўдзіў праз “Слоўнік Геаграфічны Каралеўства Польскага і іншых краёў славянскіх”, выдання сярэдзіны ХІХ ст. Так, усё – праўда! Сказана там, што вёска Шо належала двум панам – Храпавіцкім і Жабам. Значыць, і ўсё іншае – праўда!

Ціхан Лагош браў удзел у археалагічных раскопках. Плацілі нават невялікія грошы.  Здаецца, па 30 грошаў на дзень. Я спраўдзіў потым у даведніках – у 1930-я гг “капалі” тут польскія (затым – беларускія) археолагі Алена і Уладзімір Галубовічы, жонка і муж. Начавалі ў пуні ў Лагошаў. Артэфакты ў скрынках  вазілі на станцыю Зябкі, адпраўлялі цягніком у  нашу (тады) Вільню. Пра вынікі тых раскопак напісана і ў глыбоцкай кнізе “Памяць”.

Дык, пра вялікіх людзей”…

Аднаго разу, адна вельмі вядомая радыёстанцыя, называць яе не буду, бо цяпер усё іншае, недзяржаўнае, абвешчана “экстрэмісцкім”,  нават наш сайт заблакавалі … за “экстрэмізм” – праводзіла он-лайн канферэнцыю з паслом Швецыі ў Мінску Стэфанам Эрыксанам. Можна было задаваць пытанні. Стэфан Эрыксан жа вельмі выдатна, без акцэнту, размаўляў па-беларуску.

Я задаў пытанне: “Ці праўда, што “ШО”, па-шведску – “Возера”?”. У дадатак я паведаміў, што ў выніку археалагічных раскопак курганаў на беразе возера Шо – побач са шкілетамі, ля ног, знойдзеныя чарапы баранаў, ці казлоў. А казёл у скандынаваў  – свяшчэнная жывёла бога Тора, які з молатам ў руцэ, ездзіў на фурманцы, што была запрэжаная двумя казламі.

Стэфан Эрыксан падзякаваў мяне за добрае веданне гісторыі,  і, падцведзіў: “ШО”,  па-шведску – “ВОЗЕРА”!

Любую версію – кажуць навукоўцы – трэба спраўджваць, як мінімум, з дзвюх незалежных крыніцаў. Аўтар назваў, пакуль, дзве: вынікі археалагічных раскопак, і адказ на сваё пытанне шведскага амбасадара Стэфана Эрыксана, які не толькі валодаў беларускай мовай, але і сваёй роднай – шведскай.

Ёсць і трэцяя. Памятаецца, у вёсцы Перадолы, на сядзібе Мар’яна Місевіча, мы праводзілі нефармальны Бардаўскі Фэст. Прыехала на яго і адна былая  браслаўчанка, цяпер жыхарка Швецыі, і замужам была за шведам. Пытаю яе: “Ці праўда: “Шо”, па-шведску –  “Возера”?”

— Так! “Шо”, па-шведску – “Возера”. Ёсць два напісанні гэтага слова: sho і sjö, адно – проста – “возера”, іншае – частка складанага слова са словам “возера” (як, напрыклад, Белавозера).

Дзеля справядлівасці, адзначу, што з гэтай, маёй, версіяй не згодны мовазнаўца Вінцук Вячорка, які лічыць “Шо” паходжаннем з балцкіх моваў (продкаў летувісаў і латышоў, якія некалі тут жылі). Ну, дык в.п. беларускі пісьменнік Іван Ласкоў  тлумачыў мне “Шо” з фіна-угорскіх моваў – “балота”.

Ці маглі “вялікія людзі” прыплыць па Шошы на бераг возера Шо? Не факт, але, тэарэтычна, маглі.

Адзін 90-гадовы старажыл з вёскі Перавоз апавядаў аўтару, што толькі на яго памяці, мост праз Шошу звужалі – тры разы. І гэта – за стагоддзе! Якой жа шырокай была рака Шоша 1 000 гадоў таму!!! Дый сам назоў вёскі – Перавоз – кажа аб гэтым. Тут перавозілі на “пароме” – коняў, фурманкі, людзей…

На возеры Шо трэба зладзіць нудысцкі пляж!

Памятаю, гадоў 10 таму, а мо і болей, патэлефанаваў мне з Мінска в.п. краязнаўца Генадзь Трафімавіч Комель. Зямляк, паходзіў з Узрэччыны. Ён арганізоўваў экскурсіі для мінчукоў па Глыбоччыне-Пастаўшчыне. Мяне ж браў за экскурсавода-правадніка.

– Валодзя, давай прадумай маршрут да магілы Язэпа Драздовіча ў Ляплянях, – прапанаваў ён чарговы раз.

