“Прыязджайце, пачастую ўсіх блінамі”

На “Запаведным востраве” адзначылі Масленіцу

Такімі словамі гаспадар аграсядзібы “Запаведны востраў” Аляксандр Цвірка запрасіў нас на свята Масленіцы, якое прайшло ў суботу 9 сакавіка.

Сядзіба “Запаведны востраў” размешчаная на ўскрайку Галубіцкай пушчы, паміж двух азёр, у вельмі прыгожым маляўнічым месцы. І сваім інтэр’ерам яна арганічна ўпісваецца ў гэта месца.
Калісьці тут знаходзіўся шчытавы домік саўгаснага санаторыя, і Аляксандр тут некалькі разоў адпачываў. А потым купіў гэты будынак і зрабіў тут аграсядзібу, якая лічыцца зараз адной з лепшых у краіне. Яе гаспадар зацікавіўся беларускімі народнымі абрадамі, на яго сядзібе адбываецца святкаванні Купалля, Калядаў, Гуканне вясны, якія збіраюць усё больш зацікаўленых людзей.
На гэты раз у “Запаведны востраў” Аляксандр запрасіў фальклорны гурт “Варган” з Полацка. Пакуль чакалі гасцей са старажытнай беларускай сталіцы, на двары пякліся бліны. Для гэтага гаспадар зрабіў нават адмысловыя жалезныя печкі.
Свята пачалося на пагорку каля кастра з песні гурта “Варган”:
А ў нас сягоння масленіца, масленіца,
Прыляцела ластавіца, ластавіца,
Села-пала на калу, на калу,
Кінула масла па каму, па каму,
А хто хопіць – дык таму, дык таму
Будзе хораша ў даму, у даму.
Потым усе госці – і малодшыя, і старэйшыя – пад песні гурта вадзілі карагод вакол вогнішча. Было відаць, што ўсім гэта падабалася, усе рабілі гэта з задавальненнем.


Наступны этап свята – гушканне на арэлях. Па словах кіраўніка гурта «Варган» Вольгі Емяльянчык, гэта традыцыя характэрна для поўначы нашай краіны.
– Таксама характэрна для нашай масленіцы паўночнабеларускай гушкацца на арэлях. Была такая прыкмета, што калі моладзь гушкаецца высока, чым вышэй узлятае, то больш доўгім уродзіцца лён. Існавалі нават песні, якія спяваліся пад гушканне на арэлях.
Гэтыя песні якраз і мелі магчымасць паслухаць госці свята, бо гушкацца на арэлях, якія стаялі побач каля кастра і былі зробленыя быццам на замову, маладым дзяўчатам спадабалася.
Шмат хто лічыць Масленіцу чыста рускай традыцыяй, якая прыйшла да нас з Расіі, але гэта не так. Вядома, само яе святкаванне ў нас адрозніваецца: калі ў Расіі робіцца большы акцэнт на праводзінах зімы, то ў Беларусі і ва Украіне – на сустрэчы вясны. Ды і ў розных рэгіёнах Беларусі святкаванне адрозніваецца, раней нават у кожнай вёсцы былі нейкія свае адметнасці.
– Святкаванне Масле-ніцы, яно даволі разнастайнае для Беларусі. Безумоўна, ёсць і агульныя рысы. Так, на Масленку абавязкова пяклі бліны, ездзілі адзін да аднаго ў госці, бацькі адведвалі сваіх дачок, якіх аддалі ў мінулым годзе замуж, – тлумачыць Вольга Емяльянчык, – У Падзвінні Масленка была даволі яркім святам. Тут, у нас на Падзвінніі была свая спецыфіка. Напрыклад, у нас аб’язджалі маладых коней, а пасля ладзілі конныя спаборніцтвы, абавязкова каталіся з горак.
Вось і мы марылі тут пакатацца, бо на сядзібе цудоўная горка, але, на жаль, у гэтым годзе снегу няма, то гэтага не атрымалася.
– Дык усё ж гэта не чыста руская традыцыя, як нам, бывае, падаюць?
– Масленіца – гэта такая агульнаеўрапейская з’ява, гэта развітанне з зімой і прывітанне вясны. У шмат якіх народаў Еўропы гэта традыцыя ёсць. З карнавалам, са спажываннем бліноў, і гэта нас усіх лучыць. Але ў нас ёсць і свае адметнасці. Наша адметнасць Масленкі ў тым, што ў нас гушкаліся на арэлях, ездзілі з горак. Ёсць і лакальныя, вельмі спецыфічныя абрады. Напрыклад, на Гарадоччыне хавалі дзеда. Рабілі пудзіла дзеда, збіраліся сталыя замужнія жанчыны, галасілі па ім, пасля чаго яго ўрачыста выносілі з хаты і хавалі. А потым ладзілі гулянку. Відаць, гэта сімвалізавала смерць зімы, нараджэнне чагосьці новага.


