Неверагодная прыгажосць – барочныя храмы над азёрамі!

Тэлеканал БелСАТ прадставіў два шыкоўных фільмы культавага беларускага гісторыка, прафесара Аляксандра Краўцэвіча: адзін – прысвечаны гораду Глыбокае, другі – глыбоцкім храмам.

Тэлеканал БелСАТ прадставіў два шы­коўныя фільмы пра Глыбокае, якія могуць істотна паўплываць на турыстычны патэнцыял горада. Гэтыя два фільмы можа паглядзець любы ахвотны, які мае выйсце ў інтэрнэт і знайсці іх на YouTube па загалоўках: 1) Глыбокае – мястэчка двух ваяводстваў/ За­гадкі беларускай гіс­торыі. 2) Таямніцы глыбоцкіх святыняў/ Загадкі беларускай гіс­торыі | Тайны храмов Беларуси.

Царква Пятра й Паўла ў Беразвеччы, разбураная камуністамі ў 1950-я гг

Аўтар фільмаў – культавы беларускі гісто­рык Аляксандр Краўцэвіч, прафесар, доктар гістарыч­ных навук.
Фільмы пасля паказу на БелСАТе з’явіліся ў інтэрнэце зусім нядаўна: першы – 11 сакавіка, другі – 1 красавіка, але ўжо маюць разам каля 5 тысяч праглядаў і дзясяткі захопленых каментароў.
У абодвух фільмах у якасці эксперта выступае адзін з нашых даўніх аўтараў, краязнаўца і журналіст Кастусь Шыталь.
Фільм “Глыбокае – мястэчка двух ваяводстваў” распавядае аб унікальным эпізодзе з гісторыі Глыбокага, калі сучаснае Глыбокае было падзеленае на дзве часткі, адна з якіх належала Зяновічам, потым Радзівілам, а іншая – спачатку Корсакам, а потым манахам кармелітам босым. Больш таго, радзівілаўская частка знаходзілася ў Віленскім ваяводстве, а іншая – у Полацкім. Мяжа праходзіла па рацэ Беразвіцы. Тое, што паселішчы некалі належалі некалькім магнатам, – на Беларусі не рэдкасць, а вось тое, што належылі розным тэрытарыяльным адзінкам – досыць унікальны выпадак.
У іншым фільме ­“Таямніцы глыбоцкіх святыняў” аўтар адзначае, што глыбоцкія храмы, лёс да якіх стаўся літасцівы, могуць задаволіць самы вышуканы густ!


Не аднойчы ў фільме ўсплывае вобраз шэдэўра еўрапейскай архітэктуры беразвецкай базыльянскай грэка-каталіцкай (уніяцкай) царквы Пятра й Паўла, якая цяпер засталася занатаванай толькі на старых здымках і паштоўках.
Эх! Як цяпер не хапае Глыбокаму гэтага храма! Можа адновім? Як не мы, дык нашыя ўнукі!
Як адзначае аўтар фільма, ні беразвецкія базыльяне, ні глыбоцкія кармеліты босыя не змарнавалі дарэмна сродкі богабоязнага фун­датара Язэпа Корсака, а заміж драўляных будынкаў узвялі велічныя каменныя храмы і кляштары. А для іх узвядзення запрасілі выбітных віленскіх ар­хітэктараў. Таму сёння і маем мы, як адзначае аўтар фільма, – “неверагодную прыгажосць – барочныя храмы над азёрамі”.
І сапраўды, у абодвух фільмах шматкроць пры­сутнічаюць панарамы Глыбокага, якія знятыя з вышыні птушынага палёту. Касцёлы, вежы якіх, нібыта ракеты, імкнуцца ў вышыню, усё гэта – на фоне блакітных азёраў.


Прачытаў каментары пад абодвума філь­мамі, амаль усе яны дадатныя. Ёсць некалькі і на ўкраінскай мове. Працытую некаторыя з іх з захаваннем стылістыкі арыгіналу:
СТЕН ЖУРАВЛЬ
Як завжди це одна цікава сторінка історії Білорусі…на величній, приємній для розуміння, білоруській мові … глибокий підхід і дуже професійний молодий гарний краєзнавець Кастусь (Шыталь)… Подальших цікавих знахідок і вдалих робіт, фільмів…
Алексей Гарди
Спадар Алесь! Вельмі ўдзячны Вам за матэрыял аб Глыбокім. Я, як архітэктар захапляюся кармеліцкім касцёлам імя геніяльнага Глаўбiца. Глыбокае я вельмі люблю, праязджаю побач з выдатнымі ўзорамі Віленскага барока некалькі разоў на год. Страта базылiанской царквы, адна­го з самых прыгожых помнікаў архітэктуры на­шай Радзімы – для мяне асабістая трагедыя. Але, Дзякуй Богу, яны ўзарвалі ня ўсё! Дзякуй вам велізарны!. Будзем жыць!!!
Дмитрий Волчек
Каб мне таки профессор выдавау гисторыю – я напэуна быу бы сам гисторыкам, а не механикам!!!
Ну, а хто можа напісаць рэдкі адмоўны каментар ці паставіць дызлайк? Мы ведаем! Гэта – нашы суседзі летувісы, якім здаецца, што беларусы крадуць у іх гісторыю.
PS. Як падаецца аўтару гэтых радкоў, гэтыя два фільмы не апошнія пра Глыбокае. Мусіць быць яшчэ фільм пра міжваенную архітэктуру. Праводзіліся таксама здымкі і на вуліцах Камсамольскай і Вольнай пра дамы ў “закапанскім стылі”, таксама дамы ў стылі канструктывізму.

Уладзімір Скрабатун

comments powered by HyperComments

Автор записи: natashasedova23