• Вт. Янв 25th, 2022

Рэцэпт на выхадныя: французскія калядныя пячэнькі «Сабле»

Автор:vglybokaye

Дек 4, 2021

Гэтыя пясочныя пячэнькі на сметанковым масле настолькі прыгожыя, што іх хочацца павесіць на калядную ялінку як аздобу. І з’есці іх таксама вельмі хочацца. Прапануем вам просты рэцэпт гэтай французскай каляднай радасці.

Для пячэння «Сабле» вам спатрэбіцца:

  • 115 грамаў сметанковага масла пакаёвай тэмпературы,
  • 50 грамаў цукру,
  • 25 грамаў цукровай пудры,
  • ¼ чайнай лыжкі солі,
  • ½ чайнай лыжкі молатага цынамону (ён жа карыца),
  • 1/8 чайнай лыжкі молатай гваздзікі,
  • 1 жаўток вялікага яйка пакаёвай тэмпературы (бялок пакіньце для глазуры),
  • 1 чайная лыжка экстракту ванілі,
  • цэдра аднаго сярэдняга апельсіна,
  • 150 грамаў мукі (таксама мука спатрэбіцца для раскаткі цеста)

Для глазуры:

  • 2 бялкі пакаёвай тэмпературы,
  • трошку свежага лімоннага соку,
  • 360 грамаў прасеянай цукровай пудры,
  • 1 кропля блакітнага харчавога фарбавальніка.

 

  1. Размяшайце масла з цукрам да мяккай кансістэнцыі, дадайце цынамон, гваздзіку і соль, перамяшайце. Дадайце жаўток, цэдру апельсіна і экстракт ванілі, перамешвайце, пакуль жаўток не ўбярэцца ў цеста. Дадайце муку і вымесіце цеста.
  2. Пакладзіце цеста ў пластыкавы пакет і раскатайце ў корж таўшчынёй 2,5 см. Корж схавайце ў лядоўню на адну гадзіну.
  3. Разагрэйце духоўку да 180С. Пакладзіце на бляху паперу для выпечкі і адкладзіце ўбок. Цеста дастаньце з лядоўні, дайце яму сагрэцца 15 хвілін. Калі раскатаць яго адразу, на ім з’явяцца трэшчыны.
  4. Пасыпце дошку мукой і раскатайце на ёй цеста так, каб яго таўшчыня была 5-6 мм. Раскатвайце заўсёды ў адзін бок, пракручваючы цеста патрошку па коле.
  5. Выражце фігуркі, якія вам даспадобы. Пячэнькі не будуць падымацца, таму можна шчыльна выкласці іх на паперу для выпечкі. Адпраўце іх на паперы ў лядоўню на 10 хвілін.
  6. Выпякайце 18 хвілін. Яны павінны стаць залацістымі па краях. Дастаньце бляху з духоўкі, але дайце пячэнькам яшчэ паляжаць на ёй хвілін пяць. Калі зняць іх раней, яны будуць надта мяккія.
  7. Перанясіце пячэнькі на паперы з бляхі на краткі альбо іншую паверхню, каб яны астылі да канца. Пакуль яны астываюць, прыгатуйце глазуру, узбіўшы бялкі з лімонным сокам. Узбіваць іх трэба, пакуль бялкі не згубяць жаўтаватага адцення. Затым дадайце цукровай пудры, раздзяліце 360 грамаў пудры на тры часткі і дадавайце да бялкоў па частках, узбіваючы пры гэтым сумесь. Калі глазура стане белай і густой, перастаньце ўзбіваць.
  8. Прыкладна трэць падрыхтаванай глазуры перакладзіце ў іншую міску. Дадайце туды кроплю блакітнага харчавога фарбавальніка і ўзбейце. Размалюйце пячэнькі белай і блакітнай глазурай.
  9. Дачакайцеся, пакуль глазура цалкам застыне (2-3 гадзіны), перш чым аздабляць пячэнькі рознымі ўзорамі.
comments powered by HyperComments
Scroll Up