• Сб. Фев 4th, 2023

Сем казуль і лася забілі браканьеры ў Пастаўскім раёне

Автор:vglybokaye

Ноя 30, 2022

У Пастаўскім раёне вясковец застрэліў 7 казуль і лася, шкоду, нанесеную прыродзе, ацанілі ў 36 480 рублёў.

У паляўнічых угоддзях Пастаўскага раёна працаўнікі Глыбоцкай міжраённай інспекцыі выявілі на зямлі сляды валачэння і пратэктары шын аўтамабіля. Непадалёк знайшлі месца з прыкметамі здабычы дзікай жывёлы.
Сляды аўтамабіля прывялі інспектараў да прыватнага падворка ў вёсцы Андроны. Гаспадар знаходзіўся дома і дазволіў агледзець участак.
У двары на снезе былі заўважаныя кроплі бурага колеру, якія вялі да адной з гаспадарчых пабудоў. У ёй знайшлі пяць асобін казулі еўрапейскай, частку чэрапа лася з рогамі і прыстасаванне для разроблівання жывёл (талька).
На месца была выклікана следча-аператыўная група Пастаўскага РАУС, якая сумесна з супрацоўнікамі Глыбоцскай міжраённай інспекцыі правяла агляд падворка.
У выніку ў лазні знайшлі мяса лася і яшчэ дзвюх дарослых асобін казулі. А на прыдамовай тэрыторыі выявілі яму для ўтылізацыі рэштак жывёл. У ёй былі рэшткі лася (шкура, ногі і частка галавы), а таксама рэшткі дзвюх асобін дарослых самак казулі еўрапейскай (шкура і галовы).

Высвятлілася, жывёлы былі здабытыя без належнага на тое дазволу, а да іх здабычы датычны сын гаспадара дома, які пражывае з ім.
Шкода, прычыненая навакольнаму асяроддзю, у выніку незаконнай здабычы сямі асобінаў казулі еўрапейскай і адной асобіны лася складае 1140 базавых велічынь ці 36 480 рублёў.
Следча-аператыўная група канфіскавала каля 400 кілаграмаў мяса дзічыны і дзве зарэгістраваных паляўнічых стрэльбы. У стаўленні вяскоўца, які незаконна  здабыў восем паляўнічых жывёл, узбуджана крымінальная справа па частцы 4 артыкула 282 КК, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.

Ігар Арцюх

comments powered by HyperComments
Scroll Up