Пытанні аплаты працы ў бюджэтных арганізацыях вынесены на абмеркаванне ў Прэзідэнта Беларусі

Пытанні аплаты працы ў бюджэтных арганізацыях вынесены на абмеркаванне ў Прэзідэнта Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што на яго разгляд былі прадстаўлены праекты ўказа, які датычыцца пытанняў заработнай платы ў бюджэтных арганізацыях. «Размова ідзе аб паслугах арганізацый аховы здароўя і адукацыі, спартыўных і гэтак далей», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пандэмія паўплывала на шэраг галін, у тым ліку на сферу аказання паслуг. У дадзеным выпадку — на паслугі, якія аказваюць бюджэтныя арганізацыі. Прэзідэнт прывёў канкрэтны прыклад: калі раней спартыўны аб’ект аказваў насельніцтву паслугі, то цяпер яго наведвальнасць знізілася, і ўзнікаюць пытанні з выплатай заработнай платы работнікам.

Разам з тым кіраўнік дзяржавы нагадаў свой тэзіс аб тым, што нават у цяперашніх умовах усе арганізацыі павінны шукаць магчымасці захавання сваёй дзейнасці ў той ці іншай форме, як гэта, напрыклад, адбываецца ў сферы грамадскага харчавання. Тым больш, што ніхто ў свеце пакуль не ведае, калі завершыцца сітуацыя з пандэміяй і якія будуць наступствы. «Справа не ў Беларусі нават цяпер», — падкрэсліў Прэзідэнт.

«Але ёсць такія катэгорыі людзей, якія работу знайсці не могуць сёння па аб’ектыўных прычынах. Вядома, такіх людзей трэба падтрымаць», — сказаў беларускі лідар. Пры гэтым ён заўважыў, што ў выпадку прыняцця рашэння аб той ці іншай падтрымцы яна не павінна аказвацца агулам. Важна дакладна вызначыцца з катэгорыямі грамадзян і работнікаў, якія ў гэтым сапраўды маюць патрэбу.

Больш таго, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што даручаў аналізаваць і прымаць рашэнні па адпаведных пытаннях на месцах, дзе магчыма больш дэталёва і аб’ектыўна ацаніць канкрэтную сітуацыю. «Мы дамаўляліся, што губернатары, мэр Мінска ўзялі гэта на сябе», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

З улікам сказанага ён папрасіў далажыць аб тым, якія меры прапануецца рэалізаваць.

Удзельнікамі даклада ў Прэзідэнта сталі кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Валерый Бельскі, першы віцэ-прэм’ер Дзмітрый Крутой і міністр фінансаў Максім Ермаловіч.

БелТА.

comments powered by HyperComments

Автор записи: Наталья Седова