Калі гадоў 7 таму у мяне, раптам, сярод траўня, пасля адцвітання і завязі пладоў, завяла і засохла чарэшня, я падумаў — пэўна былі начныя замаразкі. Шкада, ну што зробіш, за ўсім не ўпільнуеш…
Сёння, аднак, зразумеў, што гэта — вялікая праблема для ўсіх садаводаў і начныя замаразкі тут не пры чым.
Гэта хвароба ўсіх косткавых дрэваў: вішні, чарэшні, слівы, алычы, абрыкоса, персіка, нектарына.
Піша Уладзімір Скрабатун.
Увосень 2019 года пасадзіў абрыкос Трыумф Паўночны, які прыкупіла дачка Надзея на рынку ў Верхнядзвінску. Выбраў яму самае лепшае сонечнае месца. За 2020-ы добра падрос. Увесну 2021-га, прыкладна 25 красавіка — расквітнеў. Так, як нідзе, нічога, не квітнела — дружна накінуліся пчолы. З’явілася з дзясятак завязяў… Але надвор’е сталася потым кепскім — штодзень дождж, вецер, холад. Аднаго дня, раніцою, гляджу — завяла адна галінка з лісцямі. І штодзень — новая і новая. Прыгрэла сонца — завялыя галінкі засохлі.
Кажу суседу: “Што гэта робіцца? Засыхае абрыкос!”
— Паглядзіце ў мяне — таксама засыхае алыча!– кажа.
Не, тут аніякія замаразкі не вінаватыя!– падумая я. Тут нешта іншае.
Пачаў шукаць у садаводаў адказу на гэтае пытанне. І знайшоў! Аказваецца, працяглае даждлівае надвор’е спрыяльнае для распаўсюду спораў грыбка, які пранікае пад кару косткавых культур. Грыбок перакрывае “капіляры” і сок не рухаецца, ён выходзіць вонкі, застывае і ўтвараюцца “сасулькі”. Нешта накшталт “інсульта”. Можа загінуць усё дрэва.
Садавод параў хімікаты, якімі трэба апырскаць дрэва. Адзначыў, што калі са згаданага нічога няма пад рукой — узяць звычайную вапну.
Я так і зрабіў — развеў вапну і апырскаў ствол і галінкі 2 разы з прамежкам 5 дзён.
І што? Ды ўсё так і атрымалася, як раіў садавод — галінкі абрыкоса перасталі вянуць і засыхаць. Зрэзаў засохлыя галінкі і спаліў — як раіў іншы садавод.
Магчыма Вы сутыкаліся з такой праблемай, і падумалі, як я некалі ў выпадку з чарэшняй — начныя замаразкі. Магчыма, такая праблема ў Вас з’явіцца не сёлета, а ў наступным годзе. Магчыма Вы яшчэ плануеце пасадзіць абрыкос, персік, нектарын. То Вы павінныя быць узброеныя!
Вось падобнае відэа: