• Вт. Апр 13th, 2021

Што змяняецца ў Беларусі з 1 сакавіка?

Автор:vglybokaye

Фев 28, 2021

Многія змены паўплываюць на кашалькі беларусаў.

Naviny.by сабралі асноўныя змены, якія пачынаюць дзейнічаць з 1 сакавіка 2021 года.

Уваходзіць у дзеянне новы КоАП

З 1 сакавіка ў Беларусі пачнуць дзейнічаць папраўкі ў КоАП.

Новаўвядзенні закрануць жыццё ўсіх беларусаў. Пры гэтым зменіцца не толькі сістэма штрафаў і іх сумы, але і самі прынцыпы адміністрацыйнай адказнасці.

Так, у новым КоАП усе парушэнні падзеленыя на тры групы «у залежнасці ад характару і ступені грамадскай шкоднасці».

Гэта адміністрацыйныя правіны, значныя і грубыя адміністрацыйныя парушэнні.

Таксама з 1 сакавіка пачне прымяняцца новы для незалежнай Беларусі від адміністрацыйнага спагнання – грамадскія працы.

Акрамя таго, важныя новаўвядзенні з’явіліся і ў частцы КоАП прысвечанай аўтакіраванню.

Вырасце кошт цыгарэт

Кошт цыгарэт вырасце на 3-10 капеек.

Так, некаторыя віды цыгарэт «Карона», «Форт» і Monte Carlo падаражэюць на 3-5 капеек, Camel – на 5-10 капеек.

На 10 капеек вырасце кошт асобных гатункаў Dunhill, L&M, Marlboro, Parliament, Sobranie, Vogue і Winston.

З пачатку новага месяца ў продажы з’явяцца новыя маркі цыгарэт. Гэта Rothmans Mix 3 in 1 (па 2,5 рубля за пачак) і Marlboro Vista Summer Fusion (па 3,4 рубля за пачак).

Усе кошты цыгарэт з 1 сакавіка можна даведацца ў спецыяльным раздзеле на сайце МПЗ.

Змяняецца праца транспарту ў Мiнску

З 1 сакавіка адбудуцца дзве змены ў працы сталічнага пасажырскага транспарту.

Пра гэта паведамляе ДП «Сталічны транспарт і сувязь».

Па-першае, тралейбусны маршрут №52 «ДС Малінаўка-4 – ДС Кунцаўшчына» падаўжаецца ў мікрараён Каменная горка да разваротнага кола «Люцынская».

Змяняецца траса маршруту з рухам ад ДС «Малінаўка-4» па вул. Слабадская, Рафіева, Гарэцкага, Лабанкі, Кунцаўшчына, Казіміраўка, Нёманская, Налібоцкая, Каменнагорская ў абодвух напрамках з прысваеннем маршруту наймення №52 «ДС Малінаўка-4 – Люцынская».

Па-другое, па будных днях арганізуецца работа тралейбуснага маршруту №56 «ДС Серабранка – Дражня».

Тралейбус ідзе па вул. Малініна, пр. Ракасоўскага, вул. Пляханава, Даўгабродскай, Ваўпшасава, Солтыса ў абодвух напрамках.

Адначасова адмяняецца праца тралейбуснага маршруту №35Д і аўтобуснага маршруту №56.

У той жа час на новым тралейбусным маршруце №56 будзе паменшаны інтэрвал руху ў гадзіны «розруху» (у параўнанні са скасаваным аўтобусным маршрутам №56).

Пасажыры, якія набылі праязныя дакументы або адзіныя праязныя дакументы на пэўны перыяд часу (без ліміту паездак), у складзе якіх адзін з відаў транспарту аўтобус, маюць права на праезд без дадатковай аплаты ў тралейбусах маршруту №56 да 31 сакавіка.

На новыя могілкі «Лясныя» пачынаюць хадзіць аўтобусы

З 1 сакавіка на новыя могілкі «Лясныя» ў Менску пачнуць выдаваць двухмесныя ўчасткі для пахавання памерлых. Пра гэта паведамляецца на сайце «Спецкамбінат КБА».

З гэтай жа даты сюды пачне хадзіць грамадскі транспарт.

Акрамя таго, вясной 2021 года ў «Лясным» стануць выдаваць таксама трох-і чатырохмясцовыя ўчасткі для пахаванняў, месцы ў калумбарыі і газонныя пахаванні.

Беларусам дазволена лятаць у Грузію

З 1 сакавіка грамадзяне Беларусі змогуць наведваць Грузію, калі яны маюць адмоўны вынік ПЦР-тэсту на каранавірус.

Такая ж магчымасць з’явіцца ў жыхароў Арменіі, Азербайджана, Расеі, Украіны, Казахстана і Расеі.

Трапіць у Грузію пакуль можна толькі з дапамогай авіязносін – наземныя межы застануцца закрытымі.

Нагадаем, Грузія знаходзіцца ў пераліку краін, па прыбыцці з якіх беларусы павінны сысці на самаізаляцыю на 10 дзён.

Уводзіцца забарона на лоўлю шчупака

Лавіць шчупака забараняецца з 1 сакавіка ў большасці рэгіёнаў Беларусі. Выключэнне складае Віцебская вобласць – тут абмежаванне пачне дзейнічаць з 9 сакавіка.

Ахоўныя захады звязаны з пачаткам нерасту ў гэтай рыбы.

«Шчука ідзе на нераст раней за іншых рыб, бо не такая патрабавальная да прагрэву вады, а часам нерастуе нават пад лёдам», – паведамілі ў Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.

Браканьеры будуць пакараныя вялікімі штрафамі.

Так, за кожнага шчупака, які здабыты незаконна, спаганяецца шкода ў трайным памеры – па 9 базавых велічынь, або 261 рубель.

Акрамя таго, парушальнікам пагражае штраф паводле артыкула 16.25 новага КоАП – да 30 базавых велічынь, або 870 рублёў.

Дзяржінспекцыя прыводзіць у якасці прыкладу затрыманне шасцярых парушальнікаў на вадаёме каля вёскі Слабада Добрушскага раёна Гомельскай вобласці. Кошт шкоды, які яны нанеслі, перавысіў тры тысячы рублёў.

Але самае галоўнае, што акрамя адміністрацыйкі ў нашай краіне браканьераў могуць прыцягнуць яшчэ і да крымінальнай адказнасці.

Забарона на лоўлю шчупака будзе дзейнічаць у краіне да 15 красавіка, у Віцебскай вобласці – да 25 красавіка.

Naviny.by 

comments powered by HyperComments
Scroll Up