Валодзя “прадумаў”! Глыбокае – стараверская царква ў Ластавічах – былая ўніяцкая, цяпер праваслаўная царква ў Кавалях – царква ў Папоўшчыне (перад Галубічамі) –  магіла паэта Алеся Дубровіча ў Каралевічах – Галубічы ­– Ляпляне, цвінтар, магіла Драздовіча. Так і праехалі. Спёка ў  той дзень была аХвігенная! 30Со!!!

­– Ну, а зараз мы паедзем у Падсвілле, пакажу Вам магілу Міхала Фалькоўскага, паўстанца 1863 года, які дажыў да адраджэння Польскай дзяржавы і быў вельмі шанаваны тагачаснай глыбоцкай уладай!

І што тут пачалося!!! Словамі не перадаць! Як закрычалі бабы! Прабачце, жанчыны! Як затупалі нагамі аб падлогу ў аўтобусе! Уяўляеце? У аўтобусе – 40 пасажыраў! З іх — толькі 7 мужчынаў: кіроўца аўтобуса, Генадзь Трафімавіч, я, і яшчэ – 4 мужчыны. Ашалець!

— Мы думалі што ў такую спёку – нас павязуць у тур па ГЛЫБОЦКІХ АЗЁРАХ! Мы ж за гэта плацілі грошы (арэнда аўтобуса)! А нас возяць па могілках!

Я проста ашалеў ад такой нечаканасці! Кажу раз’юшанаму натоўпу: “Што мне замаўлялі – тое і паказваю! Не пытанне! Раз тур па азёрах, няхай будзе – тур па азёрах! Зараз, праз Падсвілле, выязджаем на добры асфальт і кіруемся на возера ШО!” Народ адразу выдыхнуў з палёгкай і супакоіўся…

Прыехалі. Праўда, метраў 300 да возера, кіроўца адмовіўся ехаць, баючыся, што яго дужа “імпартны” аўтобус рассыплецца на кавалкі на тамтэйшых калдобінах… Пайшлі пешшу. І, вось яно – ШО!

І тут, раптам, паўстала “карціна алеем”, якую  ніколі не мог ўявіць у жыцці, нават у сне! Жанчыны паскідалі са сваіх целаў усё, у ва што былі апранутыя! Стаяць у “чым маці нарадзіла”! І ніколькі не саромяцца!  33 – голых жаночых сілуэты.

Я не ведаў куды адвярнуць галаву, куды патупіць вочы – у зямлю, ці неба? І  тут чую перад сабой жаночы голас: “Вы, мужчыны, пачакайце – хвілінаў пятнаццаць, і вы пакупаецеся! Жанчыны цяпер будуць лагодныя, не будуць ушчуваць на вас, збылася іхняя мара – дабраліся да вады!” Я падняў вочы, і ўбачыў перад сабой … сіські. 

Накупаліся жанчыны, “накрылі паляну”: бутэрброды, гародніна, садавіна, кава, гарбата, і яшчэ нешта мацнейшае…

— Наступнае наша возера ў туры па азёрах Глыбоччыны – самае Глыбокае возера Беларусі – Доўгае!– паведамляю.

— Нікому не купацца!– заклікае Генадзь Трафімавіч. – Я, проста, хачу яшчэ раз, сам глянуць на гэтае возера,– кажа ён, відаць прадчуваючы, што не доўгі яго век наперадзе…

Ды, дзе там! Паскідалі ізноў  жанчынкі  з сябе ўсё – навыперадкі пабеглі ў ваду!

— Нагадваю – самае глыбокае возера Беларусі! 53 метры! Патонеце – вадалазы будуць доўга шукаць! – ва ўнісон з Трафімавічам крычу я.

Трафімавіч жа нагадваў курыцу квахтуху, якая выседзела хатніх качанятаў, яны – у лужыну з вадой, а курыца не ведае, як іх “ратаваць”! Мітусіцца – туды-сюды і квокча!

— Зараз мы праяжджаем возера Акунёва. На тым беразе была сядзіба, дзе нарадзіўся вядомы пісьменнік – Тадэвуш Даленга-Мастовіч, аўтар твора, па якому зняты папулярны фільм “Знахар”…

— Возера???– запыталі жанчыны. – Вадзіцель, спыніся!

Ён спыніўся, дзякуй Богу, не на пляжы, а – на аўтастаянцы пры дарозе. Інакш бы перапоўнены акунёўскі пляж убачыў бы тое, чаго не бачыў за ўсе 15 тысяч гадоў, з часоў сыходу Вялікага Ледавіка і ўтварэння возера!

