Піша Уладзімір Скрабатун.
Чаму мы прапануем гэтую тэму? Проста таму, што гэта можа быць нашай будучыняй!
Мікрараёны Глыбокага па вуліцах Міра і Маладзёжная, мікрараён у раёне МКК – выглядаюць шэра, непрывабна і па калгаснаму. Тое можна сказаць і пра нашыя бліжэйшыя гарады – Шаркоўшчыну і Мёры, пра значную колькасць іншых гарадоў Беларусі.
Ці ёсць у нас, у Глыбокім, прыклады рэнавацыі “хрушчовак”? Як не дзіўна, ёсць! Згадайце, як колісь непрывабна выглядаў універмаг (цяпер ГЦ “Родны Кут”). Да Дня беларускага пісьменства былому будынку ўнівермага зрабілі рэнавацыю. Будынак цяпер нібы зіхаціць сваімі люстэркамі, у ім адбіваецца наваколле. Пасля рэнавацыі будынак набыў новае аблічча, за цэнтр горада стала не сорамна перад гасцямі з іншых гарадоў Беларусі, а таксама перад гасцямі з замежжа, якія прыязджаюць на Вішнёвы Фэст і Дударскі Рэй. Рэнавацыю ў тыя часы перажыў і 7-павярховы Дом Саветаў.
Але, гэта – прыклады рэнавацыі не жылых будынкаў, а грамадскіх і гандлёвых. Нядаўна праглядзеў відэаролік аднаго блогера з Літвы, які гадоў пяць таму пераехаў на сталае жыхарства ў гэтую краіну з Казахстану. У вольны час вандруе па Літве і здымае цудоўныя відэаролікі пра літоўскія гарады. Самы першы відэаролік пра літоўскі горад Цяльшай – Роскошный Telšiai. Литва. – проста ўразіў! Суцэльная рэнавацыя савецкіх “хрушчовак”! Усё шэрае калгаснае, савецкае – зышло ў нябыт. Горад стаў рознакаляровым, утульным, камфортным для пражывання. У цэнтры Цяльшая створана нешта накшталт “Старога Горада” (“Stare Miasto”). Горад стаў прывабным турыстычным пунктам, і па насельніцтву ён такі ж, як і Глыбокае.
Глыбокае па беларускіх мерках даволі высока цэніцца на фоне занядбаных гарадоў Усходняй Беларусі. Калі ж ацэньваць Глыбокае на фоне літоўскіх гарадоў, то наш горад на гэтым фоне адстаў, як мінімум, гадоў на 30. І гэтае адставанне, калі захаваецца гэтая ўлада калгаснікаў, будзе толькі павялічвацца, і павялічвацца… Тым больш, Глыбокае – фактычна не горад, бо няма гарсавета (магістрата), а – райцэнтр, то бок цэнтр усіх калгасаў раёна. І так ёсць з усімі гарадамі Беларусі да 100 тысяч насельніцтва.
Што мы маем сёння.




Тэма, якую сёння нам хацелася разгледзіць – Рэнавацыя старых савецкіх “хрушчовак” на тэрыторыі былой Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі.
Там пасля вываду савецкіх войскаў засталося шмат панэльных дамоў, такіх, як і ў Глыбокім, такіх, як і на тэрыторыі былога СССР. У немцаў паўстала пытанне: “Што рабіць з гэтай ўсёй савецкай спадчынай?” Знесці? Дорага! Рэнавіраваць – значна танней!
Давайце, памарым – як на гэтым фоне, гадоў праз дваццаць, ужо ў новай Беларусі, можа выглядаць у Глыбокім, напрыклад, мікрараён у раёне МКК, а таксама па вуліцах Міра і Маладзёжнай. А разам з тым – як могуць выглядаць 4-павярховікі і 5-павярховікі – у Шаркоўшчыне, Мёрах, Докшыцах, Падсвіллі…
Што мы можам мець заўтра на прыкладзе рэнавацыі “хрушчовак” у Нямеччыне.
Мы падабралі ў якасці прыкладу падобныя па колькасці паверхаў будынкі ў Нямеччыне. Так яны выглядаюць цяпер пасля рэнавацыі.






