Рэдкі выпадак: адразу дзве жанчыны ўзначалілі райвыканкамы

Галіна Унуковіч стала старшынёй у Бешанковіцкім раёне, а Аляксандра Міхеенка — у Чэрыкаўскім.

Аляксандр Лукашэнка нячаста прызначае жанчын кіраваць раённай вертыкаллю. На гэты момант толькі чатыры жанчыны з’яўляюцца кіраўніцамі адміністрацыйных адзінак: Вольга Мохарава ў Добрушскім раёне, Алена Паўлечка — у Мазырскім, Вераніка Байкова — у Лоеўскім, Алена Алексіна — у Гомельскім.

Пры гэтым адзначым, што Мохарава на сёння рэкардсменка па часе знаходжання на пасадзе, яна кіруе Добрушскім раёнам аж з 2005 года.

Да 16 сакавіка жанчыны-кіраўніцы былі толькі ў Гомельскай вобласці.

Галіна Унуковіч. Фота Hlybokaje.by

Галіна Унуковіч апошнім часам з’яўлялася старшынёй раённага савета дэпутатаў у Глыбоцкім раёне. Яшчэ раней, калі раёнам кіраваў Алег Морхат, яна была ягонай намесніцай па сацыяльных пытаннях. Унуковіч прымала ўдзел у арганізацыі вядомых глыбоцкіх «Вішнёвых фэстаў». Нярэдка выступала па-беларуску, у яе цалкам прыстойная беларуская мова.

Аляксандра Міхеенка. Фота rodniva.by.

Аляксандра Міхеенка да апошняга часу была першай намесніцай старшыні Клімавіцкага райвыканкама, адказвала за эканамічныя пытанні. Яшчэ раней была начальніцай фінансавага аддзелу. Чэрыкаўскі раён мяжуе з Клімавіцкім, таму спецыфіка рэгіёну прыкладна аднолькава.

Такім чынам на сёння з 153 адміністрацыйных адзінак толькі шасцю кіруюць жанчыны.

ЗП

comments powered by HyperComments

Автор записи: Наталья Седова