Роберт Гірын: “Не забывайцеся на памятныя даты сваіх родных”

Эдмунд Норбертавіч Гірын

Гэтыя словы спа­дар Роберт сказаў на святкаванні шас­ці­дзесяцігоддзя сумес­нага жыцця сваіх бацькоў – Валянціны і Эдмунда Гірыных. Святкаванне юбілею, які яшчэ называецца брыльянтавым вя­селлем, адбылося ў Доме культуры ў Лужках 7 траўня.
З гэтай нагоды шматлікія родныя і сва­я­кі імяніннікаў сабраліся за святочным сталом, які быў падрыхтаваны ў зале Дома культуры. Прычым госці былі не толькі мясцовыя, і не толькі з Беларусі, а і з Канады, Эстоніі, Расіі.
На самым пачатку імпрэзы Роберт Гірын падрыхтаваў своеасаблівую святочную прэзентацыю, у якой быў паказаны радавод гэтай сям’і, а таксама яе гісторыя ад нараджэння Валянціны Баляславаўны і Эдмунда Нарбертавіча да сённяшняга дня.
А гісторыя яе вельмі цікавая. Ёсць у ёй і светлыя, і трагічныя старонкі. Яна цесна пераплеценая з гісторыяй нашай бацькаўшчыны. Усе знакавыя падзеі ХХ стагоддзя так ці інакш закранулі і гэту сям’ю. Таму цалкам справядліва будзе сказаць – вучыце спачатку гісторыю сваёй сям’і, і вы будзеце ведаць праўдзівую гісторыю сваёй краіны.
Спадар Эдмунд на­радзіўся 31 студзеня 1934 года ў невялічкай вёсцы Бартылёўка непадалёк ад Лужкоў. У 1941 годзе Саветы арыштавалі яго бацьку. Арыштавалі за тое, што быў дбайны гаспадар на сваёй зямлі. Такія новай уладзе былі непатрэбныя. Загінуў ён на “Дарозе смерці” пад Улай у чэрвені 1941-га.

Это изображение имеет пустой атрибут alt; его имя файла - IMG_9287-1024x683.jpg
Будучая жонка Валянціна нарадзілася тут, у Лужках. Дарэчы, па дакументах яна была запісаная Валерыяй. У той час у беларускіх вёсках часта жанчын з такім іменем называлі Валямі. Але новыя ўлады ўсё перараблялі на свой капыл. Так беларускія Янкі станавіліся Іванамі, Геронімы – Грыгорыямі, Флёркі – Фёдарамі, Яніны – Нінамі, Ядзі – Надзямі… Гэты спіс можна доўжыць. Некаторым проста, не пытаючыся, змянялі імёны, а часам і прозвішчы, некаторыя мянялі самі, каб быць як усе. У выніку тых пературбацый і Валерыя Карман стала Валянцінай.
У 50-х гадах і Валянціна, і Эдмунд выбралі прафесію настаўніка і сталі працаваць у вясковых школах. Валянціна Браніславаўна працавала ў Туркаўскай сярэдняй школе на той час Дзісненскага раёна, а Эдмунд Нарбертавіч настаўнічаў на Глыбоччыне: спачатку ў Квачоўскай пачатковай школе, потым – у Капыльшчынскай сямігодцы. У той час і адбылося іх знаёмства.
Было яно цікавым. Спачатку дзядзька прывёз у сваты старэйшага брата Мар’яна, але ён нечым не спадабаўся дзяўчыне. Але сват быў настойлівы, не паў духам, а ў хуткім часе прывёз у дом маладога Эдмунда. На гэты раз сваты ўдаліся, і 31 сакавіка 1959 года Валянціна і Эдмунд уступілі ў шлюб.