Рэнавацыя нямецкага панэльнага дома: фота працэсу
— Ужо не адзін мой пост быў прысвечаны капітальнаму рамонту панэльных дамоў у Нямеччыне, але ў гэты раз будзе менш тэксту і больш фота, каб навочна паказаць сам працэс,– піша расейскі блогер Ілля Варламаў, архітэктар па прафесіі, які займаецца тэмай урбаністыкі.
Дом, за якім я назіраў, пачалі рамантаваць позняй восенню: перш вызвалялі кватэры ад старой сантэхнікі (падаючыя з верхніх паверхаў ванны – незабыўнае гледзішча), потым змянялі трубы, а таксама перапланавалі кватэры і пад’езд, каб можна было пабудаваць шахту ліфта (накрыта сіняй тканінай). На другім фота бачныя пліты для ўцяплення сцен.


Перапланоўку кватэр можна было заўважыць і па іншым боку дома – там знеслі ўсе балконы. Дарэчы, даволі характэрна, што ўсе балконныя дзверы заблакавалі знадворку, каб ніхто з працоўных не выйшаў пакурыць на няісны балкон.


Бліжэй да вясны азначыўся новы лесвічны пралёт, а старыя шклопакеты (белыя) сталі здымаць і змяняць на новыя (шэрыя).

З першымі зялёнымі лісточкамі новыя пралёты і ліфты былі завершаны, а з іншага боку дома сталі прыбудоўваць нанова размечаныя балконы. Практычна ўсе вокны ўжо заменены на новыя.


Прагрэс на прыкладзе трох фота бакавіны дома: старая сцяна з прарэзамі пад новыя вокны, з’яўленне шклопакетаў і новае вонкавае аздабленне.



Да лета дом ўжо набыў свае новыя абрысы і выглядаў даволі прыстойна нават у рыштаваннях.

Пасля здымання рыштаванняў працы перайшлі на прыдамавую тэрыторыю: з’явіся новыя брылі, вадасцёкі і паштовыя скрыні (у Нямеччыне яны знадворку, каб можна быў пакінуць ліст не заходзячы ў пад’езд).

Напачатку восені дом быў гатовы да засялення, але яшчэ не да канца добраўпарадкаваны.

На заднім двары прыбралі агароджу, праклалі дарожку з так званай эка-пліткі і ўладкавалі дзіцячую пляцоўку. Дарэчы, звярніце ўвагу, што на задні двор можна прайсці праз агульны падвал.


Калі з галоўнага боку ўладкавалі закуткі і побач пад’ездаў, высадзілі кусты і ўсталявалі ліхтары — праца была завершана.

Вось так, роўна за год быў цалкам перароблены шасціпавярховы панэльны дом, пабудаваны яшчэ ў канцы 70-ых гадоў. За гэты час з’явіўся ліфт, новыя трубы, вокны, праводка і дзіцячая пляцоўка. Сцены былі ўцепленыя, прыдамовая тэрыторыя акультурана, а дому надалі прыемнейшы і сучасны выгляд.
І пад канец, самае важнае – за чый рахунак рамонт?
Рамонт аплацілі часткова з абласнога бюджэту, часткова за кошт самой УК Carl-Zeiss, якой прыналежаць дамы, а часткова і самі жыхары, шляхам абмежаванага законам падвышэння квартплаты, якое вылічваецца па даволі цікавай формуле: не больш за 11% ад сумы рамонту дзеленае на ўсіх жыхароў і расцягнутае на год. Гэта значыць калі рамонт дома каштаваў умоўныя 100 тысяч еўра, то жыхары аплацілі толькі 11 з іх, якія перш падзялілі на 24 (кватэры), а потым яшчэ раз на 12 (месяцаў). У выніку, 100 тысяч рамонту абыйшліся жыхарам у +38 еўра да штомесячнай арэнднай платы.
Ці варты рамонт падобных грошай, кожны вырашае сам.
comments powered by HyperComments