Далей свята перамясцілася на пляцоўку бліжэй да возера, дзе і пякліся масленічныя бліны. Там прайшлі масленічныя гульні. Адна з із – «Вішанька» – можа ладзіцца і з дзецьмі. Дзяўчынку або дзяўчыну садзяць у кола, а вакол яе водзяць карагод.
А мы вішню пасадзілі,
А мы вішню пасадзілі,
А я маладзенька,
Топ-топ-топ.
Пры гэтым дзяўчынка, што знаходзіцца ў коле, паказвае сваімі рухамі тое, пра што спяваюць у карагодзе. І пад словы, што пара ўжо вішню есці, яе падымаюць на руках.


Іншая гульня – “Калодка”, якая мела ў розных мясцовасцях свае асаблівасці. Адну з іх і паказалі ўдзельнікі гурта “Варган”. Нежанатага хлопца ставяць у цэнтр круга, і вакол яго дзяўчаты водзяць карагод. Падчас гэтага яны завязваюць на яго розныя стужкі. А потым ён павінен “адкупіцца” – выканаць жаданне ўладальніцы стужкі.
А потым святкаванне перамясцілася ў альтанку, дзе ўсе маглі прыняць удзел у народных танцах. Падчас усяго свята можна было частавацца блінамі. Мы рашылі пацікавіцца ў гаспадара сядзібы, ці мае ён нейкі адмысловы рэцэпт масленічных бліноў:
– Яны кожны раз розныя, галоўнае, каб настрой быў добры, святочны. Я думаю, наша галоўная адметнасць, што гэта мы зрабілі на паветры, нават печкі для гэтага адмысловыя зрабілі. І падаём іх адразу з патэльні, з пылу-жару, як кажуць, гарачымі. Таму галоўнае, на маю думку, што яны гарачыя і на свежым паветры. Вось таму іх толькі пакладуць на талерку, а іх ужо няма.
Не выдала адмысловага сакрэту нам і іншая ўдзельніца свята. Спачатку мы падумалі, што гэта або сама гаспадыня, або гаспадар аграсядзібы запрасіў на Масленіцу адмысловага кухара. Як аказалася, і тут мы памыліліся.
– Я тут проста адпачываю, а мяне папрасілі спячы бліны. Прыпраглі, як кажуць, – адказала прыгожая жанчына, якая назвалася Ірынай. – А ніякага сакрэту я не ведаю, ды і няма яго. Галоўнае, што зроблена гэта на свежым паветры і зроблена з любоўю. Вось так і запішыце.
Такім чынам, адмысловага рэцэпта бліноў нам ніхто так і не сказаў. Але сакрэт мы ўсё ж даведаліся: трэба рабіць гэта на свежым паветры, рабіць з любоўю, мець добры настрой, весяліцца — і тады ўсё ў вас атрымаецца. Як і свята Масленіцы ў “Запаведным востраве”!

Зміцер Лупач

comments powered by HyperComments

Автор записи: natashasedova23