Уладзімір Скрабатун.
Гэтаму здымку – 22 гады, то бок зроблены ён у 2000-м, яшчэ плёначным фотаапаратам. Усе гэтыя 22 гады, я расказваю сваім апанентам аб той сустрэчы. Асабліва тым, якія кажуць, што, каб добра жыць, трэба – працаваць, працаваць, і працаваць, і не на адной працы, а на – трох, пяці… Мець свой агарод, карову, пяток свінняў.
Як сталася, сямейная пара – былая глыбачанка Сафія Кухта і яе муж галандзец Хэнк – з горада Утрэхта.
На якой мове мы размаўлялі? Натуральна, на беларускай. 85-гадовая жанчына не забылася на тутэйшую гаворку, размаўляла вольна, без акцэнту. Зразумела, сэнс размовы пераказвала Хэнку па-галандску.
І што рабіла Сафія на галандскай пенсіі? Адпачывала з мужам на моры пад пальмамі! У Галандыі можа і няма суровай зімы, але ж блізкасць акіяну! Не надта камфортна! Туманы, сцюдзёныя вятры… Паехалі пад пальмы, на мора!
— Дзякуй Богу, што мяне ў 1943-м вывезлі адсюль у Нямеччыну, так бы і да сёння ела б бульбу з кацялка! – падзялілася потым ўбачаным Сафія з аўтарам гэтых радкоў.
Захацела Сафія з Хэнкам наведаць Мосар, скласці ахвяру касцёлу.
Прыехалі, зайшлі ў касцёл, як раз там і прысутнічаў ксёндз Ёзас Булька.
— Хачу скласці ахвяру! – кажа яна. … 57 гадоў не была тут! Прыехала ў Глыбокае з Галандыі. Ніводнага дня там не працавала! А пенсія ў мяне – 1300 даляраў! Муж жа працаваў, пенсія – 1800 даляраў.
— Буду чакаць зыходу з жыцця!– кажа.
Гадоў ці не 20 таму пад час прэзідэнцкіх выбараў паехалі па вёсках з агітацыйнай літаратурай. Агітавалі за Ганчарыка, таму што наш кандыдат Домаш зняўся. Былі так абураныя ўсе актывісты, але ж нас упрасілі… Прыязджаем у вёску Ластавічы, заходзім у першы ж двор…
— Ды яму даўно паміраць пара, а ён у прэзідэнты палез!—пачала раўці кабета. А побач п’яны муж, не падбіраючы словаў, аблаяў нас мацюкамі! — Мы самі ведаем за каго нам галасаваць! Убірайцеся адсюль на …!
Уяўляеце? Ганчарыку тады было – усяго 62! А яму, па меркаванні калгаснікаў, даўно трэба было труну прыкупіць і прымерыць! Вось ён беларускі менталітэт!
А дзесьці, “на загніваючым Захадзе”, выхад на пенсію – усяго толькі пераход у іншую ўзроставую катэгорыю. Час, калі можа бестурботна пажыць, пападарожнічаць, адпачыць, заняцца спортам, а мо і прыступіць да самаадукацыі, напрыклад, вывучыць англійскую мову.
Заехалі мы, неяк, гадоў 20 таму, едучы з Наваполацкай друкарні, у вёску Зябкі. Хацелі спаткацца з Юрыем П, мясцовым актывістам. Але хата была замкнутая… Насупраць у агародзе, згорбіўшыся, корпаецца нейкая жанчына… Падыходзім, пытаем: “А дзе Юрый, можа ведаеце?” – Пэўна, касіць пайшоў?– адказвае.
У нас было некалькі розных незалежных газет, у тым ліку і толькі што аддрукаванае “Вольнае Глыбокае”, рашылі падарыць жанчыне…
– Нечага тут ездзіць і газеты раздаваць! Ішлі б лепш у калгас працаваць, больш толку з вас было б!
Жанчына, як мне падалося, размаўляла на літаратурнай беларускай мове, таму запытаў: “Вы можа настаўніцай працавалі?”
– Я й цяпер працую настаўніцай, і дзецям сваім кажу: “Трэба – працаваць, працаваць і працаваць, і ягадзіну сабраць, і грыб, тады нешта мець будзеце!”
– Дык у калгасе не плацяць і 5 даляраў на дзень, а вось адна цётка з Галандыі ні дня не працавала, а пенсія ж – 1300 даляраў!— не ўстрымаўся я.
– Дык едзьце ў сваю Галандыю, раз там так добра! А мы застанёмся тут – і будзем працаваць, працаваць і працаваць!
— А Вашыя дзеці, так разумею, на трактары ў калгасе працуюць?
— Адзін — у Мінску, іншы — у Ленінградзе…
— Ну, а нас Вы гоніце ў калгас? Толькі чужыя дзеці — на Вашую думку, мусяць працаваць у калгасе! Працаваць, працаваць, і працаваць!
Прызнаюся, такіх падобных “дыскусій” потым было з дзясятак, нават да сённяшняга дня, калі прыходзілася прыгадваць прыклад вывезенай у 1943-м глыбачанкі Сафіі Кухты. І адказ заўсёды быў, як пад капірку, што не дзіўна: “Дык едзьце ж у сваю Галандыю, калі там так добра! А мы застанёмся тут!”
Звычайна, так адказвалі пенсіянеры старой савецкай загартоўкі. А вось прысутныя ў кампаніі маладзейшыя апаненты пярэчылі ім: “Гэта наша краіна! Чаму мы павінны адсюль з’язджаць? З’язджайце вы!”
Зрэшты, з’язджаюць. Колькі з’ехала з Беларусі за чвэрць стагоддзя? Называюць — мільён, але пра гэта казалі 2 гады таму. Цяпер, напэўна, і два мільёны будзе…
comments powered by HyperComments