• Сб. Июн 3rd, 2023

Шарабайка – шэрая казка?

Автор:vglybokaye

Мар 20, 2021

Піша краязнаўца Уладзімір Скрабатун.

Я неяк пацікавіўся, гартаючы тэлефонны даведнік Глыбоцкага раёна, якое самае распаўсюджанае прозвішча ў Глыбоцкім раёне. Аказваецца, Раманчук і Шарабайка. Раманчукі разам (горад і раён) займаюць аж чатыры калонкі даведніка. Шарабайкі — не менш! Налічыў  іх аж 80! Але гэта – па стану на 2015 год –  году выхаду даведніка, мініс год на скаданне даведніка – 2014 год атрымліваецца. На сёння гэта можа быць і ў разы больш, бо не ўсе карыстаюцца хатнімі тэлефонамі, а мабільнымі, ды й у даведнік занесены толькі  гаспадар (альбо гаспадыня) дома (кватэры), а сям’я можа быць і два чалавекі, а можа і дзесяць…

Гадоў пятнаццать таму купіў CD-дыск з амерыканскім фільмам “Мы былі салдатамі” (We Were Soldiers, 2002), у галоўнай ролі – Мэл Гібсан. Фільм – пра вайну амерыканцаў у В’етнаме… Фільм спадабаўся. Звычайна, не гляджу цітры з імёнамі акцёраў, якія зняліся ў фільме. І, напэўна, ніхто і не глядзіць. Ды й бягуць яны цяпер так хутка, што нічога не прачытаеш. Але тады яны не беглі, а павольна і доўга шлі на экране знізу ўверх. І фільм, паўтаруся, спадабаўся, і хоць скончыўся, я ўсё глядзеў…цітры. Бачу прозвішча – Szarabajka. Напісана менавіта – па-польску. Ну, думаю, нашы глыбоцкія і да Галівуда дабраліся, і, напэўна, яшчэ за “польскім часам”.

Прозвішча Шарабайка – глыбоцкае, ёсць і дзве вёскі побач з Глыбокім – Старыя і Новыя Шарабаі.

 Натуральна, знайшоў і біяграфію акцёра. Кейт Шарабайкa (ангел. Keith Szarabajka) — амерыканскі акцёр кіно і дубляжу.

Кейт Шарабайка нарадзіўся ў Оўк Парк, ЗША, у сям’і з польскімі каранямі. Навучаўся ва ўніверсітэце Чыкага і Сан-Антоніа, акцёрскаму майстэрству ў Organic Theater, Чыкага з 1972 па 1978. Сыграў у шматлікіх тэлесерыялах, у 1991 годзе выканаў галоўную ролю ў экранізацыі Стывена Кінга “Залатыя гады”. Мае двух сыноў, Калеба і Джэка. Валодае лёгка вызначаным высокім, рыпучым голасам.

 Прозвішча “Шарабайка” на польскай мове азначае “шэрая казка”.

У серыяле 1991 г. “Залатыя гады” па рамане Стывена Кінга яму прыйшлося грымавацца па 6 гадзін, каб сыграць ролю сямідзесяцігадовага прыбіральніка.

***

Першая ключавая фраза тут – нарадзіўся ў сям’і з польскімі каранямі”. Ясна, што Заходняя Беларусь была пад Польшчай, таму і — Польшча. Праўда, гэта яшчэ не факт, што бацькі Кейта Шарабайкі (ангел. Keith Szarabajka) з Глыбоччыны, ці з Заходняй Беларусі наогул.

Напішыце, хто добра валодае ангельскай мовай, яму — у сацыяльныя сеткі. Можа і праўда бацькі яго з Глыбокага, а то і са Старых, ці Новых Шарабаёў. Цікава было б ведаць!

Другая ключавая фраза – “Шарабайка” на польскай мове азначае “шэрая казка”.

Спрачацца не буду, бо сам Кейт Шарабайка лічыць так, што ён ­– “шэрая казка”. І бацькі, праўдападобна, так растлумачылі яму, бо такое прозвішча у англамоўным асяроддзі выклікае цікавасць . Што праўда, і па-беларуску можна вытлумачыць менавіта так – “шэрая байка”, то бок “шэрая казка”.

Калі, пакуль, у нас няма іншага варыянту тлумачэння прозвішча, то няхай і застаецца Шарабайка – “шэрай байкай (казкай)”.

PS. Практыка паказвае, што амаль любая назва – мае некалькі варыянтаў тлумачэння. Маю, напрыклад, комі-пермяцка–рускі слоўнік. Дык вось, назву вёскі Варганы можна вытлумачыць з гэтай мовы як “лясная сцежка”.  Потым мне падумалася, што ёсць у нашым краі прозвішча – Варган. Памятаю, служыў у ЦГВ (Чэхаславакія), у горадзе Крноў. Там на адной фабрыцы была вялікая шыльда – “Varhany”, дзе выраблялі арганы. Дык Варганы ад прозвішча Варган? Вельмі праўпадобна (як прозвішча Пятроўскі – вёска Пятроўскія). Але ёсць і яшчэ адзін музычны інструмент – варган. Гэта такі, які трымаюць ў зубах і брынькаюць пальцам. Быў ён даўней не толькі у якуцкіх шаманаў, але і ў беларусаў.

Дарэчы, у Казахстане ёсць станцыя Шарабай, і цягнік ходзіць Шарабай-Алматы. А казахская мова, як татарская і турэцкая, адносіцца да цюркскіх моў. І хто дасць гарантыю, што прозвішча Шарабайка не мае татарскіх каранёў?

comments powered by HyperComments
Scroll Up