Навала! Каровы з Галубіцкага сельсавета дратуюць гароды і сады жыхароў Падсвільскага сельсавета

На старонках нашай газеты ўжо неаднойчы паведамлялася, як кінутыя без нагляду ўночы калгасныя каровы на полі, адчуўшы свабоду, робяць набегі на бліжэйшыя вёскі, на сады і гароды вяскоўцаў. Статак кароў, з паўсотні галоў, а то і болей, на сваім шляху ламае платы, на сялянскіх гародах з’ядае дарэшты ўсе буракі, капусту, абрывае провады, на якіх сушыцца бялізна, а ўчастак зямлі пераўтварае ў месіва… Гэта – як тарнада!
Аўтар гэтага допісу Мар’ян Місевіч жыве ў Падсвіллі, а ў недалёкіх Перадолах – бацькоўскі дом. Бацькоўкая сядзіба ўтрымліваецца аўтарам і яго сям’ёй у належным стане. І, дарэчы, там часта ладзяцца розныя грамадскія імпрэзы. То мастакі спыняцца на пленэр, то барды завітаюць, а неўзабаве і 130-я ўгодкі Язэпа Драздовіча тут адзначаць. Сам жа Мар’ян Місевіч з дзіцячых гадоў памятае Язэпа Драздовіча.
Дык вось, калгасныя каровы завіталі сюды тройчы…

У гэтым годзе – вялікі ўраджай на садавіну. Мае 50-гадовыя яблыні вышынёй 6-8 метраў – усыпаныя пладамі. На вялікі жаль, нікому яблыкі не патрэбныя. Скідваю іх у кучу, прыкрываю травой – хай гніюць. За дзень так нацягаюся, што ног не чую. Вярнуўшыся з бацькаўшчыны, не да­глядзеўшы фільм, засынаю. Сплю бы пшаніцу пра­даўшы. Толькі пад раніцу ўбачыў сон.
Чорнае вараннё паядае ўсходы гароху, які я пасеяў тыдзень таму. Ганю іх прэч, а яны пералятаюць на другія радкі і, толькі сажраўшы ўсё, злятаюць. Прачнуўшыся раніцою, гадаю, што б гэта значыла.Паснедаўшы, прыхапіўшы тармазок з абедам, еду ў Перадолы працягваць бітву з дарамі прыроды. Божухны, што я бачу!

Увесь участак здра­таваны капытамі кароў. Трава (я трымаў, яе, каб потым прыкрыць яблыкі) – з’едзеная і стаптаная! Не ацалеў газон на валейбольнай пляцоўцы і ў маладзенькім садку. Прайшліся каровы капытамі па кветніках, а нейкай карове не спадабаліся кветкі ў вазоне на пні былой яблыні: кветкі з зямлёй у адным баку, а вазон – у другім. Увесь участак абгаджаны, таму трэба быць уважлівым пры хадзьбе. Адбылося гэта ў ноч з серады на чацвер (26/27.09.2018 г).
З дарожак “ляпёшкі” прыйшлося ўбраць, каб смела хадзіць. Думаю, як быць далей. Правёў расследаванне: каровы калгасныя – з Галубічаў. Пасвяць іх найміты. Потым у мяне было шмат спраў, закруціўся. Думаю, можа выпадкова вырваліся каровы ў той час, як пастухі паснулі.
Не, не выпадкова! З суботы на нядзелю (29/30.09) ізноў статак у 50 кароў зруйнаваў тое, што не паспеў у першы раз.
У панядзелак з раніцы тэлефаную старшыні кал­гаса: “Гэта не да мяне, – чую адказ, – тэлефануйце на “31” механіку”. Тэлефаную механіку. Выслухаў. Маўчыць. Прашу прадставіцца. Чую: “А вам не ўсё роўна?”. Гудкі. Праз некаторы час тэлефануе жанчына, таксама не прадставілася. Паабяцала прыехаць і разабрацца. Не прыехала.
На наступную ноч (з 1.10 на 2.10) ізноў калгасныя каровы пляжаць мой участак і ўчасткі іншых перадольцаў. Навала! Насланнё! А 9-ай гадзіне еду на бацькаўшчыну – уся дарога ў слядах ад капытоў кароў. Стаіць машына на транзітных нумарах, нікога не бачна. Заязджаю на свой двор. У страшным сне такое хіба што пабачыш: лаўка паваленая, вазон ізноў скінуты і т.п. Чую нейкія крыкі, еду назад, на крыкі. Аўта пачынае рухацца перада мною, я за ім следам, паварочваем на Давыдкі.
Праз 300 м бачым статак кароў, пастушку, мяс­­цовых людзей, якія аба­раняюць сваіх кароў. Аўто тармозіць, выходзіць няголены чалавек (як я зразумеў, – нейкі начальнік над пастушкамі). Яны пачынаюць сварыцца. Тэ­лефаную старшыні Пад­свільскага сельсавета.
Пад абед прыязджае аграном (таксама не прадставіўся па маёй просьбе). Нейкія палахлівыя, зашуганыя спецыялісты. Пачынаецца торг: што ім трэба зрабіць. Пра якое-небудзь выбачэнне размова не ідзе (не тое выхаванне).
Маё меркаванне: па вашай віне – пастухоў, заатэхніка, механіка, старшыні – мая ўласнасць, мая бацькаўшчына загаджаная, здратаваная.
Патрабую: прывесці ў першапачатковы стан маю бацькаўшчыну, якой яна была да першага (з трох) візіту вашых кароў.
Рэзюмэ: калі напаскудзіў, то прыбяры за сабой.
Аграном не пагаджаецца, бо ёсць важная прычына, чаму каровы гуляюць па суседнім сельсавеце:
А) Можа, лось!!! Пры­ходзіць і выводзіць кароў на шпацыр.
Б) Можа, яблыкі пры­вабліваюць.
Дык сёлета яблыкаў усюды хоць заваліся. Такім чынам сыходзіць ад пытання: Чаму ў калгасе няма парадку, адсутнічае дысцыпліна працы, пра якую кажа Лукашэнка.
Наогул, ці ёсць будучыня ў калгасаў, калі імігранты (найміты) выконваюць адну з галоўных работ.
PS. Прайшлі суткі пасля размовы з аграномам. Ціха.
У ноч з 3.10 на 4.10 калгасныя ка­ро­вы ізноў пляжаць мой участак! Паеду ў Галубічы паглядзець на старшыню, якому пастухі не падпарадкоўваюцца.
4.10.2018
Ад рэдакцыі. На момант апублікавання матэрыялу вышэйзгаданыя праблемы на сядзібе сп. Місевіча –калгасам ліквідаваныя.

Мар’ян Мечыслававіч Місевіч,
Перадолы-Падсвілле.

comments powered by HyperComments

Автор записи: natashasedova23