Прагноз экспэртаў: Ад крызісу беларускую эканоміку выратуе змена ўлады

Краіне патрэбныя новыя выбары.

Мінулы 2020 год быў вельмі цяжкім для беларускай эканомікі. Але новы, 2021-ы, можа быць яшчэ больш складаны. Пра гэта «Белсату» распавялі беларускія эканамісты.

На думку экспертаў, у 2021 годзе развіццё эканомікі будуць вызначаць два асноўных сцэнары. Пры першым палітычны крызіс не будзе ўрэгуляваны, пры другім — ён будзе пераадолены. Ад гэтых сцэнарыяў будуць залежаць такія паказчыкі, як інфляцыя і курс нацыянальнай валюты, падкрэсліў аналітык даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандр Муха.

На ягоную думку, у першым сцэнары курс рубля перавысіць Br 3 за даляр. Істотны ціск на курс і золатавалютныя рэзервы будуць мець плацяжы за замежныя і ўнутраныя пазыкі, намінаваныя ў замежнай валюце. Аляксандр Муха падкрэсліў, што валавая замежная завінавачанасць рэзідэнтаў Беларусі ўжо цяпер набліжаецца да свайго гістарычнага максімуму, склаўшы на дзень 1 кастрычніка амаль $40,561 млрд. А плацяжы за асноўную завінавачанасць і адсоткі, якія запланаваны на 2021 год, складаюць $16,379 млрд.

«Відавочна, што ва ўмовах палітычнага крызісу і санкцыйнага ціску з боку заходніх дзяржаў рэфінансаваць і выплаціць гэта ў штатным рэжыме будзе надзвычай цяжка. Можа адбыцца істотны рост пратэрмінаванай замежнай запазычанасці, што не можа не хваляваць. Наступны год з эканамічнага пункту гледжання будзе адным з самых цяжкіх за апошнія дзесяцігоддзі. А з пункту гледжання выплаты замежнай запазычанасці рэзідэнтаў Беларусі наступны год будзе самым цяжкім у гісторыі Беларусі», — адзначыў аналітык BusinessForecast.by.

Акрамя таго, алею ў агонь можа падліць узмацненне адтоку замежнага капіталу з Беларусі — разам з магчымым адтокам валютных дэпазітаў з банкаўскага сектара краіны.

«Напрыклад, ёсць безадклікальныя дэпазіты, якія нельга проста так забраць, але рана ці позна ў іх заканчваюцца тэрміны. І калі палітычны крызіс не будзе ўрэгуляваны, з высокай дзеллю імавернасці можна прагназаваць далейшае выманне валютных дэпазітаў з беларускіх банкаў з усімі наступствамі», — заявіў эканаміст.

Падзенне даходаў

Аляксандр Муха таксама прагназуе, што ў 2021 годзе можа адбыцца дастаткова глыбокае падзенне даступных даходаў насельніцтва як у рэальным вылічэнні (цэны будуць расці хутчэй за даходы), так і ў даляравым. Гэта можа прывесці да ўзмацнення сацыяльнай і палітычнай незадаволенасці ў краіне.

«Беларусь паводле сярэдняга заробку істотна адстае і ад Расійскай Федэрацыі, не кажучы ўжо пра краіны Балтыі, Польшчы. Больш за тое, існуе імавернасць, што з улікам магчымай дэвальвацыі беларускага рубля да даляра ЗША ў наступным годзе паводле сярэдняга заробку нашу Беларусь можа выперадзіць і Украіна», — лічыць эканаміст.

Старшы навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Леў Львоўскі чакае ў 2021 годзе стагнацыі ў эканоміцы.

Але «калі здарыцца нейкі трыгер, і людзі зноў пачнуць актыўна здымаць дэпазіты з банкаў», можа здарыцца фінансавы крызіс, бо «дзель дрэнных актываў і крэдытаў там ужо на мяжы, і банкам востра не стае ліквіднасці». Калі працягнецца рублёвыя зацісканне крэдытаў, можа адбыцца і крызіс неплацяжоў, у выніку якога прадпрыемствы не змогуць працягваць сваю дзейнасць. Гэта пацягне ланцугом іх партнёраў і контрагентаў.

«Калі ў дадатак да гэтага здарыцца нейкі палітычны канфлікт з Расеяй, то гэта можа пацягнуць крызіс, звязаны з нашай дзяржаўнай завінавачанасцю. Калі Уладзімір Пуцін стане ў позу і пасварыцца з Аляксандрам Лукашэнкам, гэта можа паставіць рэсурсы сістэмы на грань», — мяркуе Леў Львоўскі.

Шмат негатыўнага

Агулам, на думку Львоўскага, значную ролю могуць адыграць санкцыі з боку ЗША. Экспэрт мяркуе, што яны могуць прывесці «да сур’ёзных праблем на тых ці іншых прадпрыемствах або карэктавання палітыкі рэжыму», зрабіць прадпрыемства таксічнымі.

Змена ўлады палепшыць сітуацыю ў эканоміцы

Разам з тым сітуацыя можа істотна палепшыцца, калі палітычны крызіс будзе пераадолены. У гэтым выпадку гаворка ідзе аб паўнавартаснай змены ўлады, новых выбарах і усёабдымным урэгуляванні палітычнага крызісу, мяркуе Аляксандр Муха.

У такім выпадку, на ягоную думку, «рэзідэнты Беларусі змогуць атрымаць доступ да замежных запазычанняў на досыць камфортных умовах і прайсці графік плацяжоў за вонкавую запазычанасць у штатным рэжыме». У новага ўрада Беларусі можа адкрыцца доступ да сур’ёзных рэсурсаў міжнародных фінансавых арганізацый, уключаючы МВФ. Гаворка можа ісці прынамсі аб некалькіх мільярдах даляраў. Таксама адкрыецца шлях да выпуску новых еўрааблігацый, каб падтрымаць эканоміку і рэалізацыю структурных рэформаў.

Узровень інфляцыі і дэвальвацыі ў другім сцэнары будзе прыкметна ніжэйшы ў параўнанні з першым. Істотна зменшацца інфляцыйныя і дэвальвацыйныя чаканні.

«Чым хутчэй будзе развязаны сённяшні палітычны крызіс, тым менш будзе негатыўных эфектаў для нацыянальнай эканомікі і для супольнасці Беларусі агулам», — падкрэсліў Аляксандр Муха.

БелСАТ

comments powered by HyperComments

Автор записи: Наталья Седова