Это изображение имеет пустой атрибут alt; его имя файла - IMG_9255-1024x683.jpg
Як тады часта здаралася, маладыя нават не зрабілі шлюбнага здымка. Фатографаў тады было няшмат, і маладыя не сталі, як цяпер кажуць, дужа гэтым замарочвацца. Яны стварылі сям’ю, трэба было абжывацца, а не думаць пра нейкія здымкі. Як бачым, іх саюз атрымаўся вельмі моцным, бо ўжо больш за шэсць дзясяткаў гадоў яны разам, што можа быць прыкладам людзям маладзейшага веку.
У наступным годзе, 15 сакавіка, у іх нарадзіўся першы сын, якога яны назвалі Робертам.
Праз чатыры гады, у 1965 годзе, у Гірыных нарадзіўся другі сын Эдуард. Нарадзіўся ён якраз на Дзень Перамогі. Менавіта ў тым годзе адзначалася яе дваццацігоддзе, і тады савецкае кіраўніцтва ўпершыню зрабіла гэта свята выходным днём. Адбылося гэта ўжо пры Брэжневе, а да гэтага ні Сталін, ні Хрушчоў не наважваліся аб’явіць гэты дзень святочным. Яшчэ вельмі жывой і блізкай была памяць пра тыя страшныя падзеі, ды і жыло яшчэ шмат людзей, якія добра памяталі не толькі пераможны сорак пяты, але і сорак першы, і тыя гады, што яму папярэднічалі. Гэта зараз з вайны зрабілі нейкую рамантычную прагулку, а тады гэта і на думцы ні ў кога не магло быць.
Не думае так пра вайну і малодшы сын Гірыных. Ён яе ведае не з кніжак і фільмаў, а сам прайшоў праз яе. Бо ў свой час давялося яму служыць у савецкім войску ў Афганістане. Але лёс прыхільна да яго паставіўся, адслужыўшы, Эдуард Гірын шчасліва вярнуўся на радзіму. На службу яго прызвалі пасля другога курса дзяржуніверсітэта, таму адслужыўшы, ён працягнуў сваю вучобу.
Там пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Вольгай, з якой яны і ўступілі ў шлюб, яшчэ будучы студэнтамі. Пад час вучобы ў іх нарадзіўся першы сын Ігнат. Сямейныя цяжкасці не перашкодзілі ім шчасліва закончыць вучобу і стаць маладымі вучонымі. Эдуард стаў фізікам, а Вольга – хімікам. Як ветэран Афганістана Эдуард Гірын атрымаў кватэру ў Мінску, і яны разам з жонкай сталі працаваць у Акадэміі Навук.
Трэба сказаць, што сям’я Гірыных-старэйшых у свой час пераехала ў Наваполацк, там яны знайшлі і жыллё, і працу. Горад тады быў малады, ён імкліва будаваўся. Тым не менш, на сваю малую радзіму Гірыны ніколі не забываліся. Дом на Маставой, 14, дзе жылі бацькі Валянціны Браніславаўны, на доўгія гады стаў цэнтрам іх сямейнага жыцця.
У другой палове 80-х пачалася перабудова, а пасля Савецкі Саюз наогул знік з палітычнай мапы свету. Яго распад адбіўся і на лёсе сям’і Гірыных. Сын Роберт працаваў тады ў Маскве, пасля давялося паездзіць па свеце. Ён працаваў прадстаўніком расійскай фірмы спачатку ў Перу, потым у іншых краінах Паўднёвай Амерыкі. Зараз жыве ў Маскве.
Якраз у тым годзе, калі распадаўся Саюз, споўнілася 60 гадоў сумеснага жыцця бацькоў спадарыні Валянціны. Але родныя тады за ўсімі тымі падзеямі своечасова не ўспомнілі пра той юбілей, забыліся пра яго. За што ім цяпер вельмі прыкра. Таму святкаванне брыльянтавага вяселля Валянціны і Эдмунда Гірыных – своеасаблівая даніна павагі і іх бацькам.
Бацька Валянціны Гірынай, Баляслаў Міхайлавіч, памёр у 1995 годзе, пражыўшы разам са сваёй жонкай 64 гады. Так што цяперашнім юбілярам было з каго браць прыклад.
Віншуючы бацькоў з гэтай нагоды, сын Роберт нагадаў, каб ніхто з прысутных не забываўся на памятныя даты сваіх родных, бо сям’я – гэта аснова ўсяму.
Амаль дваццаць гадоў таму малодшы сын Гірыных Эдуард вырашыў змяніць краіну жыхарства, бо праца за мяжой давала больш магчымасцей. Ён пераехаў у Канаду, а менавіта ў Таронта. У 2006 годзе ён стаў грамадзянінам гэтай краіны. На прэзентацыі можна было пабачыць яго здымак са знакамітым беларускім пісьменнікам Кастусём Акулам, які таксама доўгі час жыў у гэтым горадзе. Сам Кастусь Акула памёр у Таронта напачатку 2008 года, пражыўшы ў Канадзе шэсцьдзесят гадоў свайго жыцця.

