Як тут культурна, без мацюкоў, выказацца! Я фігею ад гэтай рэчаіснасці, якую стварылі ў краіне былыя калгаснікі, што дабраліся да ўлады!
Усё пабурылі на Глыбоччыне: і палацы, і панскія сядзібы (Гатаўшчына, Залессе …), і старадаўнія млыны (Старыя Шарабаі, Кашталянаўшчына…), замкі (Глыбокае) павысякалі на дровы старадаўнія паркі… Я ўжо маўчу пра апусцелыя і знесеныя бульдозерамі вёскі. Дакіраваліся!!!
Сёння, цягам дня, ад майго інфарматара, які працуе на прадпрыемстве, да якога належалі палеткі, дзе пасвіўся зубраня, што яго сёння маюць намер забіць і адправіць на мясакамбінат. Маўляў, не падпускае да цялушак, якіх упадабаў, а іх трэба адправіць у зімовае стойла. Потым тэлефануе — не! Маўляў, дачуліся эколагі (ці яшчэ хто там) — заступіліся. Адлягло ад сэрца! Потым ізноў тэлефануе — усё ж, забілі ў 15 гадзінаў.
Я не спец, каб даваць парады і рэкамендацыі, што трэба было рабіць? Усыпіць, і завезці у вальеры да аленяў у Казюкі? Адвесці ў Белавежскую пушчу?
На ускраіне г. Верхнядзвінска ёсць накшталт “заапарка”, ці жывы куток, як казалі ў школе. Там ў вальерах, сярод лесу: алені, казулі, бараны і г.д, нават трусы (кролики) у доміках. Заўсёды — там людзі: і пешшу, і на роварах. Побач — АЗС.
Дык, вось — і ў Глыбокім можна было такое стварыць. Нават у межах горада! Я маю на ўвазе — лясны масіў на беразе возера Беразвецкага (Вялікага) ля вёскі Барок, якая ўжо даўно у межах горада — вул. Сасновая. Ад старога аэрадрома да рэчкі Беразвіцы — адзін кіламетр будзе! Шырыня 350-400 метраў. Во, які агромністы парк мог быць! І кавярні там, і атракцыёны для дзяцей. Побач праходзіць бойкая траса Мінск-Глыбокае-Браслаў-Рыга. Заўсёды былі б наведнікі! А сам парк — ужо даўно пасаджаны самой прыродай!
Уладзімір Скрабатун.
comments powered by HyperComments