Як Вы ўжо здагадаліся – сцэнар быў усё той самы. І я, раптам, ўбачыў, як метраў за сотню, з трыснягоў, “вынырнула” гумовая лодка з двумя рыбакамі… Мужыкі пачалі інтэнсіўна веславаць у наш бок!

Я папрасіў кіроўцу выпусціць мяне у пачатку Глыбокага, каля новай АЗС, маўляў – сам дайду, ужо блізка. Бо наперадзе было возера Бяглец, і няхай гэты “гарэм”яго міне нечакана…

Заміж возера Шо – капуснае поле?

Неяк, у канцы жніўня, гадоў 15 таму, прыкладна 25 дня, заехалі з в.п Кастусём Бахірам на возера Доўгае. Канец жніўня, а – 30 градусная спякота! Канцовым пунктам нашага маршпуту мусіла быць вёска Завулак, дзе жыў Анатоль Лявонавіч Скрабатун, сваяк слыннага пісьменніка Васіля Быкава. Бацька Анатоля Лявонавіча і маці Васіля Быкава – родныя брат і сястра. То бок, у маці Васіля Быкава, дзявочае прозвішча – Скрабатун.

Аднак, вада была цёплай, як сырадой (парное малако), і з’язджаць не хацелася. Балазе, наўпрост,  на высокім беразе Доўгага – лецішча пісьменніцы Вольгі Іпатавай. Завіталі! Паразмаўлялі з ёй і мужам. Спадарыня Вольга паказала розныя экспанаты са сваіх збораў, якія захоўваліся на лецішчы. Затрымаліся! А ўжо вечарэе…

— Валодзя, не паедзем мы ў Завулак! Навошта так позна турбаваць старога чалавека! Завязу цябе да іншых Скрабатуноў – на возера ШО, і ў самой вёсцы – ШО. [Возера і вёска носяць аднолькавыя назвы.] Адсюль – пару кіламетраў. Пакаштуеш выдатнай пушчанскай самагонкі! – прапануе Косця.

Заехалі! Паглядзелі  той пункт, які называўся Цэнтрам Еўропы – тады ён быў яшчэ наш (глыбоцкі), пакуль “Цэнтр Еўропы” нахабна не забраў сабе Полацк.  Цікавы факт паведаміў Юры Скрабатун. Аказваецца, да развалу Савецкага Саюзу быў праект (ці намеры) – спусціць ваду з самага вялікага, але не самага глыбокага  возера Глыбоччыны. На дне зрабіць капусныя плантацыі. Уяўляеце капуснае поле – 4 х 2 кіламетры? Для спуску вады меркавалася пракапаць канаву даўжынёй 9,5 км да ракі Шошы ля вёскі Бабруйшчына. Праект не здзейсніўся толькі таму, што Савецкі Саюз разваліўся. І калгаснікі прыціхлі, бо адкуль жа для сваіх цемрашальскіх планаў узяць грошы! І дзякуй Богу!

Пра возера Шо і яго ваколіцы можна апавядаць бясконца… 

Але гэта быў бы вялікі раман. Мною падазеныя толькі некалькі эпізодаў. Пра што яшчэ можна было б згадаць?

Ну, хаця б пра тое, што пад час апошняй вайны вёска Шо апынулася ў партызанскай зоне. Жыхарка вёскі Шо, ўсё з тым жа прозвішчам …шкевіч, са слязмі на вачах апавядала, што жыхары вёскі Зябкі жылі, “як у бога за пазухай”, а іх немцы – з таго берага, праз возера Шо, штораз, абстрэльвалі з гарматаў, жывога месца не засталося, усё пагарэла! Калі немцы ўварваліся ў вёску – сабралі ўсіх жыхароў у адным месцы, пры дарозе, паклалі ніцма, тварам да зямлі…

— Мой бацька,– казала спадарыня,– разумеў нямецкую мову, бо ў Першую сусветную вайну быў у палоне. І ён сказаў ім: “Сярод нас няма партызанаў! Тут – толькі жыхары вёскі!  Партызаны зыйшлі!  Людзей таму і не забілі з кулямётаў, якія былі ўжо  напагатове.

Памятаеце, ёсць такі фільм “Вызваленне Беларусі”? Там прысутнічае такі эпізод, калі савецкі генерал дакладвае Сталіну – “прарыў запланаваны каля возера Шо”! У фільме паказаны яшчэ адзін эпізод – немцы прымусілі жыхароў вёскі Шо ўзяць бароны і цянуць іх праз  міннае поле… І людзі пайшлі, бо ззаду іх гналі немцы з аўтаматамі. Людзі падрываліся… Усё што ў фільме – не мастацкая выдумка, а – праўда! Такое і было на вачах  маёй апавядальніцы…

comments powered by HyperComments
Scroll Up