Это изображение имеет пустой атрибут alt; его имя файла - IMG_9285-1024x683.jpg
Прысутнічаў на юбілеі і малодшы брат Валянціны Юльян. У свой час ён выехаў у Эстонію, працаваў там на шахце, жыве ў Кохла-Ярве. У адрозненне ад некаторых нашых суайчыннікаў, якія засталіся там жыць, ніколькі не шкадуе па тым, што не стала Савецкага Саюза. Пятнаццаць гадоў таму Эстонія стала сябрам Еўразвязу, і гэта дае яе грамадзянам больш магчымасцей, чым тады, калі яна была ў складзе Савецкага Саюза.
Брат Юльян сказаў шмат цёплых словаў у адраз Валянціны і Эдмунда Гірыных і пажадаў ім яшчэ не адзін раз збіраць сваіх родных з нагоды сямейных урачыстасцей. Наогул, у той дзень маладыя, як іх называлі дзеці, пачулі шмат цёплых слоў і добрых пажаданняў у свой адрас. Нягледзячы на паважаны ўзрост, вочы іх па-маладому выпраменьвалі радасць і шчасце.
Свае пажаданні выказала юбілярам і Аня Гірына – жонка пляменніка Эдуарда. Эдуард – сын Мар’яна Гірына, які быў старэйшым братам Эдмунда Гірына. Адметна, што родныя браты назвалі Эдуардамі сваіх сыноў.
Спадарыня Ганна адзначыла, што хоць яна і не з’яўляецца Гірынай па нараджэнні, але яна вельмі ганарыцца, што ў свой час улілася ў гэту вылікую дружную сям’ю. «Я б назвала гэта кланам Гірыных, – сказала яна, – у добрым значэнні гэтага слова. Тут цябе заўсёды выслухаюць, зразумеюць, заўсёды прый­дуць на дапамогу”.

Это изображение имеет пустой атрибут alt; его имя файла - IMG_9252-1024x683.jpg
А спадар Гірын, звяртаючыся да гасцей, параіў ім заўсёды быць актыўнымі, цікавіцца новым, увесь час нешта вывучаць. А яшчэ ён сказаў, што да ўсяго ў жыцці трэба ставіцца спакойна: калі ў цябе радасць, то радуйся так, каб не нашкодзіць свайму здароўю, калі гора, то таксама ўспрымай гэта як можа спакойней. Бо такое наша жыццё.
Шмат яшчэ цёплых слоў пачула пара Гірыных у гэты дзень. Мы ў сваю чаргу таксама жадаем ім заўсёды заставацца такімі маладымі, як яны былі на гэтым юбілеі, і каб яшчэ не адзін раз іх вялікая дружная сям’я збіралася за святочным сталом з нагоды радасных падзей.

Зміцер Лупач, тэкст, Леанід Юрык, фота

comments powered by HyperComments

Автор записи: natashasedova23