
Звычайны турыст можа ўбачыць мядзведзяў у асяроддзі іх пасялення ў Бярэзінскім біясферным запаведніку.
Запаведнік распрацаваў і прапануе адмысловы тур па назіранні за мядзведзямі ў дзікай прыродзе з хованкі. Сёлета, праўда, гэтай паслугай пакуль скарысталіся толькі адзін раз, але мядзведзя пры гэтым сустрэлі.
21 ліпеня паглядзець на мядзведзяў у Бярэзінскі біясферны запаведнік прыехалі бацька з сынам. Назіралі яны за драпежнікам з адмысловай вышкі, усталяванай у наваколлях апусцелай вёскі Пастрэжжа, дзе адмыслова засяваюць кармавыя палі аўсом.
Турыстам у той вечар пашанцавала, і на аўсяным полі яшчэ да 21:00 з’явіўся малады самец мядзведзя, які карміўся травой і час ад часу ўставаў на заднія лапы, каб агледзецца.


Туры для назірання за мядзведзямі ў запаведніку збіраюцца праводзіць да канца жніўня, паведамляе афіцыйны сайт.